Молодые душой ветераны Островетчины

13:23 / 04.02.2013
1






Раённы фестываль творчасці ветэранаў працы пад такой назвай праходзіў у Астраўцы ўпершыню. Хаця, убачыўшы, якое хараство яны ствараюць сваімі рукамі, з якім энтузіязмам, задорам і радасцю спяваюць, як годна трымаюцца на сцэне – і як пры гэтым свецяцца шчасцем іх вочы, шчыра кажучы, у мяне язык не паварочваецца назваць іх ветэранамі. Не кожны малады можа пахваліцца такой
энергіяй і нястомнасцю. І, безумоўна, нам ёсць чаму ў іх павучыцца.

Прызнаюся шчыра: на фестываль я ішла з упэўненасцю, што гледачоў будзе няшмат. Ведаючы, як неахвотна нашы людзі наведваюць нават канцэрты сталічных “зорак”, не чакала шматлюддзя і ў гэты раз. Таму, калі зайшла ў фае кінаканцэртнай залы “Астравец”, дзе размяшчалася выстава разнастайных вырабаў удзельнікаў фестывалю, злёгку зніякавела – людзей было, што называецца, – яблыку няма дзе ўпасці. “Усе выставу глядзяць, затое ў глядзельнай зале, напэўна, лічаныя людзі”, – падумалася міжволі.
Ды толькі мой скептыцызм і тут пацярпеў поўнае паражэнне і саступіў месца прыемнаму здзіўленню – свабодныя месцы заставаліся толькі на апошніх радах. Значыць, фестываль абяцаў быць цікавым!
Але вернемся да выставы. Пераступіўшы парог фае кінаканцэртнай залы, адчула, што трапіла ў горад майстроў-умельцаў. Ды іх па-іншаму і не назавеш. Вочы разбягаліся ад разнастайнасці, непаўторнасці і прыгажосці – і часам нават не верылася, што ўсё гэта створана рукамі. Саламяныя конікі, жар-птушкі, скрыначкі-куфэркі, букеты, здаецца, сышлі са старонак казачных кніг. Сатканыя і вышытыя ручнікі свяціліся-пераліваліся вянкамі руж, васількоў і іншых кветак. Вязаныя сурвэткі і абрусы манілі і зачароўвалі сваімі неверагодна прыгожымі і дзіўнымі ўзорамі. Кампазіцыю вязаных рэчаў дапаўнялі і іншыя вырабы – кофтачка-павуцінка, цёплыя тапачкі-шкарпэткі, модная шапка… Немагчыма было прайсці і міма плеценых кошычкаў, вазаў у выглядзе савы, коціка ці чалавечка, чаравічкаў і кампазіцый з кветак.
Акрамя сваёй арыгінальнасці і прыгажосці, яны здзіўлялі тым, што былі сплеценыя са звычайнай паперы.
А некаторыя экспанаты на выставы былі сапраўдным выпрабаваннем для страўніка – пірагі, пячэнне, хвораст, вафлі, тарты… І ўсё свежае, духмянае, смачнае і, галоўнае, прыгатаванае рукамі вопытных гаспадынь. Так і хацелася прысесці за незвычайны столік-муху, які таксама быў прадстаўлены на выставе, і выпіць кубачак гарбаты з гэтымі прысмакамі. А заадно – палюбавацца фотавыставай, што размясцілася побач.
А яшчэ на выставе былі карціны. Намаляваныя – з квітнеючай яблыняй ля дарогі, заснежанымі хатамі, шырокай сінявата-шэрай рэчкай, у якой адлюстроўваюцца дрэвы. І вышытыя!
Прабачце мяне, мастакі, але калі з-пад вашых пэндзляў з’яўляюцца пейзажы і нацюрморты – я гэта магу яшчэ зразумець. А вось як з дапамогай іголкі і нітак можна стварыць непаўторнае хараство, перадаць драбнейшую гульню святла і ценю, перанесці на кавалак тканіны шыкоўны букет лугавых кветак, сарамлівы позірк маладой дзяўчыны, выгляд вячэрняй вёскі ці наогул вышыць святыя іконы – гэта вышэй майго разумення і выклікае толькі маўклівае захапленне.
Словам, удзельнікі фестывалю творчасці сваёй выставай не проста здзівілі, а ўразілі, прыемна шакіравалі і парадавалі.
А наперадзе чакаў канцэрт.
Права адкрыць першы раённы фестываль творчасці ветэранаў “Мы яшчэ маладыя душой” было прадастаўлена старшыні райвыканкама А.Д. Кавалька. Праўда, сваё выступленне Адам Дзмітрыевіч распачаў з сумнай навіны – пайшоў з жыцця яшчэ адзін ветэран вайны – Адам Станіслававіч Мундуць. І ўсе прысутныя ўшанавалі яго памяць хвілінай маўчання.
– На жаль, ветэранаў з кожным годам становіцца ўсё менш, – адзначыў падчас выступлення Адам Дзмітрыевіч Кавалька. – Пагэтаму мы павінны вельмі ўважліва адносіцца да іх, іх праблем і запатрабаванняў. Ды і наогул, самае галоўнае – гэта стварыць нармальныя ўмовы жыцця для ўсіх жыхароў нашага раёна.
Старшыня раённага савета ветэранаў Р.А. Герт падзякаваў райвыканкаму за падтрымку ў правядзенні фестывалю. І вось на сцэну выйшлі першыя ўдзельнікі фестывалю – народны хор ветэранаў “Вясёлка”. Узмах рукі музычнага кіраўніка Дануты Папеня – і палілася песня над залай. Затым – яшчэ адна. У калектыўным выкананні хору і салістаў Віктара Невяроўскага і Ганны Варэйка.
Аднак не толькі песні гучалі падчас фестывалю. Наогул жанры тут былі прадстаўлены самыя разнастайныя. Ядвіга Шаблінская прачытала ўласны верш пра сваю любімую і родную сярэднюю школу №1. Леанід Ушко на баяне сыграў паклад, Ірына Стэх бойка праспявала-расказала пра сустрэчу казака і казачкі. Людміла Кухарэвіч падрыхтавала не проста музычны нумар, а цэлае артыстычнае выступленне, дзе дзве пары танцавалі вальс пад яе песню. Душэўна і кранальна прагучала і вядомая песня з кінафільма “Вясна на Зарэчнай вуліцы” ў выкананні Івана Сіраша.
А як мілагучна, чулліва і пяшчотна спявалі Галіна Яцэвіч, Марыя Пешка, Ірына Тумко, Ніна Савостава, Ірына Сівец! Свае песні яны выконвалі не толькі прыгожымі моцнымі галасамі, але і душой.
А яшчэ вельмі спадабалася выступленне сясцёр Яніны і Ядзвігі Пілецкіх з Гудагая. Крыху хвалюючыся перад вялікай аўдыторыяй, яны спачатку нясмела, а затым усё больш задорна, па-міламу проста і вельмі душэўна праспявалі вясёлую песню пра падманшчыка суседа-дамавога.
Парадавалі гледачоў сваімі нумарамі і музычныя калектывы. На якой толькі мове не гучалі тут песні: польскай, літоўскай, украінскай. Народны ансамбль з Рымдзюн “Жыльвіціс”, гервяцкая “Палісяначка”, міхалішкаўская “Вілія” і мужчынская група “Польскага рэха Астраўца” падарылі прысутным не толькі прыгожыя песні, але і пазітыўныя эмоцыі.
Свае музычныя падарункі для ўдзельнікаў фестывалю, а таксама ўсіх прысутных падрыхтавалі і юныя артысты Астравеччыны. Дзявочая група “Шарм”, харэаграфічны калектыў Трокеніцкай БШ, Анастасія Клімашэўская, танцавальны калектыў “Астравок” і іншыя прадэманстравалі гледачам сваё майстэрства.
Завяршылася ж урачыстасць уручэннем дыпломаў усім удзельнікам фестывалю. І спадзяваннем, што фестываль маладых душой ветэранаў стане традыцыйным.


----------------------------
Марына МАЦКЕВІЧ.
Фота Аляксандра ЮШЧУКА.