Не пасавала перад нягодамі

17:26 / 13.05.2010

На гэтую шаноўнага ўзросту жанчыну я звярнула ўвагу два гады таму ў царкве. На твары, пакрытым сетачкай маршчын, свяціліся дабрынёй карыя вочы, шчырая прыветлівая ўсмешка была адказам кожнаму, хто да яе звяртаўся. Падумалася: жанчына пражыла вялікае і, мусіць, няпростае жыццё...


У сям’і Шагавікоў старэйшую дачушку звалі інтэлігентна – Софа, Софачка. Жыла яна ў Хойніках на Гомельшчыне, імя – ці не самае папулярнае ў горадзе, прычым сярод маладых дзяўчат – менавіта ў такім памяншальным варыянце. Зрэшты, перад вайной яна была ўжо дарослай паненкай, адукаванай – з тэхнікумаўскім дыпломам, працавала загадчыцай аддзела сельскай гаспадаркі ў райвыканкаме і мела ў сваім падпарадкаванні дзвюх дзяўчат і дваіх мужчын больш сталага ўзросту, якія называлі яе Соф’яй Міхайлаўнай. Начальства яе паважала – за стараннасць, дакладнасць і выключную пунктуальнасць у рабоце.
Дзяўчына шмат ездзіла па калгасах – дапамагала наладжваць улік насення, угнаенняў, сабранага ўраджаю... У асабістым плане таксама ўсё складвалася добра: сустрэла сваё вялікае каханне — маладога спецыяліста Дзмітрыя Карпенку, які прыбыў у Хойнікі па размеркаванні, выйшла за яго замуж, нарадзіла дачушку. Праўда, немаўлятка неўзабаве памерла...
І гэтая драма – вузенькая цёмная паска ў жыцці Софы, якая неўзабаве пашырылася да страшнай чорнай паласы ў лёсах мільёнаў людзей – пачалася вайна. Мужа мабілізавалі на фронт. Ён прападзе без вестак у першыя ж месяцы баявых дзеянняў, і ў закаханым сэрцы Софы на ўсё жыццё застанецца балючая стрэмка...
А яе саму чакала паспешлівая, спантанная эвакуацыя ў глыбокі тыл: прыйшоў старшыня райвыканкама, загадаў сабраць і спакаваць самыя важныя дакументы, астатнія – знішчыць. Мітусня ў выканкамаўскіх кабінетах, нервознасць, плач супрацоўніц, на сталах, падлозе, у двары – папяровы вэрхал... Тыя горкія зборы Соф’я Міхайлаўна помніць і сёння. Не далі нават як след развітацца з роднымі: эвакадакументы ў рукі і – бягом у поезд. Добра, хоць не адна ехала – з сяброўкай Браніславай Гулевіч, бухгалтарам райфінаддзела. Усё ж лягчэй пратрымацца на чужыне.
І пацягнулася доўгая дарога вайны, дарога болю і страху: які лёс напаткае бацькоў, сястру, што павінна была хутка нарадзіць дзіця? (Да родных дайшла чутка, што эвакацягнік разбамбілі немцы. У памяць аб Соф’і сястра назвала дачку яе імем). Што ўрэшце чакае іх з Броняй на новым месцы? Калі, вядома, даедуць да яго – вайна літаральна наступала на пяты...
Цягнік давёз дзяўчат да Куйбышава. Праца ім знайшлася хутка: Соф’ю накіравалі ў Кутузаўскі раён загадваць аддзелам народнай гаспадаркі (нешта накшталт сучаснага аддзела статыстыкі), Броню – галоўным бухгалтарам у фінаддзел.
— Як загадчыца аддзела, я магла бясплатна харчавацца ў выканкамаўскай сталоўцы, — успамінае Соф’ Міхайлаўна. – Броня такога права не мела. Я дамовілася з работнікамі харчблока, што буду прыходзіць на абед апошняй і прыводзіць з сабой сяброўку, каб яна магла хоць трохі падсілкавацца. Але мне ў горадзе надоўга замацавацца не давялося: усе мужчыны з калгасаў пайшлі на фронт, і нас ў якасці ўпаўнаважаных адправілі ў вёску — на замену мабілізаваных старшынь. Мы станавіліся ўлікоўцамі, арганізатарамі вытворчасці, кіраўнікамі, а нярэдка, у гарачую пару, і работнікамі на палях – фронту патрэбен быў хлеб.
У сяле Зубаўка Соф’ю пасялілі да вельмі сардэчнай жанчыны. Яна дзялілася з эвакуіраванай апошнім акрайцам. Калі кватарантцы выпадала ехаць у раён па справах, гаспадыня старалася пакласці ў кайстру нейкі харч для яе сяброўкі.
Тут, у глыбокім тыле, таксама адчуваўся пякельны подых вайны: штодня паштальён прыносіў у вёску пахаванкі, адна за адной апраналіся ў чорнае зубаўскія кабеты, сірацелі дзеткі. І калі яна скончыцца, праклятая гэта вайна?..
Ды перамога няўхільна набліжалася. Радыё штодня паведамляла радасныя весткі пра вызваленне ад фашыстаў новых населеных пунктаў, пра паспяховы ход аперацыі “Баграціён”. Дзяўчаты радаваліся: хутка паедуць дадому!
Аднак ліст-запатрабаванне прыйшоў толькі Соф’і, у ім паведамлялася, што ў родных Хойніках яе чакае ранейшая пасада і кола абавязкаў. Засмучаная Броня залівалася горкімі слязамі: няўжо яна не патрэбна на радзіме?.. Праз некалькі тыдняў выклік прыйшоў і ёй. Больш сяброўкі надоўга не разлучаліся.
Мірнае жыццё пайшло сваім парадкам. Соф’я Міхайлаўна завочна скончыла інстытут народнай гаспадаркі, паспяхова падымалася па кар’ернай лесвіцы – з Хойнікаў яе перавялі ў Мазыр, які на той час быў абласным цэнтрам, затым – у Мінск. А потым на працягу амаль 25 гадоў яна працавала начальнікам планавага аддзела Брэсцкага аблвыканкама. У Брэсце абаснавалася і сяброўка Браніслава. Тут ёй прапанавалі працу бухгалтара-рэвізора, звязаную з частымі камандзіроўкамі па вобласці. Гэтыя паездкі канчаткова падарвалі яе і без таго слабае здароўе. Броня рана пайшла з жыцця.
Страту блізкага чалавека Соф’я Міхайлаўна перажывала вельмі балюча. Ратавала работа, якой яна аддавала ўсе сілы і час. У даволі сталым узросце ёй сустрэўся добры чалавек, удавец, які неўзабаве стаў спадарожнікам яе жыцця.
Ды самота, падобна, праследавала яе. У тугі клубок перажыванняў спляліся выхад на пенсію, смерць мужа... І нікога роднага побач.
Нечакана ўсё вырашылася найлепшым чынам: адазваўся пляменнік Аляксей Жыляк, які з сям’ёй пасля чарнобыльскай катастрофы перабраўся ў Астравец. Тут жа знайшлася сям’я, якая пажадала перасяліцца ў Брэст. Зладзілі абмен кватэр, і Соф’я Міхайлаўна Шагавік стала астраўчанкай. Цяпер побач аказаліся блізкія людзі, якія акружылі яе клопатам і душэўнай увагай. Цёплыя адносіны склаліся і з суседзямі па дому. Шкада, здароўе пачало падводзіць: пагуляць, як любіла, па вуліцах Астраўца яна адна ўжо не адважваецца, толькі ў суправаджэнні пляменніка ці яго жонкі Эміліі.
—Я не прывыкла пасаваць перад цяжкасцямі, — Соф’я Міхайлаўна на хвілінку становіцца ранейшай – моцнай, упэўненай у сабе. – Але ад сваіх 90 з гакам мне не ўцячы. Ды я не даю сабе паблажкі: кожны ранак раблю фіззарадку, сама прыбіраю ў кватэры, мыю падлогу. Прадукты мне прыносіць Эмачка, але магу і суп зварыць, і боршч... І добрым людзям заўсёды рада!
Пакідала я кватэру Соф’і Міхайлаўны з выразным адчуваннем цеплыні, якую шчодра выпраменьвае мілая гэта жанчына.


Таіса СЯМЁНАВА.
Фота з архіва сям’і Жыляк.