Знакомьтесь: талантливая и активная Анастасия Ляхович

14:00 / 14.02.2014
Усмешлівая і гарэзлівая, актыўная і настойлівая, эмацыянальная і непасрэдная, вясёлая і знаходлівая аматарка аднайменнага клуба – усё гэта можна сказаць пра сонечную дзяўчынку-“міхалінку” – Анастасію Ляховіч. І сёння мы прапаноўваем пазнаёміцца з ёй бліжэй.

Бліц-апытанне
Імя, прозвішча: Анастасія Ляховіч;
Статус: вучаніца 11 класа Міхалішкаўскай сярэдняй школы, капітан каманды КВЗ – пераможцы раённага і абласнога этапу.
Тэмперамент: халерык.
Музыка, якую слухае: раней – замежны рок, зараз – альтэрнатыўная музыка.
Любімая страва: у ядзе непераборлівая.
Аўтар ці кніга: падабаюцца раманы, з апошняга – Алена Васілевіч “Пачакай, затрымайся”.
Любімы школьны прадмет: матэматыка.
Пара года: восень і зіма.
Колер: блакітны, белы.

– На працягу некалькіх гадоў я бачу цябе на сцэне: школьны КВЗ, выступленне ў “Міхалінках”, удзел у раённых конкурсах… Наогул памятаеш, калі ў табе ўпершыню прачнулася “творчая натура”?

– Музыка была ў нас дома амаль заўсёды. Памятаю, калі была зусім маленькай, тата слухаў “Ласкавы май”. І я пасля спявала ва ўвесь голас “Седую ночь”. Перад усімі? Не, я саромелася, таму ладзіла канцэрты толькі для сябе. А яшчэ з маленства вельмі хацела ў музычную школу. Яе наведвалі знаёмыя старэйшыя дзяўчынкі, яны выступалі на сцэне. І мне вельмі хацелася быць такой жа, як яны. У другім классе жаданае нарэшце ажыццявілася, і я пайшла вучыцца ў харавы клас і клас фартэпіяна нашай музычнай школы. Вось там мая настаўніца Святлана Чаславаўна Шаблінская і заўважыла, што, аказваецца, я ўмею спяваць. Ну а далей пайшло-паехала. Першае сур’ёзнае выступленне? Мяне тады паставілі спяваць з “Міхалінкамі” – усе дарослыя дзяўчаты, і я, такая шпінгалетка. Канешне, гэта было адказна. Тады я крыху “запарола” са словамі. Пасля вельмі перажывала – падвяла калектыў?! Аднак мяне супакоілі і падтрымалі – усе могуць памыліцца. Пасля 9 класа прапаноўвалі паступаць у Лідскае музычнае вучылішча. Аднак музыка для мяне больш хобі, а вось па-сапраўднаму падабаюцца дакладныя прадметы.

– А як справа дайшла да КВЗ?

– Ой, гэту гульню я заўсёды любіла глядзець па тэлебачанні і проста марыла паспрабаваць у ёй свае сілы. У 8 класе мы дэбютавалі як кэвэзэшчыкі, але тады ўсё скончылася ўнутрышкольнай гульнёй. У 9-ым – паехалі на раён, у 10-ым – таксама. А сёлета сталі пераможцамі. Ведаеце, што самае смешнае? Мы ж не хацелі займаць першае месца і “маліліся”, каб быць другімі. Старэйшыя знаёмыя рабяты з былога “Прэстыжу” глядзелі на нас, мякка кажучы, здзіўлена – яны ўпершыню бачылі, каб удзельнікі КВЗ не хацелі перамагчы. (Смяецца). А мы не хацелі. Бо 11 клас – напружаная, адказная пара: падрыхтоўка да ЦТ, падцягванне патрэбных прадметаў. Усё гэта пакідае ўсё менш часу. А КВЗ – гэта таксама работа, творчасць, зноў жа – час. Але мы сталі пераможцамі. Дарэчы, у мяне заўсёды так – калі чагосьці моцна хачу, то не атрымліваецца. Вось у мінулым годзе мне вельмі хацелася, каб мы перамаглі, але… аблом. А вось калі не вельмі трэба – калі ласка. Такое адчуванне, што фартуна жартуе са мной. На абласны этап КВЗ мы ехалі таксама “толькі выступіць”. Усё ж такі ўзровень, канкурэнцыя, патрабаванні. І зноў перамаглі. Неспадзявана? Ды не тое слова! У сакавіку паедзем на рэспубліку. Там галоўнае – проста выступіць на дастойным узроўні.

– Актыўнасць не перашкаджае вучобе? І як удаецца ўсё паспяваць?

– Ой, шчыра кажучы, перашкаджае. Дзесьці ў 9 класе быў пік актыўнасці і было крыху складана. Але ў нас настаўнікі добрыя і разумеючыя – тлумачаць, дапамагаюць, зноў тлумачаць. Як паспявала? Ды ніяк. У дзве гадзіны ночы клалася спаць – вось і ўсё. Але аб гэтым ні разу не пашкадавала. Не мець часу з-за занятасці лепш, чым тупа суткі навылёт сядзець у інэце. Таму, лічу, добра, што ў мяне было мала вольнага часу. Інакш, напэўна, мне было б сумна.

– А як бацькі адносіліся да гіперактыўнасці дачкі?

– Мама спачатку спрабавала ўпэўніць, што лепш больш часу аддаваць вучобе, а пасля, калі ўбачыла, што музыка, канцэрты, КВЗ і іншае таксама прыносіць свае вынікі, – змірылася і прывыкла. Наогул, мама – мая лепшая сяброўка, таму яна ў любым выпадку падтрымае. А тата ганарыцца мной.

– Ці часта ў цябе бывае дрэнны настрой? І як з ім змагаешся?

– Я вельмі эмацыянальны чалавек. І настрой у мяне можа змяніцца літаральна за хвіліну. Аднак часцей я незадаволена сабой і тады бурчу. Заўсёды здаецца, што раблю нешта не так, няправільна – словам, займаюся самаедствам. Калі настрой не падымаецца, уключаю які-небудзь выпуск КВЗ або па душах размаўляю з мамай.

– Наколькі разумею, ты ўжо вызначылася з будучай прафесіяй?

– Так. Я вызначыла для сябе два шляхі: эканамічны і артыстычны. У выніку выбрала першы.

– Краіна, горад, месца, дзе хочаш пабываць?

– Румынія, Трансільванія, замак графа Дракулы. Спякотныя краіны і мора? Не, гэта не для мяне. Я не люблю лета, як гэта ні дзіўна гучыць. Падабаецца восень, калі за акном дождж, а дома – цёпла і ўтульна. І зіма – калі ўсё такое белае і прыгожае навокал.

– Уяві, што перад табой белы ліст, які трэба размаляваць. Якія фарбы выкарыстаеш?

– Яркія! Праўда, не крыклівыя, ад якіх вочы баляць, а больш спакойныя, пастэльныя адценні, але, безумоўна, яркія. Мой ліст будзе вясёлым! У блакітна-жоўта-ружовых танах!

------------------------------
Марына МАЦКЕВІЧ.