“Наша доктар” – так ласкава называюць вяскоўцы памочніка ўрача Гервяцкай амбулаторыі Галіну Скерлу

19:00 / 01.05.2024


Так цёпла і душэўна называюць вяскоўцы памочніка ўрача Галіну Скерлу, якая без малога амаль чатыры дзесяці­годдзі працуе ў Гервяцкай амбулаторыі. Спагадлівая, спакойная, прафесійная, яна знаходзіць падыход да любога чалавека і, як і ў першыя гады сваёй работы, не растраціла душэўнай цеплыні, уважлівасці і спачування. 

– Пайшоў 39-ты год як я тут, на адным месцы, калі не ўлічваць два дэкрэтных адпачынкі. Калісьці думала, што ў Гервятах часова, а сталася, што на ўсё жыццё, – прызналася жанчына і працягнула аповед пра сваю дарогу ў медыцыну: – Я з простай сям’і: маці была аграномам, тата шафёрам у мясцовым калгасе. З нашай вёскі Талькунцы моладзь звычайна ішла ці ў пед- ці ў медвучылішча. Памятаю, калі школьніцай бывала ў мясцовым фельчарска-акушэрскім пункце, дух захоплівала ад Любові Іванаўны Шапіры. Яна заўсёды была апранута ў настолькі бялюткі халат, што, здавалася, ён свеціцца. А накрухмалены высокі калпак увогуле падаваўся чымсьці неверагодным. 

Напэўна, тыя дзіцячыя ўражанні і паўплывалі на прафесійны выбар Галі, якая без праб­лем пасля школы паступіла ў Слонімскае медвучылішча. 

– У Астраўцы мы праходзілі дзяржпрактыку, якую курыраваў Валянцін Аляксандравіч Ражко. Ён нас падтрымліваў, падказваў, хваліў, таму без боязі і хвалявання пасля заканчэння вучылішча прыехала на Астравеччыну. Вельмі хацелася працаваць на «хуткай», але Аляксандравіч папрасіў на лета закрыць стаўку фельчара ў Гервятах. Там працаваў летнік, а дзеці без медыцынскага нагляду. Як прыехала летам 86-га, так і засталася, – з усмешкай узгадвае жанчына. – Людзі тут спагадлівыя, разу­меючыя. Ды і калектыў харошы, хоць кадры мяняліся. Лічу, што нам і нашым пацыентам пашчасціла, што амбулаторыю ўзначальвае Руслан Анатольевіч, таленавіты ўрач і кіраўнік, мы заўсёды адчуваем яго падтрымку.

Галіна Уладзіміраўна ўзгадала, што, калі толькі пачынала рабіць першыя крокі ў прафесію, на абслугоўванні Гервяцкай амбулаторыі знаходзілася звыш 4,5 тысячы чалавек. Для параўнання: цяпер без малога 1,7 тысячы. Але, вядома, работы не паменшала: вяскоўцы штодзень ідуць да людзей у белых халатах са сваім болем, хваробамі. 

– Вялікую ўвагу надаём дыспансерызацыі. Радуе, што жыхары адказна ставяцца да гэтага і адгукаюцца на нашы просьбы. Цяпер, напрыклад, у нас працуе перасоўны рэнтгенкабінет. Штодзень выклікаем да 100 чалавек, якія праходзяць абследаванне, – расказвае памочнік урача. – Наша амбулаторыя падключана да адзінай інфармацыйнай сістэмы «Е-доктар», куды ўносім усе звесткі, дзе фіксуюцца вынікі аналізаў і іншае. З гэтага года вяду самастойны прыём. У асноўным да мяне прыходзяць здаровыя пацыенты на прафагляд. Вызначаю рост, вагу, артэрыяльны і ўнутрывочны ціск, раблю кардыяграму, запаўняю анкеты. Таксама выязджаю на выклікі. 

За гэты час пацыенты, якіх прыводзілі за руку мамы да маладога фельчара Галіны Скерлы, выраслі і самі сталі бацькамі, а медык – ледзь не сямейным доктарам, а для некаторых – і анёлам-ахоўнікам. 

– Не раз даводзілася рэанімаваць тапельцаў, але адзін выпадак запомніўся на ўсё жыццё. Трохгадовага хлопчыка, які дастаткова працяглы час прабыў у  вадзе, ратавалі ледзь не ўсім калектывам. Змаглі! Дзякаваць богу, ніякіх наступстваў для здароўя ў дзіцяці не было. Цяпер гэта прыгожы, талковы, малады, 30-гадовы мужчына, – успамінае выпадак са шчаслівым канцом Галіна Уладзіміраўна. – Напачатку работы ў амбулаторыі неаднойчы прымала роды на даму. Памятаю першы выпадак у Гальчунах. І з парадзіхай, і з дзіцяткам было ўсё добра. У такія моманты, якія б назвала сакральнымі, ні хвалявання, ні страху няма, таму што адчуваеш усю адказнасць за два жыцці… 

Спачувальная, прафесійная, спагадлівая, памоч­нік урача Галіна Скерла застаецца «нашым доктарам» для жыхароў гервяцкага краю. 



Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич