"ПСИХОЛОГиЯ". На обмане отношений не построишь

13:00 / 24.05.2013
1
Не так даўно я пачала сустракацца з маладым чалавекам. Ён уважлівы, разумны, добры, сімпатычны, не мае дрэнных звычак, займаецца спортам. Карацей, ніякіх хібаў. І калі спачатку ён мне вельмі падабаўся, то зараз, калі мы пачалі сустракацца і я адчуваю яго вялікую прыхільнасць да мяне – гэта знікла. Мяне крыху напружваюць сустрэчы, на якія я вымушана хадзіць, тэлефонныя размовы часам выклікаюць раздражненне, а калі бачу, што прыйшло чарговае смс, то гэта не выклікае прыемных эмоцый. На ўсе пяшчотныя словы я адмоўчваюся, а ён заўважае, напэўна. Але справа ў тым, што я не магу сказаць «Давай застанемся сябрамі», як некалі іншым. Адчуваю, што патрэбная яму. У яго быў нялёгкі перыяд у жыцці, і я яму дапамагла – сваёй прысутнасцю, падтрымкай. І зараз мне няёмка сказаць, што не хачу з ім сустракацца.
Увогуле, гэта не ўпершыню. З юнакамі заўсёды так атрымліваецца: як толькі разумею, што хлопец прывязаўся да мяне, закахаўся – ужо не тое. Баюся, што я заўсёды буду адна і ў рэшце рэшт застануся ля разбітага карыта, як у той казцы. Парайце хоць якое выйсце.

Загадзя ўдзячная Аляксандра П.


На жаль, Аляксандра не напісала свайго ўзросту і колькі часу сустракаецца з маладым чалавекам.
Праблема стасункаў заўсёды выклікае мноства непаразуменняў. Кожны можа задаць сабе адно пытанне: “Што для мяне важней: кахаць ці быць каханым?”. Калі адказам будзе “быць каханым” – спакойна можаце адносіць сябе да 80% людзей зямнога шару, бо толькі для 20% галоўнае – кахаць.
Перажыванні Аляксандры наконт таго, што яна застанецца адна, мне здаюцца надуманымі. А раздражненне, якое адчувае дзяўчына, калі разумее, што юнак закахаўся, можа патлумачыць тым, што ёй робіцца нецікава і яшчэ не прыйшоў час кахання для Аляксандры. Мы любім людзей не за тое, што яны заганныя ці ідэальныя, а за тое, што яны ёсць у нашым жыцці менавіта са сваімі “пярчынкамі”.
Аляксандра, вас ніхто не прымушае хадзіць на спатканні, размаўляць па тэлефоне – вы сама гаспадыня свайго лёсу. І мне здаецца, што будзе большай подласцю падманваць хлопца і дэманстраваць тыя эмоцыі, якія вы не адчуваеце. Ніводзін юнак не хацеў бы бачыць побач з сабой дзяўчыну, якая сустракаецца з ім з жалю – гэтак жа, напэўна, як і вы самі.
Як варыянт: прапануйце яму нейкі час не сустракацца, не тэлефанаваць адзін аднаму – і праверыць, як вы самі і ён вытрымаеце гэтую разлуку?
Магчыма, і ён не так прывязны да вас, як вам ці нават яму здаецца. А можа, і ў вас гэтае “непрыняцце” юнака – часовая, надуманая з’ява, справакаваная вашымі занадта частымі стасункамі. Паспрабуйце адпачыць адзін ад аднаго, і потым вырашыць, калі вам было лепш: разам ці паасобку? А ўжо потым прыміце канчатковае рашэнне.
Аляксандра, у любым выпадку вам трэба сумленна пра ўсё расказаць свайму хлопцу, бо ні на якім падмане трывалых адносін не пабудуеш. Калі ён сапраўды да вас добра адносіцца, то ўсё зразумее, вось убачыце.


Фота з сайта semya.nso.ru.