Дабрачынны канцэрт з сімвалічнай назвай “Моцныя духам, вам прысвячаецца!” прайшоў у Астраўцы

19:00 / 01.12.2023


Пад такой сімвалічнай назвай прайшоў дабрачынны канцэрт у шматфункцыянальным комплексе напярэдадні Міжнароднага дня інвалідаў. 

Гэты дзень нельга назваць святам, хутчэй гэта напамін, што побач з намі жывуць людзі з фізічнымі асаблівасцямі. Некаторыя такімі нарадзіліся, іншыя атрымалі інваліднасць з-за няшчаснага выпадку ці хваробы. Яны радуюцца і засмучаюцца, сябруюць і крыўдзяцца, ствараюць сем’і і нават нараджаюць дзяцей…

Сёлетнія дабрачынныя мерапрыемствы праводзяцца ў падтрымку калясачнікаў: 6 дзяцей і 25 чалавек дапенсійнага ўзросту, якія пражываюць у нашым раёне. Менавіта ім будуць накіраваныя ўсе сабраныя сродкі. 

Нагадаю, што ў кожнага яшчэ ёсць магчымасць далучыцца да гэтай высакароднай справы і ахвяраваць пасільную для сябе суму – акцыя пад аднайменнай, што і канцэрт, назвай працягнецца да 20 снежня. 

– Мы не часта задумваемся пра тое, што валодаем якасцямі і дадзенымі, якія проста не дазваляюць нам лічыць сябе беднымі ці няшчаснымі. У нас ёсць дзве рукі, дзве нагі, галава на плячах, мы маем даход, сям’ю, захапленні – што больш трэба? У той час, калі побач з намі ёсць людзі з павышанымі патрэбамі. І наша задача – стварыць ім умовы для вучобы, работы, развіцця, каб яны адчувалі сябе паўнавартаснымі грамадзянамі дзяржавы. Беларусь – сацыяльна арыентаваная краіна, і адзін з важных накірункаў – стварэнне інклюзіўнага асяроддзя, каб у нашым грамадстве ўсе былі роўнымі. Лічу, што ў гэтым накірунку робіцца шмат, – зазначыў у прывітальным слове намеснік старшыні райвыканкама Генадзь Бычко. – Прынцып тварыць цуды, пра які напачатку канцэрта ў музычным выступленні казалі маленькія артысты, актуальны ва ўсе часы. Кожны з нас павінен задумацца: што я магу зрабіць для людзей з інваліднасцю? Больш таго – зрабіць гэта трэба разам. 



Таксама намеснік старшыні райвыканкама прызнаўся, што заўсёды з задавальненнем бывае ў тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, шматлікія гурткі якога наведваюць маладыя людзі з інваліднасцю. Па словах Генадзя Бычко, адна ўсмешка Германа дарагога каштуе!

Настаяцель царквы Святых апосталаў Пятра і Паўла Георгій Савіцкі звярнуў увагу прыстутных, што хрысціянскі пост – самы час тварыць дабро. 

– Правядзенне дабрачынных канцэртаў і акцый стала добрай традыцыяй для нашага раёна. Пацвярджэнне гэтаму – іх 14-ці гадовая гісторыя, – адзначыла іх стваральніца і ініцыятар, дырэктар ТЦСАН Святлана Куцько. – Дзякуй, за тое, што вы ёсць. Такія людзі, як вы, – рухавік любой шчырай і міласэрнай справы. Дзякуючы вашым учынкам, жыццё набывае яркія фарбы.


Дружная каманда “Смайл” аддзялення сацыяльнай рэабілітацыі, абілітацыі інвалідаў падарыла гледачам танцавальна-песенны нумар. Супрацоўнікі тэрытарыяльнага цэнтра па чарзе прадставілі сваіх выхаванцаў: адкрытую і таленавітую Алену, усмешлівага і шчырага Германа, ветлівага і цікаўнага Арцёма, сарамлівага і добрага Яраслава… 


Падчас канцэрта выхаванцам адзялення ўручылі прадуктовыя наборы, якія сабралі астраўчане ў межах акцыі “Спяшайцеся рабіць дабро”, зладжанай тэрытарыяльным цэнтрам сумесна з Астравецкай раённай арганізацыяй Беларускага Чырвонага Крыжа. 

Падтрымалі іх і шчырымі, а галоўнае – ад душы нумарамі лепшыя артысты раёна, выхаванцы дзіцячай школы мастацтваў і яе філіялаў.


Шчымлівая кампазіцыя “Жыць” стала не толькі лейтматывам канцэрта, але і напамінам пра надзею, веру і пра тое, што ўсе мы – роўныя…








Текст:
Фото: Алёна Ганулич