Журналіст з Сакольнікаў Іван Граблеўскі

12:32 / 20.10.2011

Цяжэй за ўсё пісаць пра родных. Усе яны – толькі дзядзькі, цёткі, сёстры, мама… Самыя звычайныя людзі – ужо хаця б таму, што ты ведаеш іх столькі, колькі ведаеш сябе. Ды, па сутнасці, яны і ёсць часцінка цябе (ці ты іх?). Расказваць пра іх дасягненні – нібы выхваляцца сваімі ўласнымі, перадаваць на паперы іх словы і думкі – як здраджваць сямейную таямніцу. І ўсё ж…


Інфармацыя ў адным з даведнікаў, дзе чорным па беламу было напісана, што мой дзядзька Граблеўскі Іван Станіслававіч нарадзіўся ў вёсцы Сакольнікі Астравецкага раёна, выклікала ў мяне скептычную ўсмешку – якія Сакольнікі, ён нарадзіўся ў Філіпанах, хата Граблеўскіх стаіць там і сёння…
–Усё правільна, – не прыняла маёй іроніі мама. – Да вайны сапраўды існавала такая вёска. Пазней яе “праглынулі” Філіпаны.
Што ж… Значыць, сапраўды Іван Станіслававіч Граблеўскі нарадзіўся 22 кастрычніка 1936 года ў Сакольніках. Ён быў апошнім, шостым дзіцём у сям’і Станіслава і Эвяліны Граблеўскіх. У небагатай – 7 гектараў далёка не самай урадлівай зямелькі. І лесу? Ну, канешне ж, мама, у вас быў свой беразнячок, у якім вы басаногімі роснымі ранкамі збіралі чорнагаловыя баравікі…
Сям’я Сайкоўскіх, з якой паходзіла Эвяліна, была даволі заможнай, але, састарэўшы, бацька перадаў стырно кіравання старэйшаму сыну Адаму. А той… Да Эвяліны сваты прыходзілі 17 разоў, а сквапны Адам, каб не дзяліць спадчыну, кожны раз адмаўляў. Эвяліна выйшла за Станіслава Граблеўскага ўжо ў трыццацітрохгадовым узросце. І то толькі таму, што Стась на дамовах бразнуў шапку аб дол: падавіся ты сваёй зямлёй – я дзяўчыну ўпадабаў, а не твае грошы!
Адам не даў у пасаг нічога, акрамя натканага самой Эвялінай. Таму маладой сям’і прыйшлося пачынаць з нуля: цётка дала цялушачку, з якой яны выгадавалі сабе кароўку, у зямельным банку ўзялі пазыку і купілі першыя два гектары ўласнай зямлі... Працавалі, як валы. А тут адзін за другім сыпануліся дзеткі…
Янак быў апошнім. І вельмі хваравітым – задыхаўся, моцна кашляў. Таму яго амаль увесь час трымалі на печы – каб адаграваўся. І не заўважылі (за чорнай працай не мелі на гэта часу), калі ён навучыўся чытаць. Сам. І не проста па складах, а па-сапраўднаму. Мала таго – стаў прасіць у бацькі кніжкі. А адкуль іх браць – вайна…
Але бацька прыдумаў – стаў прыносіць сыну літаратуру з бібліятэкі варнянскага ксяндза. Вядома, яе тэматыка была спецыфічнай – галоўным чынам “жыціі святых”. Шасцігадовы Янак, які ад прыроды валодаў цудоўнай памяццю (пазней падчас вучобы ў школе ён не меў патрэбы завучваць вершы – дастаткова было прачытаць іх двойчы), стаў хадзячай энцыклапедыяй па пытаннях рэлігіі. “Вырасту – буду ксяндзом, – казаў хлопчык. – Марыся (руплівая ў малітвах сястра Янака і мая мама – Г.Ч.) стане манашкай, а Гэнек (брат, які шукаў нагоду, каб прапусціць чарговы ружанец ці літанію) будзе жыдам”.
У Філіпанскую школу яго прынялі адразу ў другі клас – чытаў і лічыў ён так, што можна было браць адразу ў трэці. Праблемы існавалі з пісьмом – як большасць самавучак, Янак пісаў друкаванымі літарамі. Па першым часе аднакласнікі моцна кпілі з яго сшыткаў, але хлопчык літара за літарай упарта выводзіў непаслухмяныя пропісы – і неўзабаве навучыўся. Хоць прыгожа-каліграфічным яго почырк так ніколі і не стаў.
Браты Янака былі рослымі і фізічна моцнымі хлопцамі, а ён – невысокі, худзенькі. Нічога, ён “браў гарады” розумам – рашаў задачкі па матэматыцы старэйшаму на тры гады брату Бэрнусю, а той выконваў за гэта ягоны кавалак работы па гаспадарцы…
А яшчэ ён чытаў – усё, што трапляла на вочы. На полі, пасучы авечак. На перапынках у школе. Пад духмяным, толькі што складзеным стогам сена…
Бацькі не сумняваліся: Янак павінен вучыцца далей. Тым больш, што старэйшыя сыны ўжо вызначыліся з выбарам жыцця. Сярэднюю адукацыю ён атрымаў у Варнянскай школе. Закончыў яе ў 1955 годзе. І ў поўнай адпаведнасці з існуючай тады модай падаў дакументы ў тэхналагічны – марыў стаць інжынерам. Уступныя экзамены здаў добра, але да прахаднога бала не дацягнуў. Што ж, значыць, трэба аддаваць Радзіме пачэсны доўг.



Служыць Янаку давялося на Крайняй Поўначы. У арміі ён атрымаў вадзіцельскія правы і стаў шафёрам-пражэктарыстам – вадзіў машыну з моцным пражэктарам. Тры гады паўночнага жыцця на аднастайных салдацкіх харчах на ўсё жыццё адбілі ахвоту да рыбы (селядзец ён не пераносіў на дух) і крупяных кашаў.
Доўгачаканая дэмабілізацыя. І разам з ёй – непазбежная праблема: а што далей? З просьбай дапамагчы працаўладкавацца Янак звярнуўся ў ваенкамат. “Ідзі ў вадзіцелі, – параілі там. – Якраз патрабуюцца… У аддзеле народнай адукацыі і ў рэдакцыі”.
Спачатку ён прыйшоў у рэдакцыю.
–Машына ў нас пакуль толькі ў планах, – развёў рукамі тагачасны рэдактар “Астравецкай праўды”. – Ёсць, праўда, веласіпед, але на ім мы самі, без вадзіцеля, спраўляемся. Так што прабач… Хаця пачакай. Як у цябе з граматай? Маеш пры сабе атэстат сталасці? Х-м-м… Нядрэнна – большасць пяцёрак… Значыць, так: сядай і пішы заяву – будзеш у нас карэктарам”.
Вось так Іван стаў выпраўляць чужыя памылкі – спачатку арфаграфічныя, а потым, асмеліўшыся, падняў руку і на стылістычныя пагрэшнасці. Рэдактар паназіраў-паназіраў – і аднойчы выклікаў маладога карэктара да сябе: “Табе, Ваня, трэба пісаць самому. У цябе цудоўнае пачуццё стылю. Вось як у некаторых людзей бывае ад прыроды пастаўлены голас, так у цябе – стыль. І не марудзь – рыхтуй дакументы для паступлення на журналістыку…”
А што тут марудзіць?! У БДУ Іван паступіў з лёгкасцю. Вядома, на завочнае аддзяленне.
Жыў у гэты час ён у нас. Цікава, што тагачаснага дзядзьку Ваню я не памятаю. Затое добра памятаю стопку ягоных агульных сшыткаў, усе старонкі якіх былі суцэльна спісанымі роўнымі радамі незразумелых літар. Нібы карункамі, якія мне настолькі падабаліся, што я брала каляровы аловак і паміж гэтымі радамі грымзоліла свае каракулі. Вельмі прыгожыя! Па-мойму… Хоць дзядзьку яны чамусьці не падабаліся. Ён спрабаваў размаўляць са мной строгім тонам, задабрываў цукеркамі… Я вельмі старалася стрымаць свае памкненні, але жаданне ўпрыгожыць канспекты студэнта-завочніка непазбежна брала верх…
Івана хутка заўважылі – прапанавалі месца інструктара абкама камсамола. Ён згадзіўся. Толькі адпрацаваў там нядоўга. Не таму, што не атрымлівалася, а таму што, паспрабаваўшы пісаць, ужо не мог адмовіцца ад салодкай атруты давяраць свае думкі паперы.
Яго пераводзяць у Смаргонскую газету, дзе Іван узначальвае адзін з аддзелаў. Праз год – у Шчучын, намеснікам рэдактара. А разам з дыпломам журналіста ён атрымлівае новае прызначэнне: рэдактарам Бераставіцкай раённай газеты.
Газеты шасцідзясятых… Гартаеш іх старонкі і думаеш: і хто вас добраахвотна выпісваў? Сухія, аднабокія, з цэлымі палосамі перадруковак з цэнтральных газет… А Івану хацелася іншага – размовы з чытачом. Двухбаковай. Не пра цэнтральныя маскоўскія навіны, а пра тое, што клапоціць чалавека ў яго штодзённым жыцці. І ён эксперыментаваў – адкрываў новыя рубрыкі, знаходзіў цікавых людзей. За наватарства не раз атрымліваў, так бы мовіць, па шапцы, але і падзякі таксама не абыходзілі бокам. І самай галоўнай была – ад чытачоў…
У 1970 годзе Граблеўскага пераводзяць галоўным рэдактарам на абласное тэлебачанне – самае маладое ў рэспубліцы. Нядаўна арганізаванае. Якое працуе пакуль амаль што навобмацак. І зноў – пошукі. І зноў – жаданне “ачалавечыць” перадачы – каб з блакітнага экрана да гледачоў звяртаўся не дыктар –напалову робат, а жывы чалавек, суразмоўца.
Іван Станіслававіч адкрывае новы цыкл “Гродна і гродненцы”, які вядзе сам. Цэнтральнае месца ў перадачы займае гісторыя: архітэктура горада, колішнія падзеі, якія адбываліся на яго плошчах і ў ваколіцах. У студыю запрашаюцца неардынарныя людзі – ідзе жывая размова. Фінальная частка перадачы абавязкова прысвячалася праблемам Гродна і яго жыхароў: стану дарог, недобрасумленнасці службовых асобаў і г.д.
“Гродна і гродненцы” – цыкл яркіх штотыднёвых праграм, якія вёў сам І.С. Граблеўскі, прыкоўваў увагу ўсёй вобласці, у першую чаргу, вобразнасцю і лаканічнай прастатой зносін з самымі рознымі людзьмі, якіх ён адкрываў, ганарыўся імі – і ў адначассе рабіў знакамітымі. Школа Граблеўскага многіх журналістаў зрабіла асобамі”. (А. Ласмінскі, “Прызванне быць журналістам”).
Падобных перадач у тагачаснай рэспубліцы не існавала. Вельмі хутка іх сталі паказваць па цэнтральнаму беларускаму тэлебачанню. Цыкл “Гродна і гродненцы” стаў пераможцам рэспубліканскага журналісцкага конкурсу – Іван Станіслававіч атрымаў узнагароду.
Потым нехта з “бацькоў вобласці” вырашыў зрабіць з Граблеўскага партыйнага функцыянера, і ў 1979 годзе яго забралі ў абкам партыі – даверылі курыраваць газеты, радыё і тэлебачанне Гродзеншчыны. Вядома, да новых абавязкаў Іван Станіслававіч ставіцца з поўнай аддачай сіл. Але рытм і жыцця, і працы цалкам адрозніваецца ад прывычнага журналісцкага – цяпер у яго з’яўляецца вольны час. Які ён прысвячае, вядома ж, пісанню. На гэты раз кніг. “Юныя героі Гродзеншчыны” – у свой час гэта быў сапраўдны бестсэлер. Кнігу можна было купіць толькі “з нагрузкай” неліквіду. Другая – “Нёман – рака дружбы” была перакладзена на літоўскую мову і перавыдадзена ў Вільні. З-пад пяра Граблеўскага выйшлі і яшчэ дзве кнігі: “Гродзенская вобласць” і энцыклапедычны даведнік “Гродна і ваколіцы”. Перачытваеш – і ў каторы раз здзіўляешся таленту аўтара, які і сухі эканамічны аналіз умеў упрыгожыць рамантычнымі ўкрапленнямі, падаць матэрыял так, што цікава і непадрыхтаванаму чытачу…
Менш чым праз тры гады Іван Станіслававіч вяртаецца на тэлебачанне. На гэты раз у якасці старшыні камітэта па телебачанні і радыёвяшчанні вобласці, а потым і генеральнага дырэктара тэлерадыёаб’яднання Гродзеншчыны.
Гэта быў няпросты для тэлебачання час, калі з чорна-белага яно пераходзіла на каляровы варыянт. Ізноў спробы, ізноў пошукі. Новыя цыклы, новыя твары… Калі няма гатовых талентаў, выгадуй іх сам – такім быў нягласны дэвіз Івана Станіслававіча. І ён гадаваў…
І да гэтага часу на абласным тэлебачанні з цеплынёй узгадваюць Граблеўскага. “Ён быў стыліст ад Бога”, – так гавораць усе, каму давялося працаваць з ім. Умеў выправіць сыры матэрыял так, што ў ім адкрываліся новыя грані, узбагачаўся сэнс. Хаця часам… Часам ён проста перапісваў матэрыял амаль цалкам. “Тэма вельмі цікавая, – тлумачыў потым аўтару. – Загубіць такую – злачынства. Прабачце, што я выправіў вас занадта моцна”…
А краіну ўжо ліхаманіла – перабудова прынесла на сваёй хвалі шмат пены, змагацца з якой было няпроста. Хіба што асабістым прыкладам? І “ён працягвае актыўна працаваць, ствараючы цыклы новых тэлеперадач, асвойваючы новыя тэмы, выхоўваючы маладых журналістаў і рэжысёраў, адточваючы іх майстэрства. “Перспектывы” – так называўся цыкл тэлеперадач аб раёнах вобласці, які вёў сам дырэктар, нават будучы невылечна хворым у свае ўсяго толькі 58 гадоў”. (А. Ласмінскі).



Ён быў...

…Вельмі інтэлігентным чалавекам, але ніколі не падкрэсліваў гэтага. Калі падчас чарговай камандзіроўкі дзядзька Ваня заязджаў да нас у госці, мы накрывалі стол… Пра тое, як дагадзіць яму, ніхто не думаў – галоўнай фігурай у гэтай сітуацыі быў для нас яго асабісты вадзіцель, пажылы паляк, які мог праверыць бездакорнасць чысціні пакладзенай яму вілкі або забракаваць нейкую страву. Дзядзька Ваня да ежы ставіўся па-філасофску – еў мала, пазбягаў тлустых прадуктаў.
…Вясёлым. Смяяўся неяк смачна – закідваў галаву ўверх і рагатаў ад душы. Або заціскаў далоні паміж каленямі і, смеючыся, амаль датыкаўся да іх тварам. Ведаў процьму арыгінальных, як сам гаварыў, філіпанскіх прыпевак (нярэдка – мацерных), але спяваў іх толькі ў “сваёй кампаніі”. Прычым так, каб адзіная дачка Ірынка не дай Бог не пачула. Ірку ў такія моманты адпраўлялі з нейкім тэрміновым даручэннем. Дзяўчынка здагадвалася, што ў гэты час адбываецца нешта вельмі цікавае і старалася вярнуцца як мага хутчэй. Але адзінае, што ёй даводзілася бачыць – чырвоныя ад смеху і задавальнення твары гасцей…
…Запойным чытачом. Не чытаць не мог. Усё жыццё збіраў кнігі і меў выдатную бібліятэку. Падпісваўся на ўсе магчымыя літаратурныя выданні. У кватэры дзядзькі Вані я ўпершыню даведалася, што на свеце існуе “Літаратурная газета” і часопіс “Замежная літаратура” – іх ён прачытваў “ад коркі да коркі”. Чытаючы, часта скептычна хмыкаў, калі не згаджаўся з думкай аўтара. А калі артыкул падабаўся, дачытаўшы яго, адкладваў газету ў бок і задаволена паціраў далоні.
…Высока інтэлектуальным чалавекам. Мог на высокім узроўні размаўляць на любую тэму – аб літаратуры, жывапісе, архітэктуры… Добра ведаў геаграфію, мог без падрыхтоўкі даць кароткую эканамічную характарыстыку практычна любой краіне свету. Вельмі любіў гісторыю. Яго веды былі настолькі разнастайнымі і багатымі, што, калі б гэта быў чужы чалавек, перад ім трэба было б здымаць капялюш. Але ён быў дзядзькам, і таму ўвесь яго неабсяжны інтэлект успрымаўся як нешта само сабой зразумелае.
…Узнагароджаны медалём “За доблесную працу”. А яшчэ – Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР.
…Чалавекам актыўнай грамадзянскай пазіцыі. Быў дэпутатам абласнога Савета, намеснікам старшыні саюза журналістаў вобласці, старшынёй абласнога аддзялення Беларускага дзіцячага фонду.
…Аматарам пешых прагулак. Любіў блукаць па сцяжынках парка “Пышкі”. Часта браў з сабой дачушку. Але калі трэба было абдумаць чарговы сцэнарый, прагульваўся па парку адзін. “Сярод дрэў лепш думаецца”, – тлумачыў жонцы. На працу і з працы (нават калі працаваў у абкаме партыі) хадзіў пяшком, хаця за ім быў замацаваны персанальны аўтамабіль.
…Далёка не аўтааматар. Нягледзячы на тое, што вадзіцельскія правы атрымаў яшчэ ў арміі, больш за 25 гадоў не сядаў за руль. І толькі калі набыў свой “жыгулёнак”, успомніў былую навуку.
…Адналюбам. Галка (Галіна Сцяпанаўна) была яму і жонкай, і сябрам, і каханай. Хаця кпіць з яе ён сабе дазваляў. Зрэшты, бяскрыўдна.
…Спрабаваў быць паэтам. У маладосці пісаў вершы. Прызнаўся ў гэтым дочцы, ужо калі быў моцна хворым. Расказаў, што нават сустракаўся з паэтам Станіславам Шушкевічам (бацькам былога спікера). Той дыпламатычна пажадаў пачынаючаму калегу поспехаў у адносінах з музай. Але Іван неўзабаве адмовіўся ад паэзіі – палічыў, што гэта – не ягонае.
…Выдатным фельетаністам. Яго фельетоны былі зубастымі і сакавітымі. З часам адмовіўся і ад іх напісання. “Хоць і заслужана, але крыўджу чалавека, – тлумачыў. – А пасля адчуваю перад ім віну”.
…Даволі закрытым чалавекам. Не любіў (не мог?) агаляць сваю душу, плакацца ў чужую камізэльку. Хаця меў верных сяброў. Свае перажыванні не дэманстраваў – хаваў іх ад старонніх вачэй. Лічыў, што сам павінен пераадолець тое, што пасылае жыццё. Хаця, як і большасць творчых людзей, быў вельмі чуллівым. І перажываў сітуацыю вельмі глыбока. Калі падчас аперацыі былі выяўлены злаякасныя клеткі, жонка нічога яму не сказала. Тым больш, што ўрачы яе запэўнілі: нулявая стадыя, своечасова выдалена… А праз чатыры гады хвароба вярнулася, і стрымаць яе дактарам было ўжо не па сілах… “Ты павінна была сказаць мне праўду яшчэ тады, Галка”. “Не, Ваня. Праўда забіла б цябе нашмат раней”. Ён падумаў – і згадзіўся. Шкадаваў, што не дажыве да пенсіі. Смяяўся, што хацеў бы паглядзець на пышнасць уласных провадаў на заслужаны адпачынак. Сам прыдумаў надпіс на ўласны помнік. Кароценькі. На беларускай мове. Дачку папрасіў: “Глядзі, Іра, каб помнік быў маленькі, звычайны. А то маці можа разахвоціцца і заказаць бюст у поўны рост. Вунь іх колькі на могілках, гэтых бюстаў”. За два дні да смерці яму патэлефанаваў Генадзь Бураўкін. Яны развіталіся. Назаўсёды.


Ён памёр у снежні. Перад самым Ражаством. Як паміраюць абраныя людзі. Пахаванне было шматлюдным. Аддаць апошнюю даніну павагі прыйшлі ўсе, хто калісьці працаваў разам, хто ведаў, хто ў яго вучыўся. Але шматлікі натоўп не спалохаў маленькую птушачку, яна прысутнічала на пахаванні з самага пачатку. Дробна-дробна перабірала яна шэрымі крылцамі, віючыся выключна вакол Галіны Сцяпанаўны. Вакол Галкі, любай жоначкі. І потым, на працягу некалькіх гадоў, дастаткова было Галіне Сцяпанаўне прыйсці на магілу мужа, як зніадкуль з’яўлялася шэрая пташка. І вілася-вілася над яе галавой, дробна перамолваючы паветра маленькімі крылцамі…

22 кастрычніка Івану Станіслававічу Граблеўскаму споўнілася б 75 гадоў. Колькі б мог ён зрабіць, калі б нябёсы распарадзіліся інакш! Зрэшты, і таго, што зрабіць паспеў, з ліхвой хапіла б на чацвёра звычайных.


Ганна ЧАКУР.