Дзе ўжо можна купіць насенную бульбу, высвятляў карэспандэнт

18:30 / 11.04.2024


У тэлефанаванні ў газету чытач цікавіўся, дзе ў раёне можна купіць насенны матэрыял бульбы і ці будуць гаспадаркі прадаваць яго на традыцыйных веснавых кірмашах у горадзе.

Сапраўды, калі не засталося бульбачкі з восені, лепш пра яе насенне паклапаціцца ўжо зараз, а не сцягваць да наступнага месяца, калі многія на дастаткова вялікіх майскіх выхадных ужо будуць гнуць спіны на прысядзібных і дачных участках, прыкопваючы ў глебу насенне гародніны і садзячы бульбу. 

Нагадаю, на працягу апошніх гадоў другі хлеб вырошчваюць толькі КСУП «Гудагай» і «Гервяты», таму пытанне чытача адрасавалі спецыялістам гэтых гаспадарак. 
Як патлумачыла насеннявод КСУП «Гудагай» Марыя Ждановіч, насенне бульбы яны рэалізуюць як работнікам прадпрыемства так і насельніцтву. І расказала, як гэта можна зрабіць:

– Працэдура дастаткова простая. Трэба прыехаць у адміністрацыйны будынак КСУП «Гудагай» у Малі і аплаціць у касе за патрэбную колькасць бульбы. Адзін кілаграм каштуе 44 капейкі. Сёлета рэалізуем тры сарты: «брыз» можна будзе забраць на тэрыторыі зернесховішча ў Малях, «рэв’еру» і «лель» – у Лошы. 
Звярну ўвагу, што бульбу давядзецца на­біраць самастойна і ў сваю тару.
Дырэктар КСУП «Гудагай» Эдуард Садоўскі расказаў, што 20 і 21 красавіка плануюць гандляваць насенным матэрыялам бульбы ў Астраўцы на аўтастаянцы насупраць гарадскога рынка. 

У КСУП «Гервяты» ў дзень падрыхтоўкі матэрыялу (9 красавіка. – Заўв. аўт.) карэспандэнту паведамілі, што пытанне рэалізацыі насення бульбы пакуль не разглядалі.

У інтэрнэце прапаноў аб продажы сяў­бянкі ў Астравецкім раёне не знайшла. Затое адшукала ў рубрыцы «Прадаю» нашай газеты кантакты сельскага жыхара, які прапаноўваў бульбу. Патэлефанавала, але аказалася, што вясковец рэалізоўвае толькі буйную, а не насенную. 

 Такім чынам, набыць клубні крухмалістай для пасадкі можна ў КСУП «Гудагай». Калі прыблізна лічыць, што мяшка бульбы хопіць на сотку, то абыдзецца ён крыху больш за 17 рублёў.




Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич