Дмитрий Юцкевич вернулся на родной ринг

11:43 / 03.04.2017
1

yuckevich_dmitrij.jpgПра яго можна сказаць: “Дзе нарадзіўся – там і спатрэбіўся”. Малады, ініцыятыўны і актыўны, у вачах якога свеціцца несхаванае і шчырае жаданне – працаваць, удасканальвацца, развівацца. А яшчэ – ён усмешлівы, прыветлівы і адкрыты. Упэўнена, хто хоць аднойчы сустракаўся з маладым трэнерам па боксе Астравецкай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы Дзмітрыем Юцкевічам, дакладна зменіць свае адносіны да гэтага віду спорту – і толькі ў лепшы бок.

Святая святых прыхільнікаў штодзённых трэніровак, здаровага ладу жыцця і выступленняў на рынгу – пакой астравецкіх трэнераў па боксе. Невялікае памяшканне, дзе на паліцах стаяць дыпломы і кубкі, ляжаць медалі, акуратна раскладзены баксёрскія пальчаткі. Сцены трэнерскай упрыгожваюць фатаграфіі выхаванцаў секцыі розных гадоў выпуску, тут жа месцяцца маляўнічыя плакаты з разнастайных турніраў. Неад’емным атрыбутам у агульную карціну інтэр’ера цудоўна ўпісваюцца творчае дапаўненне – партрэт Уладзіміра Высоцкага і гітара. Менавіта ў гэтым месцы праходзіла інтэрв’ю з Дзмітрыем Юцкевічам.

Рыхтуючыся задаваць пытанні, заўважаю на стале расстаўленыя на дошцы шахматы. Перахапіўшы позірк, малады трэнер тлумачыць:

– Ды гэта мы з малышамі іграем перад трэніроўкамі.

– Дык можа ў вас паралельна дзейнічае яшчэ і секцыя па шахматах?

– Тады сюды можна дадаць яшчэ літаратурны гурток і ўрокі музыкі. (Усміхаецца) Ды не! Проста ў нас так заведзена: у вольную хвіліну сыграць партыю ў шахматы ці шашкі – стымулюе работу звілін і развівае логіку. А яшчэ стараемся раіць выхаванцам чытаць класіку – яны прыходзяць на трэніроўку і расказваюць, што зразумелі, а што – не. Так фарміруецца ўменне выказваць сваё меркаванне. Ну і, вядома ж, не абыходзіцца без музыкі: Аляксей Зянонавіч іграе на гітары і мы разам развучваем песні пра баксёраў, і не толькі. Дарэчы, пра шахматы і чытанне кніг таксама Маргуж прыдумаў – калі я пачынаў трэніравацца, таксама прайшоў праз гэтыя “навукі”. У той час, шчыра кажучы, не вельмі хацелася чытаць. А зараз разумею, што гэта былі цудоўныя ўрокі жыцця.

– Ці складана працаваць побач з былым настаўнікам?

– Ніколькі! Наадварот, з Аляксеем Зянонавічам працаваць класна. Калі патрэбна, ён параіць, накіруе, дапаможа. А яшчэ ў нас не бывае былых настаўнікаў – А.З. Маргуж і зараз з’яўляецца маім трэнерам і старшым таварышам.

– А як жа юнацкі максімалізм, жаданне самастойнасці і імкненне вучыцца толькі на сваіх памылках – няўжо не хочацца вырвацца з-пад апякунскага крыла?

– Мае трэнерскія свабоду і самастойнасць ніхто не ўшчамляе. У трэніроўкі маіх выхаванцаў Аляксей Зянонавіч ніколі не ўмешваецца. Падкажа, параіць, але не ўмешваецца. Ды я сам нярэдка звяртаюся да яго за парадай. Наадварот, лічу, што мне пашанцавала: вельмі добра, калі ёсць старэйшы таварыш, які заўсёды падтрымае.

– А вам падабаецца быць трэнерам?

Вельмі! Мне падабаецца дзяліцца з выхаванцамі тым, што ведаю і ўмею; паказваць, як трэба трымацца на рынгу; прывіваць любоў да бокса і вучыць правільна расстаўляць прыярытэты не толькі ў спорце, але і ў жыцці.

Хочацца прадухіліць іх ад памылак і навучыць таму, што ў свой час не змог зрабіць сам. Бокс вучыць абараняцца і кантраляваць негатыўныя  эмоцыі, а не бойцы, як думаюць многія і памыляюцца.

У мяне займаецца 45 чалавек. І ўжо зараз бачу, што прыкладна 15 з іх адчулі смак бокса і будуць трэніравацца далей. Гэта нармальны працэс, калі з першапачатковай колькасці ў выніку застаецца прыкладна трэцяя частка. Я і сам прайшоў некалькі стадый: “хачу хадзіць на трэніроўкі”, “надакучыла”, “бокс – гэта крута!”

– А вось пра гэта раскажыце больш падрабязна.

– У школе я хадзіў на лёгкую атлетыку, спрабаваў займацца каратэ, а ў 5-м класе прыйшоў запісвацца ў секцыю па боксе. Пайшоў не з кімсьці за кампанію, а адзін, ведаў толькі, што там Дзіма Лабэцкі займаецца – мы з ім у дзіцячы садок разам хадзілі.

На боксе мне вельмі спадабалася. Галоўную ролю тут сыграў А.З. Маргуж: ён адносіўся да нас не проста як да выхаванцаў, а як да сваіх дзяцей, і ў той жа час размаўляў з намі, як з роўнымі – з павагай і разуменнем. А яшчэ ён вельмі цікава праводзіў трэніроўкі.

Праўда праз два гады наступіў пераломны момант, калі я хацеў закінуць бокс. Аднак трэнер пагаварыў, прывёў важкія довады і расставіў усе кропкі над “і” – я вярнуўся. І хутка перамог на вобласці – пасля гэтага непатрэбныя думкі больш не прыходзілі ў галаву.

– Як праводзіце свой вольны час і чым захапляецеся?

– Працягваю трэніравацца і выступаць на спаборніцтвах. Люблю сустракацца з сябрамі, слухаць добрую музыку, адпачываць на прыродзе. Вельмі падабаецца падарожнічаць: у Беларусі быў у многіх мясцінах, спадзяюся калі-небудзь пабываць у розных краінах за мяжой.

– Што ў далейшых планах?

– Хачу атрымаць вышэйшую адукацыю. Буду старацца і далей удзельнічаць у турнірах. Мне падабаецца трэнерская работа, таму пастараюся ўдасканальвацца ў гэтым накірунку. Ну і, вядома ж, вельмі хочацца падрыхтаваць будучых чэмпіёнаў!

Марына МАЦКЕВІЧ

Текст: