"Репортёр выходит в свет". Какой язык вы считаете родным?

15:00 / 22.02.2014

Дакладных даных аб колькасці моў у свеце не існуе. Некаторыя лінгвісты лічаць, што іх налічваецца каля 3 тысяч, іншыя схіляюцца да большай лічбы. Калі верыць паданню, моўная разнастайнасць абавязана ўсім вядомай Вавілонскай вежы. З тых далёкіх часоў людзі перасталі разумець адзін аднаго, але дзякуючы гэтаму кожны народ пачаў гаварыць па-свойму.
Напярэдадні 21 лютага (у гэты дзень адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы) мы вырашылі пацікавіцца ў астраўчан і жыхароў раёна, якую мову яны лічаць роднай і тым самым правесці своеасаблівы эксперымент: падлічыць, колькі чалавек адкажа па-беларуску.


Агата Субаткевіч, вучаніца 10 “Б” класа СШ №1 г.Астравец:
– Як адказваць: па-руску або па беларуску? (пытаецца па-руску, але адказвае па-беларуску – А.Г.) Беларуская мова павінна быць роднай для кожнага чалавека, які нарадзіўся на гэтай зямлі. Чамусьці людзі саромеюцца на ёй размаўляць у паўсядзённым жыцці. Я, як і многія, таксама размаўляю па-руску, але на ўроках беларускай мовы і літаратуры, а таксама калі прыязджаю да бабулі, пераходжу на беларускую.

Яніна Эдвардаўна Субель, пенсіянерка, жыхарка в.Альгіняны:
– А хто яго ведае, якая мова родная? То літоўская, то беларуская. Нарадзілася ў Рымдзюнах, а замуж пайшла ў Альгіняны. Мае дзеці размаўляюць так, як і ўсе, і па-руску разумеюць. А дачка ведае яшчэ і літоўскую мову.

Віктар Вікенцьевіч Гардынец, СВК “Варняны”:
– Хоць нарадзіўся я ў Беларусі, але размаўляю па-руску. І нават не таму, што некаторы час жыў у Казахстане, а таму, што так бацькі навучылі. У маёй сям’і і дзеці, і жонка таксама аддаюць перавагу рускай мове.

Раман Канстанцінавіч Назарышын, працуе ў Расіі:
– Родам я з Украіны. На радзіме жонкі, у Беларусі, жыву сёмы год. Пагэтаму магу сказаць, што зараз мне бліжэй руская мова. Сын, які вучыцца трэцім класе, размаўляе на “ламанай” – сумесі расійскай, беларускай і ўкраінскай моў. Мы з жонкай – таксама. Не магу толькі прывыкнуць да таго, як гавораць тут людзі старэйшага пакалення.

Астраўчанка, пажадала застацца інкогніта:
– Для мяне роднай мовай з’яўляецца толькі беларуская. У свой час я сына нават аддала ў беларускамоўны садок. Мне падабаецца, калі людзі размаўляюць на чыстай роднай мове. Чаму сама не абіраю гэтую мову ў звычайным жыцці? Забылася ўжо, ды і ў горадзе людзі між сабой стасуюцца па-руску ці на своеасаблівым “астравецкім” дыялекце.

Сняжана Аляксандраўна Нядвецкая, СВК “Варняны”:
– Зараз большасць беларусаў аддаюць перавагу рускай мове або “трасянцы”. Я нарадзілася ў Расіі, але ў двухгадовым узросце разам з бацькамі вярнулася на іх радзіму – у Астравецкі раён. Дзесяць гадоў пражыла ў Мінску, пагэтаму зараз размаўляю па-руску. В вось мае дзеці на “трасянцы” балбочуць, і я таксама часам пераходжу на яе (Усміхаецца) Аднак я задаволена тым, што яны наведваюць сельскую школу, дзе ўсе прадметы выкладаюцца па-беларуску.

Іван Іванавіч Рэвака, часова беспрацоўны:
– Да беларускасці я прыйшоў не адразу. У садку была руская мова, школе – таксама. Толькі трэцяга класа мы пачалі вучыць беларускую. У 8 класе з намі пачалі вучыцца дзеці з вясковых школ. І я задумаўся: чаму мы размаўляем так, а яны – па-іншаму? Чаму ў нас “существительное” і “числительное”, а ў іх “назоўнік” і “лічэбнік”?
А канчатковае, так бы мовіць, навяртанне да роднай мовы адбылося ў войску. Я служыў на Вугоршчыне. З 500 чалавек разам са мной было толькі трое беларусаў. Як і ўсе, я пісаў дадому лісты. Аднойчы да мяне падышоў украінец і запытаў, чаму я пішу па-руску – я ж беларус?! І тады свайму аднакласніку я паслаў “беларускі” ліст. Неўзабаве атрымаў адказ ад сябра, які прызнаваўся, што пісаць па-беларуску так, як я, не ўмее.

Большасць людзей лічыць беларускую мову роднай, але ў штодзённым жыцці яны часцей аддаюць перавагу рускай. З шасці апытаных тры чалавекі адказвалі на пытанне па-беларуску, астравецкі “ўкраінец” на “ламанай” мове.
Магчыма, трэба часцей звяртацца да людзей на матчынай мове, каб пачуць у адказ знаёмыя з дзяцінства “Дзякуй” і “Да пабачэння”?


——————————————————–
Моўныя пытанні разам з астраўчанамі разбірала Алена ГАНУЛІЧ.