"Кемяліна" отмечала юбилей

17:00 / 11.01.2013
3

Чароўныя гукі народнай песні запоўнілі вечарам 26 снежня кінаканцэртную залу “Астравец”. У гэты дзень свой дзесяцігадовы юбілей адзначаў ансамбль народнай песні Кямелішкаўскага сельскага Дома культуры “Кемяліна”. Дарэчы, трэба адзначыць, што ў Астраўцы склалася добрая традыцыя напярэдадні новага года праводзіць канцэрты лепшых артыстаў і творчых калектываў.


Давайце ж узгадаем асноўныя старонкі жыцця гэтага цудоўнага ансамбля.
Калектыў “Кемяліна” быў створаны ў 2002 годзе. У яго склад увайшлі работнікі медыцыны, сельскай гаспадаркі, гандлю, музычнай школы і Дома культуры. І ўсіх гэтых людзей аб’яднала любоў да народнай песні.
Першы канцэрт ансамбль даў да 30-годдзя Кямелішкаўскага СДК. А самым насычаным у творчай кар’еры ансамбля стаў 2004 год. Тады яго ўдзельнікі прынялі ўдзел у мерапрыемствах, прысвечаных 900-годдзю г. Навагрудка, выступілі на рэспубліканскіх “Дажынках” у Ваўкавыску, занялі першае месца на І міжрэгіянальным фестывалі “Песня памежжа”.
За 10 гадоў калектыў даў каля сотні канцэртаў. І не толькі на радзіме. Артыстаў “Кемяліны” з захапленнем віталі аматары мастацтва Літоўскай Рэспублікі, Рэспублікі Польшча.
25 жніўня 2005 года калегія Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь прысвоіла ансамблю народнай песні “Кемяліна” званне “Народны аматарскі калектыў”. Але, пабываўшы на канцэрце, язык не паварочваецца назваць ансамбль аматарскім. На сцэне выступалі сапраўдныя прафесіяналы. Гэта было відаць і па падборы рэпертуара, і па уменні артыстаў трымацца перад публікай. А самае галоўнае – высокі ўзровень выканаўчага мастацтва. Гарманічнае пяцігалоссе ў выкананні беларускіх, рускіх, польскіх народных песень прымушала сэрца біцца хутчэй, а ногі самі сабой прасіліся ў скокі.
У ансамбля народнай песні “Кемяліна”, якім кіруе Сяргей Віктаравіч Дзям’янчык, шмат дасягненняў. А ў ліпені 2012 года калектыў стаў дыпламантам рэспубліканскага фестываля харавога мастацтва “Пеўчае поле” ў Мядзелі.
У пачатку новага года хочацца пажадаць усім артыстам ансамбля самага найлепшага ў асабістым жыцці, далейшых творчых поспехаў. Каб яшчэ доўгія гады яны радавалі сваіх прыхільнікаў мілагучнымі песнямі і жыццярадаснымі танцамі.
А яшчэ хочацца звярнуцца да жыхароў Астраўца. Паважаныя землякі! Калі будзе магчымасць пабываць на канцэрце ансамбля народнай песні “Кемяліна” – абавязкова зрабіце гэта. Вы атрымаеце вялікае задавальненне ад сапраўды прафесійных артыстаў, улюбёных у народную песню, паслухаеце і паглядзіце “жывое”, без усялякай “фанеры”, выступленне прыгожых таленавітых людзей.


Аляксандр Юшчук.
Фота аўтара.