Мыла, свечкі, вырабы з гіпсу – што толькі ні ствараюць наведвальнікі тэрытарыяльнага цэнтра

18:00 / 19.04.2024


Зроблены сваімі рукамі падарунак нашмат даражэй за магазінны. І справа тут не ў грошах – самаробнае захоўвае часцінку душы стваральніка.

Такія асаблівыя падарункі на занятках па дэкаратыўнай творчасці робяць наведвальнікі Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва – маладыя людзі з інваліднасцю і пажылыя грамадзяне. Мыла, свечкі парафінавыя, соевыя, какосавыя і з вашчыны, водарныя сашэ, вазачкі, падсвечнікі і фігуркі з гіпсу – і гэта не ўвесь пералік. 

Дарэчы, гіпсавы накірунак у цэнтры асвоілі нядаўна – калі сюды кіраўніком гуртка прыйшоў Дзяніс Юцкевіч. І хоць працэс няпросты, адзначае настаўнік, ён падапечным падабаецца: нягледзячы на фізічныя асаблівасці, маладыя людзі старанна  і з захапленнем робяць справу.


Пажылыя цяпер у асноўным працуюць над масажным мылам. Для яго выкарыстоўваюць натуральную прыродную мачалку – люфту (высушаная аснова гарбузовых).

– У першую чаргу наведвальнікі робяць такія арыгінальныя падарункі на рэалізацыю. Штосьці, канешне, дораць і сваім родным. Зразумела, што перадсвяточны час самы напружаны: трэба падрыхтаваць шмат вырабаў, – расказваюць супрацоўнікі цэнтра Дзіяна Кісель і Маргарыта Качан.

– Прадукцыя запатрабавана астраўчанамі. Мы толькі «адпрацавалі» з 8 Сака­віка, а ўжо пытаюцца, што прапануем на Вялікдзень, – дадае Дзіяна. – Прыемна, што кожная новая творчая ідэя, асабліва калі мы сумняваемся, адгукаецца запытам. Так было з водарнымі сашэ. Думалі, не пойдзе, але памыліліся. 





– Вырабы разыходзяцца, нібы гарачыя піражкі! Адны ўжо добра ве­даюць тавар, іншыя прыходзяць за падарункамі па «рэкламе» ці ўба­чыў­шы фота на старонцы цэнтра ў «Інстаграм». Набываюць прадукцыю і падчас дабрачынных мерапрыемстваў, – падхоплівае Маргарыта. 

Вядома, у большасці тэматыку прадукцыі дыктуе каляндар, але заўсёды знойдуцца прыгожыя «штучкі», якія падыходзяць да любога выпадку. Увогуле наведвальнікі цэнтра працуюць з рознымі матэрыяламі, у розных тэхніках і на якую хочаш тэму. І спыняцца не збіраюцца: у планах маладых людзей вышываць сурвэткі, пажылых –  ствараць і дэкарыраваць вырабы з выразанай на лазерным станку фанеры (адпаведны праект ужо падтрымала АТ АБЭ), а яшчэ рабіць брошкі і завушніцы з ювелірнай каляровай смалы. 




Текст: Светлана Фёдорова
Фото: Светлана Фёдорова и из архива ТЦСОН