У КСУП “Гудагай” далі старт сяўбе цукровых буракоў

09:00 / 13.04.2024


Пасяўны комплекс “Плантар”

Першым сярод гаспадарак раёна на сяўбе ранніх збожжавых культур фінішавала КСУП «Гудагай». Але дзівавацца няма чаго: аграрыі гэтага прадпрыемства плённа папрацавалі восенню, таму вясной ім заставалася прыгарнуць зярняты пшаніцы, ячменю і аўсу толькі на 910 гектарах. Пакуль сейбіты астатніх гаспадарак шчыруюць са збожжавымі, «гудагайцы» ўжо сеюць цукровыя буракі – пад іх адвядуць, як і летась, 350 гектараў. Даведалася, як гэта адбываецца, пабываўшы на полі ля вёскі Індрубкі. 

Спераду зярнятка кінеш – ззаду цукар знойдзеш

Калі на яравой сяўбе збожжавых у КСУП «Гудагай» было задзейнічана два пасяўных агрэгаты,  пры патрэбе – у поле выходзіў трэці, то для прыгортвання насення цук­ровых буракоў цалкам хапае адной сеялкі «Плантар» з функцыяй дакладнага высеву. Перавага такога ме­таду, які дастаткова даўно практыкуюць у гаспадарцы, што ніводнае зярнятка не змарнуецца, кожнае ляжа ў глебу на патрэбнай адлегласці.

 Не першы год цукровікі сее Генадзь Змітровіч. І ў гэтай справе ён дакладна прафесіянал. 


Сейбіт Генадзь Змітровіч правярае адсекі

– Другі дзень у полі. Учора прыгарнуў зярняты на плошчы 18 гектараў, праўда, рабіць гэта пачаў з 10 рані­цы. Тэмпы работы залежаць ад многіх фактараў: тэхнікі, надвор’я. Агрэгат пастараўся падрыхтаваць сумленна: замяніў асноўныя высяваючыя дыскі, ушчыль­няльнікі, каб добра насенне «прыліпала».  Любы механізатар скажа, што тэхніку даглядаць трэба і своечасова абслу­гоў­ваць, тады і паломак значна менш будзе. Надвор’е спрыяльнае: вільгаці хапае, глеба –  што трэба, – паказаўшы клас, сказаў мужчына.


Так выглядае насенне цукровых буракоў

За адзін праход гэты пасяўны агрэгат пакідае за сабой 11 роўных  радочкаў. Па словах мужчыны, калі працуе да позняга вечара, то  даводзіцца засыпаць насенне цукровых буракоў у спецыяльныя ёмістасці некалькі разоў. На метр трапляе ў сярэднім каля 6 зярнят – не больш,  таму і агрэгат называюць – з дакладным высевам. 

Напрыканцы гутаркі запытала ў сейбіта пра настрой. 


Работа будзе спорыцца, калі працаваць з настроем

– А што, не бачыце? – шырока ўсміхнуўся Генадзь Змітровіч і заскочыў у кабіну сеялкі.

На трактары МТЗ у счэпцы з культыватарам АКШ глебу пад сяўбу цукровікаў рыхтаваў Валерый Вайткевіч. Тэхніка ўзрыхляе верхні слой на глыбіню 5 сантыметраў. Услед за ёй ідзе пасяўны агрэгат. 


Валерый Вайькевіч рыхтуе глебу

  – Ад  таго, як выраўняецца і ўшчыльніцца глеба, залежыць якасць закрывання насення, – расказаў меха­нізатар. – Не надвор’е, а казка! Не паспеем азірнуцца, як пачнуцца сенажы, а потым – і жніво. Думаю, што і сёлета папрацую на камбайне. 

…Прызнацца, пасля сустрэчы з механізатарамі на душы засталася радасць. Вопытныя, з добрым настроем, яны без нараканняў, з году ў год робяць сваю справу пад дэвізам з добра вядомага надпісу мерча Першага: распранайся і працуй!

Р.S. Пакуль матэрыял рыхтаваўся да друку, услед за “гудагайцамі” сеяць цукровыя буракі пачалі ў КСУП “Міхалішкі”.
Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич