Творчы юбілей Дануты Блашкевіч

12:50 / 28.12.2011

Дануту Міхайлаўну я ўпершыню ўбачыла, а дакладней пачула яе лірычныя спевы, на сцэне два гады назад, калі толькі пераехала на Астравеччыну. Мяне моцна ўразіў яе мяккі, глыбокі і аксамітны голас. Прызнацца, я нават задалася пытаннем, што ўладальніца такіх выключных даных робіць у маленькім Астраўцы – па ёй жа плача вялікая сцэна… Гэты год стаў для Дануты Міхайлаўны багатым на падзеі: яна адзначыла не толькі свой уласны юбілей, але і 30-годдзе працоўнай дзейнасці на ніве творчасці. Я вырашыла, што гэта добрая нагода бліжэй пазнаёміцца з гэтай цудоўнай жанчынай.



Замест вiзiтнай карткi

Данута Міхайлаўна Блашкевіч нарадзілася ў вёсцы Бараноўка Астравецкага раёна. Закончыла Астравецкую сярэднюю школу (у той час адзіную ў пасёлку) і музычную школу па класе акардэона. Пасля 8 класа паступіла ў Лідскае музычнае вучылішча на харавое аддзяленне. Па размеркаванні трапіла ў музычную школу ў Варнянах, дзе і працавала да таго часу, пакуль у Астравецкай музычнай школе не адкрылі харавы клас, куды і перавялі маладую настаўніцу. Да гэтага часу Данута Міхайлаўна ўжо паспела закончыць завочна Інстытут культуры па спецыяльнасці “Харавое дырыжыраванне”. Па сённяшні дзень яна працуе ў Астравецкай школе мастацтваў настаўнікам харавых спеваў і тэорыі музыкі.



А помніш, як усё пачыналася

А пачалося ўсё, напэўна, яшчэ да нараджэння Дануты. Яе мама, тата, бабулі, дзядулі – усе былі галасістыя і вельмі любілі спяваць. Таму дзяўчынка ўжо нарадзілася з любоўю да музыкі, і потым песня заўсёды ішла побач з ёй.
Не так даўно Данута Міхайлаўна знайшла сярод старых сшыткаў сваё сачыненне “Кім я хачу стаць?”, напісанае ў трэцім класе. У ім дзяўчынка расказвала пра сваю запаветную мару – стаць настаўніцай музыкі. Выходзіць, яна ўжо ў дзяцінстве адчувала, у чым яе сапраўднае прызванне.
– А яшчэ хацелася б падзякаваць маім бацькам Міхаілу Вікенцьевічу і Гелене Антонаўне, – расказвае Данута Міхайлаўна, – за тое, што яны, звычайныя працаўнікі вёскі, не загружалі мяне фізічнай працай. Яны заўсёды казалі, што мая галоўная работа – гэта вучоба, бо разумелі, як важна атрымаць добрую адукацыю.
Дзяўчынка вельмі добра вучылася і магла стаць эканамістам, юрыстам ці інжынерам, але гэта была б работа не па душы. Таму што толькі ў музыцы Данута знаходзіла крыніцу натхнення. Яна часта ўспамінае, як раней моладзь праводзіла час: збіраліся разам на лавачцы, а яна ім іграла на акардэоне і спявала. Фірменнымі провадамі хлопцаў з Бараноўкі ў армію таксама лічыліся провады пад песні Дануты. Дарэчы, тое, што Данута Міхайлаўны выбрала акардэон у якасці любімага музычнага інструмента – не выпадковасць, а заслуга Марыі Пасечнік, якая зараз таксама працуе ў Астравецкай школе мастацтваў. У дзяцінстве яны жылі праз рачулку, і Марыя, якая была старэйшая за Дануту і ўжо хадзіла ў музычную школу, часта выходзіла на вуліцу і іграла на акардэоне – і не якія-небудзь эцюды, а народныя самабытныя песні. Гэта музыка, якая лілася над ракой, гучыць у сэрцы Дануты і па сённяшні дзень.



Студэнцкая пара

Пасля 8 класа дзяўчынка вырашыла паступаць у Лідскае музычнае вучылішча. Яе выбарам быў вельмі задаволены тата – ён сам любіў спяваць, добра іграў на гітары і дзесьці ў глыбіні душы марыў стаць музыкантам, таму быў шчаслівы, што дачка ажыццявіць яго мару.
Данута Міхайлаўна ўспамінае, што вучыцца было цяжка. Да таго ж, яна была вельмі прывязаная да бацькоў і яе пастаянна цягнула дадому. У моманты суму па родных дзяўчынка нават хацела ўсё кінуць і вярнуцца на Астравеччыну. Але Дануце пашанцавала з выкладчыцай па спецыяльнасці. Таццяна Дзмітрыеўна Лапшына была для яе як мама: насілася, як з маленькай, заўсёды падтрымлівала, бо бачыла, што дзяўчынка вельмі старанная і таленавітая.
Гады вучобы праляцелі і прыйшоў час размеркавання. Зразумела, Данута Міхайлаўна бачыла сваю будучыню толькі ў адным месцы – на сваёй радзіме. Яе накіравалі ў музычную школу ў Варняны.



Работа цяжкая і любімая

“Усё жыццё – песня”, – так кажа пра сваю работу Данута Міхайлаўна. Яна заўсёды прымала самы актыўны ўдзел ва ўсіх канцэртах і конкурсах. З цеплынёй успамінае, як улетку ездзілі па палях, і пакуль камбайнеры абедалі, давалі ім канцэрты.
А аднойчы ў Варнянах аб’явілі конкурс самадзейнасці, з гэтай нагоды быў створаны хор калгасных работнікаў, а кіраваць ім паставілі Дануту Міхайлаўну. Гэта быў яе першы вопыт у якасці кіраўніка хору і, трэба сказаць, паспяховы. Варнянскія спевакі заваявалі любоў публікі, часта займалі прызавыя месцы на розных конкурсах.
Данута Міхайлаўна вырашыла не спыняцца на дасягнутым, а ўдасканальваць свае веды і ўменні, таму паступіла ў Інстытут культуры на спецыяльнасць “Харавое дырыжыраванне”. У тыя часы ў Астравецкай музычнай школе адкрываўся харавы клас, і былы загадчык аддзела культуры Данута Францаўна Чарнушэвіч прапанавала Дануце Міхайлаўне выкладаць там харавыя спевы. З тых пор яна і працуе ў Астравецкай школе мастацтваў настаўнікам хору і тэорыі музыкі.
Данута Міхайлаўна не толькі цудоўны педагог, яна яшчэ і ўладальніца вельмі прыгожага голасу. Але, як сама прызнаецца, не можа адказаць адназначна: хто яна ў большай ступені – настаўніца ці спявачка. Бо жанчына атрымлівае задавальненне як ад навучання дзяцей, так і ад выступленняў на сцэне.
– Мне шкада людзей, якія ходзяць на работу, як на катаргу і разумеюць, што яны не на сваім месцы. У гэтым сэнсе я адчуваю сябе шчаслівым чалавекам, таму што я знайшла сябе і ўсё жыццё працую ў той сферы, у якой марыла працаваць, – кажа Данута Міхайлаўна. – А работа ў нас творчая і цікавая, кожны год – новыя дзеці, новыя характары. Мая задача – не толькі даць ім веды, але і не адбіць ахвоту. Таму што ўсе яны прыходзяць да нас з жаданнем займацца музыкай, і трэба пастарацца, каб яно не згасла. Я стараюся да кожнага знайсці падыход, выбраць рэпертуар па душы – некаторыя любяць штосьці павольнае і меладычнае, іншыя – наадварот, вясёлае і задорнае. А найбольшае задавальненне як педагог атрымліваю ў тым выпадку, калі да нас прыходзяць дзеці з сярэднімі здольнасцямі, а пасля некалькіх гадоў стараннай вучобы яны становяцца выдатнымі музыкантамі. Іх рост – гэта і ёсць сэнс работы педагога. Разам з тым работа ў сферы культуры – гэта ненарміраваны рабочы дзень, пастаянныя мерапрыемствы, конкурсы, часта мяне не ўбачыш дома ў выхадныя і святочныя дні. І ў гэтым сэнсе мне пашанцавала з маімі роднымі, якія не крыўдзяцца на мяне, а наадварот заўсёды падтрымліваюць.



Гонар настаўніка – вучні

Самая вялікая радасць для педагога, вышэйшае дасягненне ў кар’еры – гэта поспехі яго вучняў. Калі ён можа, да прыкладу, з гонарам сказаць: “Гэта мая вучаніца!” І напэўна ў кожнага настаўніка ёсць такія імёны, якія застануцца ў яго сэрцы назаўсёды.
Многія вучні Дануты Міхайлаўны пайшлі па яе слядах – гэта Ірына Бордак, якая зараз таксама выкладае хор у Астравецкай школе мастацтваў, Наталля Літвін – кіраўнік варнянскага “Світанка”, Наталля Рабцава і Надзея Цвірко. Прысвяціць сябе культуры вырашыла і Маргарыта Янульчык, лаўрэат 2 ступені мінулагодняга міжнароднага конкурсу “Рамантычная экспрэсія”. А Наталля Вянгроўская з самага першага выпуску Дануты Міхайлаўны хоць і выбрала іншую сцяжынку – зараз яна выкладае англійскую мову ў гімназіі – але музыка засталася яе любімым хобі, часам яна спявае на канцэртах.
Думаецца, што Данута Міхайлаўна таксама пакінула добры след у сэрцах яе вучняў – такі ж глыбокі, які яна пакідае кожным сваім выступленнем у сэрцах слухачоў.



Шчасце жанчыны – сям”я

–Я – апантаная сваёй справай жанчына, – кажа Данута Міхайлаўна. – Але з цягам часу я адчула, што жыццё маіх самых любімых людзей праходзіць неяк паўз мяне. Лічу, што трэба ўмець сумяшчаць, каб работа не шкодзіла сям’і. Увогуле, ідэальная жанчына – гэта не бізнес-лэдзі, якая зрабіла сабе бліскучую кар’еру, і не хатняя гаспадыня, якая пячэ сваім блізкім піражкі з грыбамі. Гэта тая, што і на рабоце добра справіцца з усімі сваімі абавязкамі, і дома пачастуе ўсіх смачнай вячэрай і падорыць кожнаму крыху сваёй ўвагі і пяшчоты. Але ж як цяжка быць ідэальнай! І хацелася б падзякаваць майму мужу Уладзіміру за тое, што ён заўсёды мяне разумеў і ніколі не папракаў, што я затрымліваюся на рабоце. А наадварот казаў: “Трэба – значыць трэба!” Дочкі, канешне, крышку крыўдзіліся, што мамы часта не бывае дома. Можа, таму і не пайшлі па маіх слядах – хаця абедзве і закончылі музычную школу, – бо бачылі, што такое работнік культуры. Старэйшая Юля па спецыяльнасці настаўніца пачатковых класаў, а малодшая Алена будзе педыятрам. І менавіта ў сям’і я бачу сэнс жыцця, бо гэта крыніца цяпла і мудрасці. Больш за ўсё на мяне паўплывалі мае бацькі: яны вучылі мяне адказнасці, паважлівым адносінам да старэйшых, а яшчэ – жыццёваму аптымізму. Мама пражыла нялёгкае жыццё, але яна застаецца вясёлым чалавекам, які не навязвае свае праблемы нікому. Спадзяюся, што нам удалося прывіць гэтыя якасці і нашым дзецям.



Не адрывацца ад каранёў

Данута Міхайлаўна вельмі цікавы і творчы чалавек, і мне здавалася, што яе таленту цесна ў невялікім Астраўцы, дзе няма такіх магчымасцей і перспектыў, як, да прыкладу, у сталіцы.
–Як у любога чалавека, часам у мяне ўзнікалі думкі: а можа, жыццё трэба было пражыць па-іншаму? Бо нават тыя, хто вучыўся горш, уладкаваліся ў буйных гарадах на больш прэстыжных работах, – расказвае Данута Міхайлаўна. – Але я разумею, што гэта ўсё не маё, я ніколі не імкнулася жыць у вялікім горадзе і спяваць на вялікай сцэне. Памятаю, у нас праходзіў агляд-конкурс, мяне заўважылі і прапанавалі месца ў Гродзенскай філармоніі, але я адмовілася. Ведаеце, я па натуры вельмі просты і сціплы чалавек, таму мне больш па душы мая маленькая Астравеччына і наш просты мясцовы народ. І сцэна мне падабаецца маленькая, дзе па-хатняму цёпла і ўтульна, а ў зале пануе добразычлівая атмасфера. І нават зараз з вышыні пражытых гадоў я не аб чым не шкадую і нічога ў сваім жыцці не хацела б мяняць.
Сапраўды, Данута Міхайлаўна заўсёды застаецца адданай сваёй радзіме і адчуванне каранёў у яе надзвычай абвостранае. І гэтай вернасці зямлі, якая яе ўзгадавала, можна толькі пазайздросціць.


Вольга ШОЎКУН.
Фота Андрэя ПАМЕЦЬКІ.