Лепшыя жывёлаводы вобласці, у тым ліку Астравеччыны, атрымалі заслужаныя ўзнагароды ў Гродне

18:00 / 18.04.2024


У Гродзенскай абласной філармоніі сабралася звыш ста чалавек, якія сваёй штодзённай самаадданай працай умацоўваюць харчовую бяспеку нашай краіны. У межах абласнога этапу рэспубліканскай акцыі “Наш жывёлавод” адзначылі лепшых працаўнікоў гэтай галіны аграпрамысловага комплексу.

Арганізатарамі мерапрыемства выступілі камітэт па сельскай гаспадарцы і харчаванні, абласная прафсаюзная арганізацыя работнікаў АПК і аграпрамысловы саюз.


Нагрудныя знакі “За заслугі ў сельскай гаспадарцы”, Ганаровыя граматы, Падзякі і Дыпломы Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, падарункі лепшым у прафесіі ўручалі прадстаўнікі Гродзенскага аблвыканкама і Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання.

Дыпломы і грашовыя прэміі за самаадданасць і вернасць абранай прафесіі, высокія вынікі працы і асабісты ўклад у развіццё жывёлагадоўлі Гродзенскай вобласці атрымалі начальнікі малочна-таварнага комплексу “Газа” КСУП “Гервяты” Генаефа Харкевіч і МТК “Германішкі” КСУП “Гудагай” Яніна Рзун, жывёлавод МТК “Рытань” РУП “Астравецкі саўгас “Падольскі” Міраслава Букель, аператары машыннага даення МТК “Рымдзюны” КСУП “Гервяты” Алена Дзямідчык і МТК “Страча” КСУП “Міхалішкі” Рыта Лаздоўская. На жаль, паехаць на ўрачыстасць не змагла жывёлавод МТК “Беразоўка” КСУП “Варняны” Людміла Маліцкая, але заслужаную узнагароду жанчыне абавязкова перададуць.

Акрамя гэтага, была адзначана работа першага намесніка старшыні Астравецкага райвыканкама Івана Карнілы.

Творчыя выступленні музыкальнага тэатра “Рада”, групы “Беларусы” і творчых калектываў Гродна аздобілі свята жывёлаводаў.

Дарэчы, за некалькі месяцаў да заключнага абласнога этапу акцыі, абкам зладзіў конкурс для актывістаў прафсаюза. З розных гаспадарак Гродзеншчыны, у тым ліку з Астравецкага раёна, дасылалі здымкі работнікаў жывёлагадоўлі вобласці, лепшыя з якіх ляглі ў аснову фотавернісажу. Многія з нашых працаўніц адшукалі на фота і сябе!

Дзеляцца ўражаннямі

Генаефа Харкевіч:


Нас сустракалі і прымалі, як самых дарагіх гасцей. Праграма прадумана да дробязей, усё арганізавана на самым высокім узроўні. Удзячна прафсаюзу, кіраўніцтву гаспадаркі і раёна, што выбралі менавіта мяне. Парадавала, што ўзнагародзілі працаўніц усіх гаспадарак Астравеччыны.

У сельскай гаспадарцы працую звыш 40 гадоў, з якіх 28 загадваю малочна-таварным комплексам “Газа”, хоць адразу гэта была ферма. Вядома, работа ў жывёлагадоўлі не самая лёгкая, але вельмі патрэбная.

Рыта Лаздоўская:

Калегі спачатку не паверылі, што паеду ў Гродна, а потым парадаваліся за мяне. Эмоцыі перапаўняюць, гэта было сапраўднае свята для нас. На такіх урачыстасцях ніколі не бывала. Дзякуй усім, хто гэта арганізаваў!


Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич, Гродненская правда