Островецкие молодожёны выиграли клад в лотерее "Суперлото"

13:00 / 09.02.2016
Treasure ChestМаладая сям’я ствараецца на аснове кахання. Так было заўсёды – і гэта неаспрэчная ісціна. Ужо потым, значна пазней, з’яўляюцца ўзаемаразуменне, душэўнасць і ўменне тонка выбудоўваць сямейныя адносiны і весцi быт. Зразумела, што і без дзяцей не пражывеш. І, як бы гэта банальна ні прагучала, без грошай таксама! Бо без іх – і ні туды і ні сюды. Дарэчы, пра грошы і пра тое, што цуды ўсё ж здараюцца, я нядаўна ўпэўнілася зноў.

У Дзяніса і Карыны ўсё пачыналася, як i ва ўсiх. Мацi з бацькам рыхтавалiся да вяселля, хвалявалiся: усё ж такi жанiлi апошняга сыночка, пятае сваё дзiця.
І вось гэты шчаслівы дзень настаў. На календары – 23 студзеня. Менавіта ў гэты дзень Дзяніс і Карына ўзаконiлi свае адносiны ў Астравецкiм ЗАГСе. Вяселле – у самым разгары. Усё як звычайна: віншаванні, песні, танцы.
Пачалiся «дараваннi» – кожны хоча пакінуць маладым памяць пра сябе. І кожны гэта робіць па-свойму. Некаторыя – грошы дораць, іншыя – падарункі… А адна з гасцей на даравальны стол білет “Суперлато” паклала.
Вяселле працягвалася, а маладыя між тым адправіліся дадому. Палічылі падораныя грошы, разгледзілі падарункі і ўзяліся за латарэйны білет – розыгрыш якраз на 24 студзеня прыпадаў!
Як галава сям’і, Дзяніс узяўся сціраць запаветнае “акенца” – і не паверыў сваім вачам: адзін за адным там праявіліся словы “Клад. Клад. Клад”. А гэта ўжо гарантыя таго, што нешта ўсё ж перападзе. Ад здзіўлення Дзяніс вымавіў толькі адно слова “Хутчэй!” і кінуўся да камп’ютара: трэба ж паспець на гульню зарэгістравацца!
З ранiцы сабраліся госці, каб працягваць баль, а жаніха з нявестай няма – у іх на “павестцы дня” былі іншыя клопаты: яны паехалі на эфір праграмы “Суперлато”.
Так вяселле для гасцей закончылася каля тэлевізара: усім хацелася ўбачыць “сваіх” людзей у студыі і дазнацца, чым закончацца гэтыя шлюбныя прыгоды для Дзяніса і Карыны.
І сюрпрыз, які падарыла адна з гасцей у выглядзе латарэйнага білета, аказаўся важкім – пяць з паловай мільёнаў!
денис 23Вось такая двайная радасць напаткала нашых маладых. Застаецца толькі пажадаць ім берагчы i множыць душэўныя і матэрыяльныя багацці! Хочацца спадзявацца, што i ў сямейным жыццi iм таксама выпаў шчаслiвы бiлет!

-------------------------
Рэгіна ДРЭМА, в. Ліпкі.