Пра аварыю на Чарнобыльскай АЭС успамінаюць Аляксей і Эма Жылякі

18:00 / 26.04.2024

38 гадоў мінула з таго дня, калі аварыя на Чарнобыльскай АЭС раздзя­ліла жыццё не толькі Беларусі і беларусаў, але і ўсяго свету на «да» і «пасля». Пастарэлі, дачакаліся ўнукаў, а хто і праўнукаў маладыя бацькі, якія ў тыя веснавыя дні шалелі ад трывогі за дзяцей, ад няведання і безда­паможнасці. Хлопчыкі і дзяўчынкі, якіх вывозілі доўгія аўтобусныя калоны з забруджанай зоны, сталі саліднымі мужчынамі і элегантнымі жан­чынамі, бацькамі сямействаў і клапатлівымі матулямі ці ўжо нават дзядулямі і бабулямі.

І ўсё ж, нягледзячы на амаль чатыры дзесяцігоддзі, што мінулі з таго часу, зорка Чарнобыля, якой было пазначана іх жыццё, хоць свеціць і мігціць не так ярка і трывожна, як у першыя месяцы і гады, не згасае, вяртаючыся час ад часу горкімі ўспамінамі, асацыяцыямі, паралелямі.

У нашым раёне – зрэшты, як і ва ўсіх рэгіёнах краіны – жыве нямала так званых чарнобыльцаў – людзей, якія пакінулі малую радзіму, ратуючыся ад палохаючага сваёй невядомасцю ўздзеяння радыяцыі. 

Аднымі з першых пера­сяленцаў з паўднёва-ўсходняга ўскрайку краіны – Хойнікаў – у яе паўночна-заходні край – Астравец – стала сям’я Аляксея і Эміліі ЖылякоўМы папрасілі іх падзяліцца ўспамінамі.

Аляксей Кляменцьевіч:

– Я ў той час з’яўляўся дырэк­тарам аўтабазы Галоў­пале­се­вод­буда. Гэта была даволі са­лідная арганізацыя – каля ста адзінак грузавога аўтатранспарту, 130 ча­лавек працуючых. У сістэму Галоў­палесеводбуда ўва­­­хо­дзілі таксама хойніцкія завод жалеза­бетонных вырабаў – мы пера­возілі іх прадукцыю па ўсіх раёнах Беларусі і нават у расій­скія Клінцы, ПМК-2, ад­дзе­лы рабочага забеспячэння. Падпа­радкоўваліся непасрэдна Маск­ве, там знаходзіўся наш глаўк.

Эмілія Макараўна:

– А я працавала галоўным інжы­нерам вузла сувязі – тады яшчэ не было падзелу на электрычную і паштовую, але маёй прэрагатывай была найперш тэлефанія.

У нас падрастала двое дзяцей: у 1986-м Ігару было 13 гадоў, Юру – 8. Мелі кватэру ў новым мікра­раёне горада. А ў старой частцы Хойнікаў, у прыватным доме на Паўночнай вуліцы, жыла маці Аліка.


Жылякі з сынам Ігарам

Аляксей Кляменцьевіч:

– Аварыя здарылася ў ноч на 26 красавіка. Гэта была субота. Вядома ж, ніхто нічога не ведаў, мы паехалі да маці садзіць агарод. Было вельмі цёпла, нават горача. Усе распрануліся, загаралі. Дзеці бе­галі побач… 

І тут нейкі незразумелы гук па­чуўся з неба. Узнялі галовы: на поўдзень цяжка ляцела некалькі верталётаў. Стала неяк трывожна…

Эмілія Макараўна:

– А мы ў той дзень праводзілі суботнік. У зоне, якая потым трапіла ў першую хвалю адся­лення – Радзін, Пагоннае, – разбу­рыліся лініі радыёфікацыі і патрабавалася зрабіць перападвеску. Адправілі туды людзей, яны вечарам вярнуліся – не пазнаць! Твары проста бронзавыя! Мы ніяк не маглі зразумець: як за дзень можна было так загарэць… 

Аляксей Кляменцьевіч:

– Начавалі ў маці, у нядзелю вярнуліся ў кватэру – тэлефон разрываецца. Узяў трубку. «Вы Жыляк?» – пытаюцца. «Так, – адказваю. – А ў чым справа?» «Гэта з міліцыі. Нікуды не адлучайцеся, будзьце ўвесь час на сувязі». «А што здарылася?» – пытаюся. «Пакуль нічога дакладна невядома, у Чарнобылі нешта ўзарвалася. Магчыма, спатрэбіцца транспарт вашай арганізацыі». Так я ўпершыню даведаўся пра аварыю ў Чарнобылі.

Эмілія Макараўна: 

– Калі мы прыйшлі на работу ў панядзелак, адна з супрацоўніц расказала, што ў нядзелю ездзіла ў Прыпяць – горад энергетыкаў Чарнобыльскай АЭС – як сёння б сказалі, на закупы. Там было лепшае забеспячэнне, і многія жыхары нашага раёна пры нагодзе выпраўляліся туды за каўбасамі і іншымі дэфіцытамі. Жанчына ўстрывожана гаварыла, што ў Чарнобылі, напэўна, нешта здарылася: там поўны горад аўтобусаў і некуды вывозяць лю­дзей. Але дакладнай інфармацыі не было.

Аляксей Кляменцьевіч:

– Яе нідзе не было. Мы пра­цавалі, як і раней. Ніякіх мер бяспекі ў першыя дні не прад­прымалі, хоць грузавікі ад­праў­лялі ў тым ліку і ў Брагінскі раён, у Камарын – на самую мяжу з Украінай. Галоўная задача, якую нам ставілі, – супакоіць людзей, не дапусціць панікі.

Эмілія Макараўна:

– Але паніка ўсё роўна была. Афіцыйнай інфармацыі не давалі, а зямля чуткамі поўнілася. Жанчыны, у каго малыя дзеці, зрываліся і ехалі куды заўгодна, абы падалей. Вузел сувязі апусцеў. А сувязь у той час патрабавалася ўсім і адразу. Да таго ж у горад сталі прыбываць ваенныя часці, з імі таксама трэба было тэрмінова наладжваць якасную і надзейную тэлефонную сувязь.

Раней 10 гадзін вечара вырвацца з работы не ўдавалася ні мне, ні мужу. Дзеці самі сябе глядзелі, ды яшчэ свякроўка дапамагала. Яна ж, калі мы, стомленыя і рас­­тры­вожаныя, позна ўвечары вярталіся дахаты, ратавала нас ад радыяцыі народным сродкам, якім тады ўсе карысталіся: на­лівала па сто грамаў самагонкі. А яшчэ родзічка, якая працавала ў аптэцы, прынесла ёдзістыя прэпараты, расказала, як іх ужываць, наказала абавязкова даваць дзецям. 

Аляксей Кляменцьевіч:

– Першага мая мы разам са сваімі калектывамі, нібы нічога не здарылася, выйшлі на дэманстрацыю. Многія былі з дзецьмі. Нам хапіла розуму не браць хлопцаў.


Эма Жыляк на Першамайскай дэманстрацыі

Эмілія Макараўна:

– А 2 мая сабралі партактыў горада і ўпершыню афіцыйна аб’явілі пра аварыю на Чар­но­быль­скай АЭС. Сказалі не ўжы­ваць малочныя прадукты, дзяцей не выпускаць на вуліцу, як мага часцей рабіць вільготную ўборку ў памяшканнях. І сваім калектывам расказаць пра неабходныя меры бяспекі. І пры гэтым самім захоўваць спакой і супакойваць людзей…

А потым з вёсак, якія былі блі­жэй да Украіны, сталі вывозіць дзяцей…

Аляксей Кляменцьевіч:

– Спачатку сталі вывозіць маёмасць сельгаспрадпрыемстваў: жывёлу, тэхніку, матэрыяльныя каштоўнасці. І толькі потым лю­дзей.

Эмілія Макараўна:

– Нам, як і ўсім, было страшна за дзяцей. Але пакінуць свае арганізацыі мы не маглі: абое на кіруючых пасадах, каму­ністы, я да таго ж сакратар парткама. 

У адной маёй супрацоўніцы было малое дзіця, і ёй не было куды ехаць. А ў Аліка ў Брэсце жыла цётачка. І мы адправілі да яе сваіх сыноў у суправаджэнні гэтай супрацоўніцы з яе дзі­цят­кам. Цётачка, Соф’я Міхай­лаўна Шага­вік, светлая ёй памяць, прытуліла ўсіх…

Аляксей Кляменцьевіч:

– Адправіць-то адправілі, а праз дзень першы сакратар райкама партыі даў заданне дырэктарам школ паведаміць, чыіх дзяцей няма на занятках.  

Трапілі ў «чорны спіс» і нашы хлопцы. Мяне выклікалі на размову ў «белы дом». Пясочылі па поўнай! «Як ты можаш – ты ж камуніст, кіраўнік, павінен прыклад паказваць падначаленым, а ты паддаўся паніцы». Пагражалі ўсімі смяротнымі карамі: і партбілет пакладзеш на стол, і з работы звольнім… Ды, на маё шчасце, назаўтра прыйшоў загад вывезці з горада ўсіх дзяцей школьнага і дашкольнага ўзросту.

Эмілія Макараўна:

– Калі адпраўлялі сыноў у Брэст, думалі, што гэта нена­доў­га, што вось-вось усё вырашыцца, нармалізуецца. А ўсё зацягвалася на няпэўны тэрмін. Месяц мінуў, другі пайшоў, а лягчэй не станавілася, наадварот, усё больш трывожна. Ваенныя, якія прыбывалі ў горад, часта заходзілі да нас на вузел сувязі і расказвалі тое, пра што па тэлевізары не гаварылі. Было зразумела, што дзяцей дахаты забіраць няма як. А цётачка немаладая, цяжка ёй з такой нагрузкай… І вырашылі мы хлопцаў забраць з Брэста і адправіць у  піянерскія лагеры, кудыіншых хойніцкіх дзяцей вывезлі.

Аляксей Кляменцьевіч:

– Яны ў розныя лагеры трапілі, добра хоць, што хоць абодва ў Мінскую вобласць. Кожныя выхадныя мы выпраўляліся ў вандроўку: садзіліся ў машыну і ехалі сыноў праведваць. 

Эмілія Макараўна:

– Аднойчы прыязджаю да Юры. Кажуць: усе дзеці на канцэрце. Прыходжу ў клуб, а маё дзіця сядзіць у нейкай куртачцы, у гумовых ботах на босую нагу, гарачае – тэмпература… Стала абу­рацца. Мне дазволілі пе­ра­начаваць з сынам, а назаўтра ўсё роўна трэба ехаць дахаты: работа! Расказала пра ўсё мужавай сястры, якая ў Мінску жыла. Соня пад­няла шум, забрала малога і прывезла ў Астравец: тут жыў стрыеч­ны брат Аліка Віктар Ярашок. 

Аляксей Кляменцьевіч:

– А Ігару пашанцавала: яго неўза­баве адправілі ў «Артэк» – гэта быў самы лепшы, самы прэстыжны піянерскі лагер у Савецкім Саюзе.

Эмілія Макараўна:

– І Юра пабыў у Астраўцы толькі месяц. У жніўні нам з мужам нарэшце далі адпачынак, і мы ўсе разам – акрамя Ігара, вядома, – паехалі на мора, у Абхазію.


1986 год Жылякі з сынам Юрам у Абхазіі

Аляксей Кляменцьевіч:

– А ў верасні дзяцей вярнулі з лагераў і санаторыяў назад, у Хойнікі, пачаўся навучальны год – і ўсё супакоілася. Жылі і працавалі, як і раней…

Эмілія Макараўна:

– Хоць усё роўна трывога сэрца грызла. Не за сябе – за дзяцей: як жыццё на забруджанай тэрыторыі паўплывае на іх здароўе?

Аляксей Кляменцьевіч:

– Віктар Ярашок, які да таго часу стала атабарыўся ў Астраўцы,  клікаў да сябе, маўляў, прыязджай, паглядзі, якая ў нас прырода, мясціны, чыстыя ад радыяцыі… Ды як ты кінеш? Тады выехаць з Хойнікаў было практычна немагчыма. Хіба толькі з «воўчым білетам» …

Эмілія Макараўна:

– А я, па праўдзе кажучы, і не хацела ехаць у Астравец. Я прывыкла да гарачай вады ў кватэры, да цывілізацыі, а тут у той час каровы па плошчы хадзілі…

Але дзеля дзяцей на ўсё по­йдзеш. Кожнае лета мы адпраўлялі іх да радні на Віцебшчыну. Часта думала: колькі можна жыць у вечным страху за іх здароўе? Паступова звыкліся з думкай, што трэба пераязджаць.

Аляксей Кляменцьевіч:

– У 1989 годзе адкрылі карты забруджвання тэрыторыі, дазволілі свадобнае адсяленне для жыхароў Хойнікаў. І мы вырашылі: трэба ехаць! Я пазнаёміўся з тагачасным на­чальнікам ДРБУ-159 Уладзімірам Кокашам, ён пра­панаваў работу, паабяцаў жыллё… І мы рашыліся!

Я прыехаў у Астравец у чэрвені 89-га – напачатку адзін. Мяне ўзялі на пасаду галоўнага механіка – быў на ўсё згодзен! Пасяліўся ў канторы, выдзелілі мне там пакойчык. У верасні забраў Ігара – яму трэба было ісці ў адзінаццаты клас, не хацелася разрываць навучальны год паміж рознымі школамі і гарадамі. Хуткімі тэмпамі будаваўся двухкватэрны дом па вуліцы Міра, дзе адну з кватэр абяцалі нам…

Эмілія Макараўна:

– Мы з Юрам пераехалі ў Астравец у лістападзе, калі дом здалі. Па сутнасці, толькі сцены, падлога ды столь былі ў кватэры. Зімой на вокнах лёд намярзаў. Але затое можна не баяцца за здароўе дзяцей! Паціху абуладкаваліся.

Мяне ўзялі на работу інжы­нерам на вузел сувязі, так што, можна сказаць, вярнулася ў сваю стыхію. Калектыў аказаўся дружным, та­варыскім, прынялі мяне, як сваю. А хутка ў яго ўлілася яшчэ адна наша хойніцкая зямлячка Ірына Таль­чук, з якой мы і на радзіме пра­цавалі побач. Стала зусім добра!

Аляксей Кляменцьевіч:

– Неўзабаве землякоў у Аст­раў­цы стала шмат: са сваёй будаў­нічай арганізацыяй сюды пераехаў Мікалай Кавалёў. Сталі ўзводзіць жыллё для «чарно­быльцаў». Ды і самі па сабе людзі пераязджалі.

Я пасля ДРБУ нейкі час пра­цаваў у калгасе «Чырвоны Каст­­рыч­­нік». А пасля таго як Ула­дзі­­мір Кокаш узначаліў іншую арга­­ніза­цыю, мяне прызначылі на­чаль­нікам да­рожна-будаўнічага ўп­раўлення. Дзе­сяць гадоў пра­ца­ваў у Хойніках начальнікам аўта­базы, столькі ж у Астраўцы – на­чальнікам ДРБУ-159.

Эмілія Макараўна:

– Ведаю, што многія цяжка прывыкалі на новым месцы. Многія і цяпер сумуюць па радзіме, мараць вярнуцца. Але гэта не пра нас. Мы прыжыліся даволі хутка і бязбольна. Адно, што пашанцавала з калектывамі. Другое – радня. І гэта не толькі Віктар Ярашок і яго сям’я. Неўзабаве мы забралі да сябе свяк­роўку – і баба Аня, дзякуй Богу, пражыла з намі да 93-х гадоў, хоць апошнія 5, зламаўшы нагу, дзень і ноч сядзела ў крэсле. А пазней і яе сястра, тая самая цётачка Соня, якая жыла ў Брэсце і прытуліла нашых і чужых дзяцей у самыя страшныя паслячарнобыльскія месяцы, перабралася сюды. Цяпер ужо абедзве, як і яшчэ адна іх сяст­ра, маці Віктара Ярашка, як і ён сам, – ужо ў лепшым свеце… Але затое нам ёсць каго праведваць на Радуніцу на астравецкіх могілках…

Аляксей Кляменцьевіч:

– Бываем мы і ў Хойніках, дзе таксама засталіся родныя магілы. Але сёння там і павітацца няма з кім... І ўжо Астравец нам – родны горад, другая радзіма...

Цяпер Аляксей і Эмілія Жылякі на заслужаным адпачынку. Дзеці іх даўно дарослыя паспяховыя людзі. Ігар закончыў Вільнюскае ваеннае вучылішча – ажыццявіў бацькаву мару, які хацеў стаць ваенным. Трапіў па размеркаванні на Далёкі Усход, ды там і застаўся. Дзякуючы сыну і бацькі пазнаёміліся з непаў­торнай прыродай Камчаткі і зразумелі, чаму дзеці прыкіпелі да яе душой і не імкнуцца вярнуцца ў Беларусь. Там, за 8 тысяч кіламетраў, якія пры сучасных сродках сувязі не з’яўляюцца непераадольнай адлегласцю, у Жылякоў выраслі дзве ўнучкі і ўжо нават з’явілася праўнучка!


Жылякі на Камчатцы

А Юра пайшоў па бацькавых слядах: закончыў дарожна­будаўнічы факультэт БНТУ. Але таксама не застаўся на радзіме: ён жыве і працуе ў Маскве.

А яны, Аляксей Кляменцьевіч і Эмілія Макараўна, – разам, поруч, рука ў руцэ, у горы і радасці, у выпрабаваннях і іх пераадоленні, вось ужо больш за 50 гадоў крочаць па жыцці пад зоркай Чарнобыля…



Текст: Нина Рыбик