На Островетчине её больше знают как талантливую певицу

16:00 / 08.03.2013
Шчырая, адкрытая, абаяльная ўсмешка… Вочы, якія выпраменьваюць цяпло і радасць… Прыгожы, мілагучны голас… Пяшчотная жаноцкасць у абліччы і невычарпальны аптымізм, якім міжволі заражаюцца іншыя. Такая яна – настаўніца англійскай мовы, любячая жонка, маці дваіх дзяцей і проста мілая, абаяльная маладая жанчына Наталля Вянгроўская.

Вырасла Наталля ў настаўніцкай сям’і. Але хацела стаць псіхолагам. Падабалася ёй корпацца ў патаемнай сутнасці чалавека, хацелася даведацца, чаму ён паступае так ці інакш, што штурхае яго на пэўныя ўчынкі? Але гэтаму жаданню ажыццявіцца не ўдалося. Затое выпускніца-медалістка тады Астравецкай СШ №2 без асаблівых цяжкасцей паступіла на гістарычны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Ды яшчэ з дадатковай спецыяльнасцю – настаўнік англійскай мовы.
Студэнцкія гады праляцелі хутка і праз пяць гадоў у родную СШ №2 Наталля вярнулася маладым спецыялістам.


– Канешне, прыйшлося на ўласным прыкладзе ўпэўніцца, што практыка адрозніваецца ад тэорыі, – з усмешкай успамінае Наталля. – Давялося самой многаму вучыцца. Калі ў выкладанні гісторыі я многае ведала, то выкладанне англійскай мовы, можна сказаць, прыйшлося пачынаць з нуля. Вялікі дзякуй маім старэйшым і больш вопытным калегам, якія дапамаглі і навучылі – Т.С. Лукошка, Н.Н. Ляшчэўскай, Н.С. Польскай, ды і наогул усёй кафедры замежнай мовы.


Хоць жыхары Астравеччыны, мне здаецца, больш ведаюць Наталлю не як настаўніцу, а як таленавітую спявачку. Вось і я ўпершыню ўбачыла яе на сцэне падчас раённага этапу фестывалю патрыятычнай песні. Нельга было не атрымаць асалоды ад яе мілага пранікнёнага голасу, шчырай манеры выканання песні.


– Музыка? Яна са мной з самага дзяцінства. Не ведаю, адкуль гэта ў мяне, бо ў сям’і ніхто не спяваў. А я з 6 гадоў у музычную школу хадзіла. З 7 гадоў выступаю на сцэне. Мне заўсёды падабалася і падабаецца спяваць. У музычнай школе адным з педагогаў была Д.М. Блашкевіч. Мне пашчасціла вучыцца на яе непаўторна прыгожым, а для мяне – самым лепшым голасе. Шчыра кажучы, я не лічыла і не лічу, што прыгожа спяваю. Наадварот, падчас вучобы ў музычнай школе здавалася, што лепш іграю на фартэпіяна, чым спяваю. Хацела нават пасля 9-га класа паступаць у музычнае вучылішча. Але бацькі знайшлі больш важкія аргументы, і пераканалі мяне, што трэба закончыць сярэднюю школу. А музыка заўсёды са мной. Гэта маё хобі, захапленне, тое, што падымае настрой і дапамагае жыць. Я спяваю ўсё, што бачу і адчуваю: рэкламу, вясну за акном, настрой, светаадчуванне... Словам, з музыкай і песняй крочу па жыцці. І заставіць мяне замаўчаць немагчыма. (Смяецца).


Дарэчы, менавіта дзякуючы музыцы Наталля знайшла сваё каханне. Яе, пастаянную ўдзельніцу розных раённых музычных конкурсаў, запрасілі на “Зорны дождж”, які праходзіў у Астраўцы. Вяртаючыся пасля канцэрта, яна раптам адчула, што ў адным напрамку з ёй, толькі па іншым баку дарогі, нехта ідзе. Глянуўшы мімаходзь, дзяўчына ўбачыла незнаёмага маладога чалавека. “Вось гэта, напэўна, мой будучы муж”, – чамусьці пранеслася ў галаве. А незнаёмец ужо пераходзіў дарогу, накіроўваючыся да Наталлі.


– Сама дагэтуль не магу зразумець, чаму так падумала. Як аказалася, ён таксама захапляецца музыкай, іграе на ўдарных інструментах. У іх з сябрамі была група, і ён вырашыў запрасіць мяне паспяваць з імі. Канешне, з першага разу я не згадзілася. (Смяецца). Але і Сяргей так проста не здаваўся: тэлефанаваў, запрашаў, нагадваў… Словам, угаварыў. А пасля падчас сустрэч, сумеснага творчага працэсу з’явілася моцнае пачуццё, якое прывяло да стварэння сям’і.


Сям’я для Наталлі – самая важная каштоўнасць. Гэта бачна і зразумела без слоў. Дастаткова пабачыць, з якім замілаваннем і любоўю яна расказвае пра мужа і дзяцей – Ванечку і Анечку.


– Безумоўна, сям’я – гэта самае галоўнае. Я вельмі люблю музыку. Але калі б прапанавалі зараз стаць “раскручанай”, паспяховай, вядомай ва ўсім свеце суперзоркай эстрады, але для гэта трэба было б пакінуць сям’ю, нізавошта не згадзілася б. Праца, кар’ера – усё праходзіць, а сям’я – гэта галоўнае… І яна ў мяне ёсць. Наогул, магу сябе лічыць шчаслівай. Я не люблю буйныя гарады, адчуваю сябе там некамфортна, і таму вярнулася ў Астравец. Заўсёды марыла аб уласным доме, дзе будзе месца для асабістай прасторы – і мы жывём у ім. З дзяцінства марыла стаць маці, заўсёды падабалася назіраць за мамамі з малышамі – зараз у мяне двое цудоўных дзетак. Як любой жанчыне, хацелася выйсці замуж за добрага, надзейнага, любячага мужа – і ён у мяне ёсць. Я адчуваю ўвагу і пяшчоту… Ведаеце, гады 4-5 таму назад адбыўся цікавы выпадак. Напярэдадні 8 Сакавіка мы паехалі на рынак купляць сыну камбінезон. Калі я разгарнула яго, каб паглядзець, адтуль выпаў залаты пярсцёнак. Сяргей да гэтага часу сцвярджае, што ён тут ні пры чым. Не ведаю, містыка гэта ці яго сакрэтнасць. А можа, сам лёс такім чынам яшчэ раз злучыў нас разам?


-----------------------------
Марына МАЦКЕВІЧ.
Фота Аляксандра ЮШЧУКА.