Камандзіроўка на вайну

17:54 / 17.02.2011

Па афіцыйных звестках, за час баявых дзеянняў Савецкай Арміі ў Афганістане праз гарніла гэтай неаб’яўленай вайны прайшло каля 600 тысяч грамадзян Савецкага Саюза, у пераважнай большасці сваёй – маладзенькіх, неаперыўшыхся 18-20-гадовых хлапчукоў. У тым ліку амаль 30 тысяч – жыхароў Беларусі. І ў лёсе кожнага далёкая азіяцкая краіна пакінула след – рубцы на сэрцы, шрамы на целе ці проста ўспаміны, ад якіх не пазбавіцца, як бы ні хацеў…
Адзін з такіх – Сяргей Станіслававіч Івашка.


Сяргея Станіслававіча ў раёне ведаюць як вопытнага ўрача-кардыёлага, загадчыка кардыялагічнага аддзялення цэнтральнай раённай бальніцы. І мала хто, сустракаючы ў бальнічных калідорах ці палатах гэтага сціплага чалавека з добразычлівай усмешкай, ведае, што ён – адзін з тых многіх тысяч, хто ў юнацкія гады, гаворачы афіцыйнай мовай, выконваў свой інтэрнацыянальны абавязак у складзе абмежаванага кантынгенту савецкіх войск у Афганістане.
– Ды і навошта ўсім гэта ведаць? – паціскае плячыма Сяргей Станіслававіч у адказ на прапанову расказаць пра сваю армейскую службу. – Нічога асабліва геройскага я не зрабіў…
Сапраўды – ён проста выконваў свой абавязак, прысягу, загады, як і іншыя — тысячы, дзесяткі, сотні тысяч. І ў гэтай звычайнасці, неадметнасці, масавасці, калі хочаце – будзённасці і хаваецца ўвесь сэнс.
...Пасля школы Сяргей спрабаваў паступіць у медыцынскі інстытут – не атрымалася, не прайшоў па конкурсу. Каб не губляць марна час, пайшоў працаваць у родны калгас “Кямелішкі” памочнікам брыгадзіра. Ды нядоўга ён асвойвай на практыцы хлебаробскую навуку – неўзабаве атрымаў павестку ў ваенкамат…
—Памятаю: стаім, навабранцы, у Гродне на плацу, — расказвае Сяргей Станіслававіч. — Нас разбілі на каманды і сказалі, што да кожнай зараз падыдзе афіцэр і раскажа план далейшых дзеянняў. І вось ідуць у наш бок двое: адзін – у ваенна-марской форме, другі – пагранічнік. І ў кожнага адна думка: толькі б не на флот – гэта ж ажно тры гады… Насупраць нашай каманды яны развіталіся, і да нас накіраваўся пагранічнік. Па радах прашалясцеў уздых аблягчэння.
Вось ужо сапраўды – часам сам не ведаеш, чаго пажадаеш…
На пытанне, якое больш за ўсё хвалявала прызыўнікоў: куды іх адпраўляюць? — афіцэр усміхнуўся:
—Не хвалюйцеся, недалёка… Суткі на цягніку пракацімся – і будзем на месцы.Там усё і даведаецеся.
Мінулі суткі, затым другія… Лясы і пералескі за акном змяніў стэп… А вагонныя колы ўсё выспеўвалі сваю адвечную песню.
Нарэшце – горад Мары.
—Гэта сёння я ведаю, што Мары – гэта абласны цэнтр у Туркменістане, а тады гэтая назва нікому ні пра што не гаварыла. І толькі калі даведаліся, што наступны пункт, куды вязе нас цягнік, — Кушка, узнікла хоць нейкая геаграфічная прывязка да мясцовасці: кожнаму школьніку вядома, што Кушка – самая паўднёвая кропка Савецкага Саюза.
Але і Кушка не была канчатковым пунктам прызначэння. Гарадок Тахтабазар – там дыслацыравалася пагранічная часць, куды даставілі навабранцаў. У якіх ужо не было ніякіх ілюзій наконт таго, дзе ім давядзецца служыць і якую граніцу ахоўваць: Афганістан – вось ён, рукой падаць.
—Граніцы ў нашым прывычным разуменні там не было, — расказвае Сяргей Станіслававіч. – З нашага боку яе ахоўвалі савецкія пагранічнікі, а з таго… Таксама мы — так званыя мотаманеўраныя групы, задачай якіх было сачыць, каб не было пранікнення на нашу тэрыторыю.
“Дзяды” хутка ўвялі ў курс спраў: тут – як каму пашанцуе. Каго пасля “вучэбкі” пакінуць на заставе – той будзе служыць тут, у Саюзе, у адноснай бяспецы. Каму выпадзе мотаманеўраная група – той увесь час будзе ў Афганістане, з усімі выцякаючымі адсюль наступствамі. А рота падвозу – гэта і там, і тут…
Сяргею выпала якраз рота падвозу. Іх задачай было забяспечваць усім неабходным – гаручым, боепрыпасамі, харчаваннем, снаражэннем – тыя самыя мотаманеўраныя групы, якія базіраваліся на тэрыторыі Афганістана. Пасадзілі яго за руль вялізнага магутнага “Урала” – а да таго ён у лепшым выпадку кіраваў легкавушкай, ды і то, калі бацька дазваляў… “Нічога, прывыкнеш…”
—Выязджалі мы заўсёды калонай, — расказвае пра свае “падарожжы” па Афганістане Сяргей Станіслававіч Івашка. — У кабіне – адзін вадзіцель, каб у выпадку чаго страт было менш. Суправаджалі аўтамабільную калону БТРы і баявыя машыны пяхоты, а калі даводзілася ехаць цераз горы, то і верталёты – былі выпадкі, калі калону “заціскалі” ў цясніне і расстрэльвалі ва ўпор. І хоць такія небяспечныя рэйсы былі яшчэ да нас, меры перасцярогі прымаліся, як належыць. “Камандзіроўка” звычайна доўжылася некалькі дзён. У першы мы толькі даязджалі да граніцы. Спыняліся, начавалі там. Назаўтра – у дарогу па варожай тэрыторыі. Дабіраліся да месца прызначэння калі да вечара, калі – ноччу. Там разгружаліся, адпачывалі дзень ці некалькі, у залежнасці ад абстаноўкі – і назад…
—Ці страшна было? – перапытвае Сяргей Станіслававіч. І шчыра прызнаецца:
— Першы раз, калі ехаў на тую тэрыторыю, – вельмі. Ішоў 1987 год, ужо ўсе добра разумелі, чым займаюцца нашы войскі ў Афганістане. І пра “чорныя цюльпаны” ведалі, і пра “груз 200”. І хоць у гэты час там стала ўжо намнога спакайней – справа ішла да вываду нашых войск з Афганістана, і ніхто не хацеў накаляць абстаноўку, ні мы, ні “духі”, але ж здаралася рознае… Едзеш цераз кішлак, а ў кожнага дарослага мужчыны – жанчын мы там увогуле не бачылі, нават у паранджы — на плячы аўтамат. І хоць ён табе шчыра ўсміхаецца і раскланьваецца – хто ведае, што ў яго ў галаве? Стараслужачыя расказвалі, што гэта днём яны ўсміхаюцца, а ноччу могуць вельмі проста зарэзаць ці застрэліць – калі надарыцца такая магчымасць. А заўтра зноў будуць усміхацца… Нам гэты народ зразумець увогуле цяжка –  нават тое, у якім стагоддзі яны жывуць: глінабітныя хацінкі, у якіх  ні акон, ні дзвярэй…
Але нездарма кажуць, што чалавек да ўсяго прывыкае. У тым ліку і да небяспекі. Да чаго прывыкнуць было немагчыма – дык гэта да асаблівасцей афганскага клімату.
—Летам – спякота неймаверная, 40, 50 градусаў – норма, — расказвае Сяргей Станіслававіч. – Стаіш у такую спякоту на плацу і ловіш сябе на тым, што пачынаеш траціць прытомнасць, адчуванне рэальнасці. І піць хацелася неймаверна – а піць сырую ваду нельга, бо гэта – жывая хвароба, гепатыт ці што страшней. Ваду можна было піць толькі кіпячоную – для абеззаражвання мы дабаўлялі ў яе яшчэ вярблюжую калючку. Чан закіпіць, а хлопцы дачакацца не могуць, пакуль хоць крыху астыне, так гарачую і п’юць… Была і халодная вада, у крыніцы, але ж салёная – ад яе яшчэ больш смага мучыла…
А яшчэ – пыл, усюдыісны, ён залазіў у рот, у вушы, засцілаў вочы… А калі ты за рулём “Урала”, да верху загружанага боепрыпасамі ці гаручым, і галоўная твая задача – ісці след у след за папярэдняй машынай, ад якой праз пылавую завесу бачыцца толькі абрысы закрытага тэнтам кузава – то міжволі забываеш, што тут кожны кусцік, кожны бугарок раптам можа пачаць плявацца агнём – хоць бы не збіцца з дарогі, не страціць каляю…
Гэта — летам. Зімой вадзіцелям даводзілася змагацца з непралазнай гразюкай, у якую ператвараліся дарогі – і яны станавіліся пасткай нават для павышанай праходнасці “Уралаў”, з якой іх выцягвалі і танкі, і БТРы. Вясной непрыкметныя рачулкі-“пераплюйкі” разліваліся так, што ў кабіны машын, якія спрабавалі прабіцца па месцы, дзе некалі была дарога, зацякала вада.
…Бацькі не ведалі, дзе на самой справе служыць сын.
—Я не пісаў ім – навошта ім лішнія хваляванні? Толькі праз год, калі савецкія войскі вывелі з Афганістана, і мае “камандзіроўкі” на той бок спыніліся, напісаў, што даводзілася пабываць і там. Хоць мама расказвала, што здагадвалася… А так пісаў, што служу на граніцы, што ўсё ў мяне нармальна – па сутнасці, гэта была праўда. Асаблівай, смяротнай небяспекі, страт, як нашы папярэднікі ў гэтай жа часці, мы не адчулі. Ну было неяк, што нас захацелі напалохаць, але рота аховы адрэагавала аператыўна, і ўсё закончылася вельмі хутка. Яшчэ аднойчы нашы афіцэры захацелі набраць вады з крыніцы, пра ваду з якой хадзілі легенды – што яна цудадзейная, гаючая і ўсё такое. Крыніца тая была на тэрыторыі Афганістана, але што гэта для нас? Паехалі… Пад’язджаем – а ля крыніцы сядзяць афганцы, аўтаматы побач ляжаць. Таксама па цудадзейную ваду прыехалі. Перапалохаліся  і мы, і яны – усе ўрассыпную… Але гэта тады было страшна – цяпер узгадваецца як анекдот.
У 1989 годзе савецкія войскі з Афганістана вывелі, і Сяргей Івашка даслужваў сваю тэрміновую хоць і ў той жа спёцы, але ўжо ў больш бяспечнай абстаноўцы.
—З цягам часу стала здавацца, што нічога, апроч арміі, у свеце не існуе. Мне там нават стала падабацца – парадак, арганізаванасць, ніякага разгільдзяйства. “Дзедаўшчыны” ў нас не было – якія могуць быць нестатутныя адносіны, калі ў кожнага ў руках баявая зброя, і  ёсць іншы вораг, адзін на ўсіх? Я нават усур’ёз задумваўся аб тым, каб паступаць пасля дэмабілізацыі ў ваеннае вучылішча, нават накіраванне ўзяў. Але вярнуўся дахаты, а тут за два гады столькі ўсяго нарабілася! Мы ж там жылі ў асобным, абмежаваным свеце: прыедзе хто з водпуску, раскажа, ці з маладым папаўненнем пагаворыш – і ўся інфармацыя пра жыццё на “вялікай зямлі”… А тут вярнуўся – міліцыя з дубінкамі па вуліцах ходзіць, там “гарачая кропка” ўзнікла, тут страляюць… Пагаварыў з бацькамі – і вырашыў зноў штурмаваць свой запаветны медыцынскі. На гэты раз атрымалася больш удала…
Трэба сказаць: да радасці не толькі самога Сяргея Станіслававіча Івашкі, але і яго шматлікіх пацыентаў. Не ведаю, магчыма, афіцэр з яго таксама б атрымаўся нядрэнны — але што б мы рабілі без такога ўрача?


НА ЗДЫМКАХ: Сяргей Івашка каля свайго «Урала».
У Туркменістане першы снег – як прывітанне з радзімы.


Ніна РЫБІК.
Фота з сямейнага  архіва С. Івашка.