Служаць два браты Аляксандр і Арцём Бугаі

09:00 / 23.02.2012

На дзяржаўныя святы – Дзень Перамогі і Дзень Незалежнасці – яны стаяць у каравуле каля помніка савецкіх воінаў і партызанаў у Астраўцы. Немагчыма не звярнуць на іх увагу. Ваенная выпраўка, сур’ёзны погляд, вытрымка, стойкасць, самадысцыпліна.
Знаёмцеся – гэта ваеннаслужачыя аддзела пагранічнай службы “Гудагай” Саша і Арцём Бугаі.




Усё пачынаецца з сям’і

Больш за трыццаць гадоў назад маладая прыгажуня казашка Вольга сустрэла беларуса Валерыя, які прыехаў у Казахстан на цаліну. Маладыя пакахалі адзін аднаго з першага погляду і вырашылі пажаніцца. Працягам іх кахання стаў сын-першынец. Хлопчыка назвалі, як і дзядулю, Сашам. Але не грэла беларуса чужая зямля, цягнула на радзіму. І Вольга, як нітка за іголкай, паехала за мужам у Беларусь.
Калі Сашу споўнілася 6 гадоў, у сям’і нарадзіўся яшчэ адзін сын – Арцём. Праўда, тата на той час вырашыў “пашукаць лёгкага хлеба”, і маці засталася з двума сынамі на руках. Адна… У чужой краіне, без родных… Самымі блізкімі тады аказаліся суседзі.
– Тое, што бацька пакінуў сям’ю, у дзяцінстве я, напэўна, не зусім разумеў. Прынамсі, не адчуваў, што мне яго не хапае. Побач заўсёды была мама, якая поўнасцю прысвяціла сваё жыццё мне і Арцёму, – гаворыць Саша. – Разуменне, што бацькі ўсё ж не хапае, прыйшло пазней, калі падрос, пайшоў вучыцца… А маме неабходна было адной трымаць на сабе ўсю сям’ю. Цяпер я разумею, што ёй было складана. Але мы ніколі не чулі ад яе нараканняў на лёс. А яшчэ нам дапамагала бабуля, маміна маці, якая жыла ў Казахстане. Кожнае лета мы ездзілі да яе ў госці – і гэта быў самы шчаслівы час.
Каб дапамагчы дачцэ, бабуля, калі Арцёму споўнілася два гады, забрала хлопчыка да сябе ў Казахстан. Там ён і жыў, пакуль не прыйшла пара ісці ў школу.
– Для мяне бацькам спачатку быў мой дзед Саша з Казахстана. А потым, калі бабуля прывезла мяне назад, у Гудагай, ім стаў брат. Вельмі добры выхавальнік, – успамінае Арцём і ўсміхаецца.
– Канешне, хапала ўсялякага, але з большага мы дамаўляліся і не сварыліся, – дадае Саша. – Мама таксама нас выхоўвала ў строгасці. За правіны – атрымлівалі пакаранне, але не рамянём. Часцей за ўсё яе погляду хапала, каб мы зразумелі, што так рабіць нельга.
І канешне, як і ў большасці дзяцей, любімай гульнёй хлопцаў была “вайнушка”, ці гульня “ў рускіх і немцаў”. Як правіла, “немцам” ніхто быць не хацеў – тады дапамагалі лічылкі. Але нават у такім выпадку “немцы” паддаваліся і заўсёды прайгравалі. Былі ў хлопцаў дома і танкі, і ўсялякія пісталецікі … Гэта, напэўна, і падштурхнула іх да выбару прафесіі.







Сашаў шлях да мары

Спачатку выбар давялося рабіць старэйшаму. Саша вырашыў: буду ваенным. У 11 класе прайшоў камісію, але… Нешта хлопца ўсё ж спыніла. І ён падаў дакументы ў Мінскі тэхнікум Белкаапсаюза.
“Калі ты сапраўды хочаш стаць ваенным, то станеш ім”, – сказала тады яму маці. Як напрарочыла…
Саша закончыў тэхнікум, і амаль адразу ж быў прызваны ў армію. Дванаццаты полк сувязі ў Нясвіжы, падрыхтоўка малодшых спецыялістаў камандна-штабных машын, потым узвод сувязі ў Гродна – і звальненне. Паўтара гады праляцелі, як некалькі месяцаў. У Гудагаі хлопца чакалі мама з братам і бабуля. А яшчэ работа – пасля арміі Саша ўладкаваўся ў нарыхтоўчую кантору. Але думкі пра ваенную службу не адпускалі. Тым больш, што родныя таксама падтрымлівалі: “Калі табе хочацца, паспрабуй. Пагранкамендатура ж побач – у Астраўцы”. Саша сабраўся з духам…






Праз тры месяцы яго прызвалі на кантрактную службу ў пагранічныя войскі. Здаецца, мара здзейснілася – цяпер Саша ваеннаслужачы вузла сувязі аддзела пагранічнай службы “Гудагай”.
А яшчэ праз некалькі месяцаў ён крута змяніў сваё жыццё – ажаніўся. З Аксанай яны маглі сустрэцца ў школе. Але не сустрэліся. Пазнаёміліся, калі Саша вярнуўся з арміі. Пасля вяселля маладыя сталі жыць у бацькоў. Потым Аксане, якая працавала бухгалтарам у сельскагаспадарчым кааператыве, праўленне выдзеліла дом. З’явілася сямейнае гняздзечка, утульнае, спакойнае і любімае асяроддзе, у якім падрастаюць два хлопчыкі – Кірыл і Вадзім. Яны любяць прымяраць ваенную форму таты і гуляюць у салдацікі. Аксана таксама прызвычаілася да графіка работы мужа і забяспечвае яму надзейны тыл.
Арцёмавы пошукі






Арцём таксама марыў быць ваенным – ваенным урачом, ён рыхтаваўся да паступлення ў медыцынскі ўніверсітэт на ваенна-медыцынскі факультэт. Але, як часта бывае, не хапіла некалькі балаў. Каб падрыхтавацца да паступлення ў наступным годзе, хлопец паступіў на падрыхтоўчыя курсы пры ўніверсітэце. У адзін цудоўны дзень Арцёму споўнілася 18 гадоў. Армія? “Не, – сказалі ў ваенкамаце, – дадзім адтэрміноўку, вучыся”.
…А праз некалькі дзён прыйшла павестка. Не, хлопец не наракаў. Трэба – значыць, трэба. Тым больш, што служыць давялося ў войсках МУС. Некалі і яго дзядуля служыў на ахове спецаб’ектаў – і Арцём быў нават задаволены, што яму выпаў такі шанс. Служыць давялося ў Мінску. Падчас службы хлопец працягваў рыхтавацца да паступлення. Ды ўсё прадвырашыў выпадак. У арміі Арцём захапіўся футболам, і падчас адной з гульняў атрымаў траўму – медыцынская камісія ў той год адмовіла яму ў паступленні.
Тым часам служба падышла да канца. Трэба было рабіць выбар: застацца служыць па кантракце ў войсках МУС ці вяртацца дамоў. З аднаго боку – служба ў сталіцы. Прывабная перспектыва. Але дома чакалі мама і бабуля, якім патрэбна была яго падтрымка і якім ён быў абавязаны жыццём. Арцём вярнуўся ў Гудагай і, як і старэйшы брат, падаў дакументы на кантрактную службу ў пагранічныя войскі. З 2007 года яго жыццё таксама звязана з аддзелам пагранічнай службы “Гудагай”.
Гонар, годнасць, Радзіма

Знешне хлопцы вельмі адрозніваюцца: адзін – бялявы, другі – чарнявы. Затое па характару яны вельмі падобныя. Абодва – спакойныя, разважлівыя, дамашнія. А яшчэ цяпер іх аб’ядноўваюць такія паняцці, як Радзіма, гонар, абавязак. Служба ў пагранічных войсках іх выхоўвае.
– Рыхтуй парадную форму – заўтра стаіш у каравуле, – паведаміў аднойчы Сашу намеснік начальніка па ідэалагічнай рабоце пагранічнай камендатуры “Гудагай”.
У ваенных загады не абмяркоўваюцца. З таго часу два разы на год, у любое надвор’е Саша апранае парадную форму і з горда ўзнятай галавой ахоўвае памяць загінуўшых абаронцаў Айчыны. Працэдура амаль не змяняецца – толькі ветэранаў, на жаль, з кожным годам становіцца менш. А яшчэ таварышы, якія стаялі ў каравуле побач, змяняліся амаль кожны год. Пакуль у аддзел пагранічнай службы не прыйшоў служыць Арцём.
– Брат стаіць у каравуле – значыць, твой лёс прадвызначаны, – сказалі Арцёму.
З таго часу на дзяржаўныя святы – Дзень Перамогі і Дзень Незалежнасці – Саша і Арцём стаяць у каравуле каля помніка савецкіх воінаў і партызанаў у Астраўцы. Жалезная выпраўка і сіла волі, калі не тое, што памахаць рукой, але нават зморшчыць лоб ад сонца ці прыкрыць вочы лічыцца недапушчальным. Таму што ты прадстаўляеш прэстыж краіны і абсалютна не маеш права на памылку.
І гэта таксама азначае – ахоўваць Радзіму.


Алена ЯРАШЭВІЧ.