Музыкальные вечера в гервятском костёле

12:22 / 13.07.2012
5

Напрыканцы чэрвеня адбыўся другі дабрачынны канцэрт арганнай і вакальнай музыкі ў Гервяцкім касцёле. Білеты на які замаўлялі за некалькі тыдняў да пачатку. І нездарма: іх не хапіла ўсім жадаючым. Касцёл у той вечар быў перапоўнены.



Падобна, што музычныя вечары ў Гервяцкім касцёле Святой Тройцы становяцца традыцыяй, падзеяй, пад якую “падстройваюць” свае планы сотні людзей не толькі з Астравецкага і суседніх – Ашмянскага, Смаргонскага, Навагрудскага, Іўеўскага, Маладзечанскага – раёнаў, але і з блізкага і далёкага замежжа – Вільнюса, Масквы, Санкт-Пецярбурга, Калінінграда…



Гервяцкія вечары пакуль менш “распіяраны”, чым тыя, што праходзяць у Нясвіжскім ці Мірскім замку – на жаль, а можа, і на шчасце. Але па мастацкім узроўні, сіле ўздзеяння, магчыма, нават больш значныя. Прабачце за крамольнасць думкі – можа, якраз з-за гэтай сваёй “нераспіяранасці”. Таму, што людзі ідуць і едуць сюды дзеля сваёй душы, а не з тым, каб аднойчы пахваліцца сябрам ці выпадковым знаёмым: “І я там быў…”. І далёка не ўсе з іх – знаўцы і прыхільнікі сусветнай класікі: на апошнім падобным канцэрце быў заўважаны не толькі бамонд “Астравеччыны і наваколляў”, але і звычайныя вясковыя бабулькі ў святочных бялюткіх блузках і хусцінках і з намазоленымі на агародах ды сенажацях рукамі…



– Вышэйшай ісцінай для кожнага чалавека з’яўляецца тое, што Бог ёсць любоў. Кожны любячы прабывае ў Богу, і Бог – у ім. У кожным чалавеку схавана бездань любові, і ўся справа ў тым, каб адкрыць гэтую бездань. Гэтую святую місію лепш за ўсё выконвае сапраўдная, глыбокая, цудоўная музыка, – гэтыя словы ксяндза-пробашча Леаніда Пятровіча Несцюка напачатку канцэрта як мага лепш настроілі публіку на сустрэчу з цудоўным мастацтвам.
Але… Калі загучаў арган, усе забыліся пра ўсё – і пра казанне святара, і пра ўласныя незавершаныя справы і нявырашаныя праблемы… Запоўненая да рэшты зала Гервяцкага касцёла знямела… Душы людзей зліліся з гукамі незямной мелодыі – і, здаецца, пакінулі грэшныя целы і ўзняліся ў нябёсы – туды, дзе на самой справе вырашаюцца праблемы і завяршаюцца справы…



Калі прагучаў заключны акорд першай мелодыі, ніхто не зварухнуўся – нібы людзі не зразумелі, што ж адбываецца…
…Няпрошаным, безбілетным госцем у вітражнае акно алтара рвалася заходзячае сонца – зачапіўшыся апошнімі промнямі за востраканечны шпіль касцёла, яно нібы хацела затрымацца насуперак законам прыроды, прыпыніць бег часу, адцягнуць момант свайго дзённага развітання, затрымацца хоць на хвілінку – хоць бы дзеля таго, каб даслухаць “Авэ, Марыя”…
“Песня Маргарыты” Глінкі, “Паланэз” Агінскага, канон “Пад крылом Бога”, “Санта Лючыя”, варыяцыі да “Радаснага Уваскрэсення” – гэтыя і іншыя кампазіцыі гучалі ў абсалютнай, мёртвай цішыні – нібы і не знаходзілася ў храме больш чым тры сотні чалавек… І гэтая непарушная цішыня стаяла аж да таго часу, пакуль “O, Sole Mio” ў выкананні Таццяны Глазуновай не пранікла ў кожную пору душы і цела – слухачоў і храма. І тады зала ўзарвалася апладысментамі…



Якія перараслі ў сапраўдную несціхаючую авацыю, калі, закончыўшы канцэрт, арганіст касцёла Святой Тройцы, магістр музыкалогіі, бакалаўр культуры і гісторыі музыкі Андрэй Міхневіч, лаўрэат міжнародных конкурсаў, аспірант Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Іван Кучарэнка і салістка Нацыянальнага акадэмічнага аркестра сімфанічнай і эстраднай музыкі Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга, лаўрэат міжнародных конкурсаў, салістка Таццяна Глазунова спусціліся з хораў…



Пасля апладысментаў, кветак і слоў падзякі, калі ўзрушаныя слухачы, як сасуд з каштоўным гаючым напоем, панеслі свае напоўненыя любоўю і прыгажосцю сэрцы дахаты, я дачакалася артыстаў, каб падзякаваць іх за неперадавальныя пачуцці, што дорыць іх мастацтва, і спытаць: што ж адчуваюць яны самі, несучы людзям гэтую вечную, без перабольшвання – боскую музыку?


Таццяна ГЛАЗУНОВА:


– Канешне, мы шмат гастралюем з аркестрам Міхаіла Фінберга. І я не магу паскардзіцца – публіка ўсюды прыязная і добразычлівая. Але тут… Гэта зусім іншае. Хіба можа каго-небудзь пакінуць раўнадушным гэтая музыка – без перабольшвання шэдэўры сусветнай класікі, ды яшчэ калі яны гучаць у такім храме? Ведаеце, падчас канцэрта быў момант – гледачы яго, спадзяюся, не заўважылі – што я сама “адляцела” – забылася словы… Праз імгненне спахапілася: дзе я, што спяваю?
Я ж першапачаткова выхоўвалася як акадэмічная спявачка, гэта зараз у паўсядзённай працы больш выконваю эстрадныя песні. Але нездарма гавораць, што сапраўднай спявачкай можна стаць пасля трыццаці – калі ты ўжо маеш нейкі вопыт, у тым ліку і жыццёвы, і кожны твор выконваеш не голасам, а сэрцам, перш прапусціўшы яго праз сваё сэрца – а толькі потым несучы да слухача…
Ці будуць яшчэ падобныя канцэрты? Я на гэта вельмі спадзяюся! У нас быў у Гервятах вечар раманса, у снежні – першы канцэрт. І я не магла дачакацца другога – мне здавалася, што прамежак часу паміж імі занадта доўгі. Мяне цягнула сюды – у гэты храм, да гэтай музыкі, слухачоў… Пасля канцэрта да мяне падышоў за аўтографам хлопчык і такія словы сказаў… Я не магла потым распісацца – рукі дрыжэлі… Я не ведаю гэтага падлетка, але ўпэўнена: ён ніколі не зможа зрабіць нейкі злы ўчынак! У гэтым і ёсць сапраўдныя сіла мастацтва: яно – здароўе, асвета, духоўнасць нацыі.



Андрэй МІХНЕВІЧ:


– Гэты канцэрт я прысвяціў светлай памяці свайго хроснага бацькі Юрыя Пяткевіча, які амаль пяцьдзясят гадоў быў арганістам у Фарным касцёле Навагрудка. Ён першым падвёў мяне да аргана – і тым самым прадвызначыў усё маё далейшае жыццё. Канешне, у тыя камуністычныя часы майго дзяцінства і юнацтва наведваць касцёл, а тым больш – іграць на аргане, ды яшчэ калі маці з’яўлялася намеснікам рэдактара раённай газеты, было, мякка кажучы, няпроста. Але іграў, нават тады, калі служыў у арміі: ішоў у звальненне – а служыў я ў Літве – падыходзіў да першага сустрэтага касцёла, заходзіў тайком у захрыстую і прасіў: дайце пайграць, хоць крышачку, бо больш не магу трываць… Мяне разумелі – і я іграў…
А калі прыехаў у Гервяты… Ведаеце, раней была праблема – зачыненыя храмы, а цяпер – дэфіцыт сапраўдных святароў. І калі бачыш, як працуе ксёндз-пробашч Леанід Пятровіч Нясцюк, як ён імкнецца гэты касцёл ператварыць у сапраўдны храм – такому чалавеку хочацца дапамагчы ўсім, чым можна.
З Таццянай Глазуновай мы знаёмы з юнацтва, разам працавалі ў адным музычным калектыве – вельмі моцным, дарэчы. Потым прафесійныя шляхі разышліся, але сяброўскія адносіны засталіся. І зараз гэтыя канцэрты ў Гервяцкім касцёле – сапраўдная радасць, аддушына і для яе, і для мяне…



Ад сябе дадам: і сапраўдны, неацэнны падарунак для ўсіх слухачоў! Так хочацца, каб гэтая нядаўна народжаная традыцыя музычных вечароў у Гервяцкім касцёле працягвалася, дорачы людзям незабыўныя моманты еднасці з вышэйшай, любоўю і прыгажосцю, якое нясе сапраўднае мастацтва.


Ніна РЫБІК.