Итоги фестиваля правоcлавных песнопений

16:30 / 11.02.2013
1

Студзень – традыцыйная пара фестывалю праваслаўных спеваў “Слава ў вышніх Богу”.
Кожны год ён гучыць як апафеоз найвялікшай падзеі – Нараджэння Хрыстовага. Не толькі з клірасу, але і са сцэны ўзносяцца ўзвышаныя песнапенні ў славу Божага Дзіцятка.


Сёлета ўдзельнікаў адборачнага тура фестывалю прымалі Ашмяны, гасцінна расчыніўшы дзверы раённага Дома культуры. Майстэрства ў выкананні духоўнай музыкі дэманстравалі 15 калектываў – хоры прыходаў храмаў Ашмянскага, Смаргонскага і Астравецкага раёнаў. Гаспадары песеннага свята былі прадстаўлены найбольш шырока – хорам вучняў сярэдніх класаў Ашмянскай дзіцячай школы мастацтваў, узорным дзіцячым хорам “Тоніка” сярэдняй школы №3, а таксама арыгінальным аматарскім калектывам “Psalitte Deo”, у выкананні якога прагучалі песнапенні на латыні і польскай мове. З дзіцячых творчых калектываў варта адзначыць хор нядзельнай школы пры храме Праабражэння Гасподняга г.Смаргоні, які з года ў год дэманструе высокае мастацкае выкананне.
Зрэшты, не адзін ён – прыкметна павысілі сваё майстэрства ўсе ўдзельнікі адборачнага тура. Здавалася б, куды яшчэ расці дыпламанту двух аналагічных фестываляў мінулых гадоў – ансамблю храма святога прарока Іліі вёскі Альхоўка – пасля ўжо заслужанага прызнання? Але сёлета ён прадэманстраваў такія цудоўныя спевы, што ўразіў нават вялікага знаўцу духоўнай музыкі іерэя Дзімітрыя Тарараку, клірыка храма святога велікамучаніка Георгія г.Ліды і старшыні журы. Айцец Дзімітрый ад імя судзейскай калегіі, у складзе якой былі член Саюза кампазітараў Беларусі, аўтар шэрагу духоўных твораў Сяргей Бугасаў і дырэктар Лідскай школы мастацтваў Алена Спірына, з задавальненнем аб’явіў: альхоўцы зноў удастоены гонару прадстаўляць Астравецкае благачынне ў другім туры форуму духоўнай музыкі.
Адзначыў ён і высокі патэнцыял хору храма святых апосталаў Пятра і Паўла і выказаў надзею, што пераможныя дасягненні ў калектыву яшчэ наперадзе. Варта толькі імкнуцца да дасканаласці, а межаў у яе, як вядома, няма.


--------------------------
Таіса СЯМЁНАВА.