Евгений Устименко: "Главное, чтобы вещь сохранилась и её история нашла своё продолжение"

10:00 / 21.05.2015
1
З дзяцінства Яўген Усціменка цікавіўся гісторыяй. Магчыма, гэтаму паспрыяла тое, што яго бацька Ігар Рыгоравіч Усціменка выкладае у Міхалішкаўскай сярэдняй школе гісторыю? Часам юнаку даводзілася дапамагаць бацьку ў школьным музеі – гэта таксама падабалася. І таму пасля школы перад выбарам Яўген не стаяў – паступіў ва ўніверсітэт культуры і мастацтваў. Гады вучобы праляцелі хутка – і малады спецыяліст-музеязнаўца вярнуўся на Астравеччыну.


Сёння Яўген Усціменка працуе метадыстам па музеях і ахове культурных помнікаў раённага метадычнага цэнтра культуры. На жаль, пакуль што Астравец не можа пахваліцца будынкам свайго музея, аднак у Астравецкім гісторыка-этнаграфічным музеі сабраны 1865 экспанатаў асноўнага фонду і 404 – з фонду навукова-дапаможных матэрыялаў.

– У нашым музеі шмат цікавых экспанатаў. І яго супрацоўнікі на чале з дырэктарам Марынай Праўлуцкай стараюцца дэманстраваць іх жыхарам нашага раёна, – расказвае Яўген Усціменка. – Мы арганізоўваем выставы, наведваем школы, расказваем вучням пра наш фонд.

Экспанаты ў музей трапляюць рознымі шляхамі. Большасць, канешне, сабрана нашымі работнікамі, многія рэчы прыносяць жыхары горада і раёна і аддаюць іх бясплатна – галоўнае для іх, каб рэч захавалася і яе гісторыя знайшла сваё прадаўжэнне. Праўда, ёсць экспанаты, якія людзі гатовы аддаць толькі за грошы, – такія рэчы пакуль што чакаюць свайго часу.

Яўген Усціменка займаецца не толькі музейным фондам, але і аховай гісторыка-культурнай спадчыны. А яна ў Астравецкім раёне мае багатую гісторыю. У дзяржаўны спіс гісторыка-культурнай спадчыны ўнесены 8 архітэктурных: касцёл Узнясення Святога Крыжа ў вёсцы Быстрыца, касцёл Святога Георгія ў Варнянах, касцёлы Святога Георгія (в. Варона), наведвання Божай Маці ў мястэчку Гудагай, Нараджэння Багародзіцы (Кямелішкі), Святога Міхаіла Архаанёла (Міхалішкі), Святой Тройцы (Гервяты) і Троіцкая царква старавераў у вёсцы Стрыпішкі – і 16 археалагічных помнікаў, размешчаных на тэрыторыі нашага раёна. І асноўная задача спецыялістаў захаваць іх для будучых пакаленняў.

Нядаўна група валанцёраў грамадскай арганізацыі “Экадом” разам з Яўгенам Усціменкам добраўпарадкавалі сядзібу Мар’яна Богуша-Шышкі. Аднак многія з помнікаў культуры нашага раёна ўсё яшчэ чакаюць свайго часу і жадаючых унесці свой уклад у іх аднаўленне.

– Важным накірункам у нашай рабоце з’яўляецца інфармацыйная работа, – расказвае Яўген Усціменка. – І калі пра адказнасць за пашкоджанне гісторыка-культурнай спадчыны людзі больш-менш ведаюць, то што трэба зрабіць, каб устанавіць помнікі ці іншыя творы манументальнага і манументальна-дэкаратыўнага мастацтва на нейкай тэрыторыі – ведаюць далёка не ўсе. А між тым за парушэнне гэтых правіл і ўстаноўку помнікаў – твораў манументальнага і манументальна-дэкаратыўнага мастацтва без адпаведнага ўзгаднення вінаватыя нясуць адказнасць па закону, а помнікі, якія ўстаноўлены самавольна або не прайшлі дзяржаўную прыёмку ва ўстаноўленым парадку, падлягаюць дэмантажу.

– Гэта на першы погляд здаецца, што ўсё вельмі проста, – працягвае Яўген. – З’явілася задума – стварыў помнік, устанавіў яго. Аднак у першую чаргу трэба накіраваць у мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы пісьмы-звароты з абгрунтаваннем неабходнасці стварэння (рэканструкцыі) і ўстаноўкі твора манументальнай скульптуры. Потым прайсці шэраг працэдур – і толькі тады атрымаць дазвол на яго ўстаноўку.

Даведацца пра ўсё гэта, а таксама атрымаць адказы на іншыя пытанні, якія датычацца аховы культурных помнікаў і функцыянавання музея, можна ў раённым метадычным цэнтры культуры аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама (вул. К. Маркса, 39) ці па тэл. 8029-880-68-27 (Яўген Усціменка).


----------------------

Падрыхтавала Алена ЯРАШЭВІЧ.