Астраўчане пабывалі на гала-канцэрце Гродзенскай вобласці фестывалю «Беларусь – мая песня»

14:30 / 16.04.2024


У мінулую пятніцу ў мінскім Палацы Рэспублікі ў межах рэспубліканскага фестывалю «Беларусь – мая песня» адбыўся гала-канцэрт калектываў мастацкай творчасці і выканаўцаў Гродзенскай вобласці «Прынёманне: зямля і людзі». Падтрымалі землякоў і астраўчане.

Што чакала гледачоў і якія ўражанні пакінуў канцэрт, расказала загадчык сектара культуры Вольга Баяровіч:

– Дэлегацыя нашага раёна складалася з 35 чалавек, якія прадстаўлялі розныя сферы. У Палацы Рэспублікі мы пазнаёміліся з выставай майстроў народнай творчасці Гродзеншчыны, дзе былі прадстаўлены і работы астраўчан. Там нас сустракалі дзяўчаты, апранутыя ў традыцыйныя народныя строі раёнаў нашага рэгіёна.

У зале да гледачоў звярнуўся губернатар Уладзімір Каранік, ён адзначыў, што канцэрт прадэманструе асноўныя вехі гісторыі Гродзенскай вобласці: час падзелу і аб’яднання Усходняй і Заходняй Беларусі, гады Вялікай Айчыннай вайны, сучаснасць.

Дваццаць сем нумароў, больш за 50 калектываў і звыш 1 000 чалавек на сцэне – усё неверагодна прыгожа, эмацыянальна і кранальна.




Немагчыма было застацца абыякавымі, калі паказвалі, як пасля 1921 года аказаліся на розных берагах родныя людзі. Шчымліва адгукнулася ў кожным прысутным рэжысёрская знаходка, калі пад песню «Вставай, страна огромная» з залы на сцэну пачалі выходзіць мужчыны – і ты разумееш: вось чалавек побач з табой – а назаўтра ён ужо абараняе Радзіму. Усё гэта асабліва актуальна да 80-годдзя Гродзенскай вобласці і 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Быў нумар, прысвечаны лідскім лётчыкам Андрэю Нічыпарчыку і Мікіту Куканенку, якія загінулі ў 2021-м. Завяршылі выступленне выкананнем кампазіцыі «Любимую не отдают».

Уражаны прадстаўленнем – вяртаючыся дамоў, дзяліліся эмоцыямі. Усё было здорава, ярка, прыгожа, прафесійна! І ў чарговы раз мы адчулі вялікі гонар за наш рэгіён, за нашых творчых, таленавітых, працавітых, патрыятычных і гераічных людзей.

Мерапрыемства такога маштабу прайшло ўпершыню. Кожны рэгіён прадставіць сваю праграму, а 3 ліпеня адбудзецца выніковы гала-канцэрт з удзелам выканаўцаў і калектываў ад усіх абласцей.




Текст: Светлана Фёдорова