У Міхалішкаўскім сельсавеце прыбралі 10 аварыйных дрэў і знеслі дом

10:23 / 19.04.2024


Вясной клопатаў, асабліва на вёсцы, становіцца больш: навесці парадак на падвор’ях, ускапаць агароды, «прычасаць» дрэвы і кусты... 

Не застаецца ў баку ад агульных турбот і сельскі Савет. Бо калі на сваіх участках шчыруюць гаспадары, за так званую нічыйную тэрыторыю адказвае менавіта сельсавет. 

Так, у Міхалішкаўскім сельсавеце нядаўна выдалілі 10 аварыйных дрэў: 5 – у Міхалішках і 5 – у Маркунах. І калі хтосьці думае, што гэта хуткая справа, вельмі памыляецца. Нагадваю, што перш, чым спілаваць дрэва на зямлі агульнага карыстання, трэба правесці пэўныя працэдуры.

– З просьбамі выдаліць дрэва, якое можа нашкодзіць, звяртаюцца людзі, якія жывуць непадалёк яго, але самі зрабіць гэтага не могуць, бо расце яно за плотам. Прыкмячаю такую небяспечную расліннасць і сам, – расказвае старшыня сельвыканкама, дэпутат Віталь Івашкевіч. – Пасля даём запыт у пэўную арганізацыю: за дрэвы ў аграгарадку адказвае РУП ЖКГ, у вёсцы – Астравецкі лясгас. Прыязджаюць спецыялісты і, абследаваўшы аб’ект, даюць заключэнне аб яго небяспечнасці. Калі дрэва прызнана аварыйным, сельсавет, пры фінансавых магчымасцях, перадае звесткі на правядзенне тэндара. Якая фірма яго выігрывае – тая і спілоўвае дрэва. Былі ў нас хлопцы з Мінска і нават з Гомеля. Як бачым, гэта працэдура патрабуе часу, але па магчымасці стараемся ўсё рабіць своечасова. 

Акрамя гэтага, нядаўна ў Каценавічах знеслі дом – яго выстаўлялі на продаж за 1 базавую велічыню, аднак жадаючых купіць не знайшлося – прынялі рашэнне аб яго ліквідацыі. 



Текст: Марина Мацкевич
Фото: Марина Мацкевич