На Островетчине снимали продолжение фильма "Белые росы"

13:00 / 25.05.2013
3
Культавы фільм “Белыя росы”, зняты ў 1983 годзе рэжысёрам Ігарам Дабралюбавым, будзе мець працяг – такое рашэнне прыняла кінастудыя “Беларусьфільм”. У “Белых росах-2” мы ўбачым, як склалася жыццё братоў Ходасаў пасля таго, як яны перасталі быць вясковымі людзьмі.

Пажыўшы ў горадзе, Андрэй Ходас вяртаецца да зямлі і селіцца на хутары. Аднак горад даганяе яго і тут. Двое маладых і энергічных бізнесменаў вырашаюць набыць маляўнічы куток для будаўніцтва і спрабуюць выселіць яго нешматлікіх жыхароў. Ратуючы свой свет ад зруйнавання, Андрэй дапамагае ўсёй сям'і ўспомніць пра свае карані і разблытаць праблемы, якія ў гарадской мітусні падаваліся невырашальнымі...
Сцэнарый напісаны Аляксеем Дударавым, Аляксандрай Бутар і Юліяй Гірэль. Рэжысёр-пастаноўшчык – дэбютант, выпускніца БДАМ (майстэрня Аляксандра Яфрэмава) Аляксандра Бутар.
…Пасля працяглых пошукаў “кіншчыкі” вырашылі “пасяліць” Андрэя, якога, дарэчы, іграе знакаміты літоўскі акцёр Юозас Будрайціс, на Спондаўшчыне. У Кайміне Горнай. На беразе возера Золава. У сядзібе Ілоны і Генадзя Саковічаў.
Металічную сетку, якой быў агароджаны іх прысядзібны ўчастак, прыбралі – замест яе аднекуль прыцягнулі і ўстанавілі стары драўляны плот. Знеслі таксама млынок і «домік на курыных ножках», якія красаваліся на панадворку, – замест іх прывезлі і расклалі ля хаты задымлены “саган”, брудныя вёдры, цэглу і іншае смецце. Непадалёк ад вады паклалі “на па-па” лодку…
На пляцоўку нас не пусцілі. “Ах-ах! – сярдзіта замахала рукамі памочнік рэжысёра. – Вы перашкаджаеце творчаму працэсу!” Так што за ходам дзейства давялося назіраць праз акно гасціннага дома Саковічаў.
Здымалі эпізод з падпальваннем лодкі, ад якой да сцяны дома – метраў пяць, не болей. Таму пажарнікі (астравецкія, канешне) былі, як кажуць у нас, напагатове. Павел Харланчук (беларускі акцёр, які сыграў у фільмах “Суд”, “Пакушэнне”, “Пернікі з бульбы”, а таксама ў серыі дакументальна-гістарычных фільмаў, два з якіх былі прысвечаны астравецкай зямлі – Гервятам і Варнянам), па фільму – Бодзя, на кімсьці з маладых старанна адпрацоўваў рухі, якімі ён павінен быў паваліць на зямлю старога Ходаса (Будрайціса). Сам Юозас безудзельна стаяў побач.
Дзяўчына, тыльную частку цела якой упрыгожваў гумовы дыванок (ці нешта падобнае) з надпісам “Маргоша”, шчоўкнула спецыяльным прыстасаваннем “кадр такі-та, дубль першы” – і камера запрацавала. Выбух. Полымя да неба. І Бодзя, каб уратаваць ад агню гаспадара хутара, кідае яго на зямлю, прыкрываючы ўласным целам…
Акцёрства, скажу я вам, складаная прафесія. Усіх нас, старонніх, ад страху паралізавала, а Харланчук з Будрайцісам у гэты момант не проста ўпалі на зямлю, але яшчэ і сыгралі патрэбныя эмоцыі…
Пазней былі новыя дублі – лодку палілі амаль да вечара… А назаўтра “кіншчыкі” працавалі на выездзе – калясілі па Страчы, Спондах і іншых вёсках, здымаючы нейкія патрэбныя ім сцэны ля крамаў і іншых месц грамадскага карыстання.
На Спондаўшчыне здымачная група затрымалася не надоўга – тут знята толькі невялікая частка фільма, галоўныя падзеі адбудуцца на гарадской тэрыторыі.
Галюню (ужо дарослую) іграе Ганна Палупанава, Івана – Андрэй Мярзлікін (так, той самы – з “Бумера”), Струка – Віктар Манаеў, Радчанку – Сяргей Жбанкоў. Кажуць, што ў здымках прыме ўдзел сама Галіна Польскіх.
Ну, а ў ролі “белароснай” каровы знялася рагуля са Спондаў…
Адзінае, што хочацца пажадаць і рэжысёру, і ўсім акцёрскім знакамітасцям, сабраным у фільме, гэта каб лёс іх дзецішча не паўтарыў лёс “Іроніі лёсу-2”, “Зімовай вішні-2” і г.д. Іншымі словамі, няхай фільм, частка якога нарадзілася на нашай зямлі, атрымаецца цікавым.


--------------------------------------
Тэкст і фота Ганны ЧАКУР.