Урожай определяют люди

15:00 / 10.08.2014


Падобна, яшчэ ў самым пачатку ўборкі жалезныя “рукі” шматлікіх камбайнавых шнэкаў захапілі сонца ў палон і надзейна трымаюць – чым іншым можна патлумачыць нязвыклую жняярскую ўдачу з надвор’ем?! Спякотна – ніхто не спрачаецца, затое золата ніў не пацямнела – ззяе найвышэйшай хлебнай пробай. Так што і ў самага капрызлівага хлебапрыёмшчыка няма прэтэнзій да колернасці збожжа. А тэмпы! Жніво не дакацілася яшчэ і да канца першай дэкады свайго, жыццём прадвызначанага месяца – а больш за 60 працэнтаў збожжа вых і зернебабовых ужо абмалочаны! Амаль па тысячы гектараў у дзень!
Вось гэта ўборка…






Хаця людзі ўжо парадкам прытаміліся.
– Няхай бы раз у тыдзень дождж усё ж праходзіў – даваў бы нам перадышку, – гаворыць Леанід Іванавіч Бернюкевіч, вадзіцель СВК “Міхалішкі”, які працуе на адвозцы збожжа ад камбайнаў.
– У апошнія дзве ночы росы практычна не выпадалі, – развівае тэму галоўны аграном гаспадаркі Алег Чаплінскі. – Таму камбайны пайшлі з поля а палове на другой гадзіны… Пасля гэтага трэба яшчэ зазірнуць на сушылкі… Словам, за двое сутак мне ўдалося паспаць не больш чым пяць гадзін. Цяжкавата. Тым больш на такой спёцы…



Цяжкавата... Затое па сёлетняй збажыне камбайны ідуць на непрывычна высокай скорасці, і пры гэтым, як кажуць камбайнеры, “не сыплецца” – сухое зерне вымалочваецца з коласу на “раз” і, акуратна “развітаўшыся” з саломай, трапляе ў бункер.
Нагрузка на ўмоўны камбайн у СВК “Міхалішкі” складае 230 гектараў збожжавых і зернебабовых культур – задача цалкам вырашальная. Ураджайнасць – 42,2 цэнтнера з гектара. І гэта, адзначым, не прывычная сырая “бункерная” маса, вага якой падчас далейшай дасушкі прыкметна зніжаецца, а сухое зерне, большай частцы якога нават не патрэбна дадатковая дасушка. Так, да прыкладу, вільготнасць міхалішкаўскай пшаніцы на полі складае 12 працэнтаў – у той час як пры абумоўленых патрабаваннямі дзяржстандарту 14-ці працэнтах яе ўжо можна засыпаць у засекі.



Пшаніца ў “Міхалішках” наогул атрымалася – хоць на ВДНГ! У сярэднім з кожнага гектара намалочваюць па 57 цэнтнераў – лепшы вынік у раёне!
– Сёлета мы вытрымалі ўсе галоўныя аспекты тэхналогіі яе вырошчвання, – яшчэ напярэдадні ўборкі расказваў намеснік старшыні СВК “Міхалішкі” па раслінаводстве Андрэй Іосіфавіч Ствол. – Мінеральныя падкормкі праводзіліся дробным спосабам, уся наяўная плошча пшаніцы была апрацавана гербіцыдамі і фунгіцыдамі супраць ліставых хвароб. Вось толькі на лёгкіх, няўстойлівых да засухі глебах само па сабе гэта не гарантавала канчатковы поспех. Але надвор’е падтрымала нашы высілкі – ураджай атрымаўся. Хаця канчатковыя кропкі над “і” расставім пасля таго, як апошняя тона патрапіць на зернесклад гаспадаркі…
Рэкордным для СВК “Міхалішкі” вырас і рапс. Шкада, што пасля няўдалай зімоўкі амаль палову яго плошчы давялося перасяваць. Але кожны з застаўшыхся 212 гектараў даў у сярэднім па 31,3 цэнтнера. Так што і пасля выканання дзяржзаказу ў рапсавых засеках яшчэ поўна.



План продажу дзяржаве піваварнага ячменю гаспадарка выканала на 130 працэнтаў, паставіўшы на хлебапрыёмны пункт 520 тон якаснага (абавязкова залацістага колеру!) зерня.
Кожны гектар ячменнага поля дае ў сярэднім па 44,5 цэнтнера. У параўнанні з адпаведнай датай мінулага года гэта вышэй амаль на 7 цэнтнераў. Але на фоне іншых гаспадарак раёна гэта – апошні вынік.
– Пакуль, можа, і апошні, – парыруе Алег Чаплінскі. – Але канчатковы будзем падводзіць пасля завяршэння ўборкі.



– Значыць, існуюць пэўныя недапрацоўкі, – лічыць Андрэй Іосіфавіч Ствол. – Зрэшты, яны заўсёды ёсць у кожнага агранома. Калі б нашы магчымасці супадалі з патрэбамі! Да прыкладу, у забяспечанасці мінеральнымі ўгнаеннямі…
Прыемны сюрпрыз прынесла міхалішкаўцам сёлетняе жыта: адзін яго ўчастак выдаў “на-гара” ажно па 56,7 цэнтнера з гектара! Хаця яго сярэдняя ўраджайнасць – у рамках сярэднераённай: 30,1 цэнтнера з гектара. Толькі ў суседзяў – гервятцаў яно ўрадзіла на 46,3 – рэшта гаспадарак недалёка адышлі ад  трыццаціцэнтнеравай адзнакі.



Вынікі ўборкі прынята падводзіць па тонах. А мне б хацелася – па людзях. Па іх счарнелых ад пылу і поту тварах. Па ўсмешках, за якімі хаваецца стома. Па гатоўнасці працаваць да “пакуль няма расы”. Па той невымернай павазе, якую селянін спрадвеку выказвае карміліцы-ніве…




----------------------------------------
Тэкст і фота Ганны ЧАКУР.