“Святло ў канцы тунэля”: погляд гледача

14:00 / 09.04.2024


Другі паказ спектакля “Святло ў канцы тунэля” ізноў прайшоў з аншлагам. Паглядзеўшы пастаноўку на адным дыханні і скрозь слёзы, якія, думаецца, не мне адной засцілалі вочы, зразумела, чаму…

Хоць, прызнацца, я ведала, што так будзе: што збярэцца паўнюткая зала, што прыездуць людзі з Гродна, Мінска, Смаргоні, Ашмян і іншых гарадоў. Мне пашчасціла адной з першых убачыць чарнавы варыянт гэтай п’есы, якая ўжо на сцэне дапрацоўвалася, абрастала дэталямі, жэстамі, музыкай... Ад прачытанай гісторыі шчымела ў душы. Зусім іншая справа была ўбачыць яе на сцэне. Чужы боль, чыім бы ён ні быў, не можа пакінуць раўнадушным…

Самадзейных акцёраў большасць з нас ведае як прафесіяналаў у сваіх галінах, а таксама бачыла іх у іншых сцэнічных вобразах… Ды і чаго граху ўтойваць, падкупляе прозвішча Ніны Рыбік – нагадаю, два спектаклі па яе творах “Калядны вечар”, “Свае і чужыя” добра вядомы астраўчанам. На гэты раз мая калега ў сааўтарстве з Леакадзіяй Кіткоўскай дала жыццё не менш таленавітай, але больш трагічнай, філасофска-экзістэнцыйнай пастаноўцы “Святло ў канцы тунэля”. Безумоўна, яна не ўцелавілася б на сцэне без слушных заўваг падчас работы рэжысёра Ганны Ашоўскай, Наталлі Тамашэўскай і нашых таленавітых землякоў, кожны з якіх, нават калі гэта была роля адмоўнага персанажа, як па мне, цудоўна – на разрыў душы! – справіўся, больш таго,  пражыў яе на сцэне…

Знешне кволая, але моцная ўнутрана жанчына Ірына Чыж; яе сцэнічны муж-прыхрыбетнік Раман Патоцкі; лёс – нешматмоўная Вольга Лябецкая, вобраз якой быў нашмат больш красамоўны за любыя фразы; бізнесмэн з душой Андрэй Паўлюкевіч; урач ад бога Наталля Івашка; суседка Вольга Урбановіч; калега Анатоль Радзевіч; прыгажуня Вольга Максімава; сапраўдная сяброўка Марына Крэкава і дзеці Ігнат Урбановіч і Марыя Няфёдава…

На першы погляд, сюжэт пастаноўкі зразумелы да драбніц: паспяховая жанчына, якая працуе суткамі навылет і корміць усю сям’ю, даведваецца, што ў яе анкалогія. Яна перажывае ўсе стадыі прыняцця гора: адмаўленне, гнеў, дэпрэсію… На шматлікія пытанні, якія, думаецца, больш за хваробу разрывалі гераіню знутры, яна імкнецца атрымаць адказы ў свайго лёсу: за што? чаму менавіта я? як жыць далей? І ў гэты час знаходзяцца людзі, якія кідаюць камяні ў жанчыну і забіваюць яе словамі; і тыя, хто дапамагае ўстаць з кален, перамагчы, зноў навучыцца жыць і цаніць жыццё, як найвялікшую каштоўнасць, і паверыць у тое, што святло ў канцы тунэля ніколі не згасне.

…Гэты спектакль не столькі пра анкалогію і чалавечыя стасункі, колькі пра нас з вамі. Што, магчыма, варта прыпыніцца і не жыць у рэжыме працоўных дэдлайнаў, а больш часу прысвяціць дзецям, мужу, блізкім. Што прыгажосць бывае не толькі знешняя, якая мінае, але і ўнутраная. Што ніхто, нягледзячы на статус, прафесію, маральна-этычныя якасці, стыль жыцця, не застрахаваны ад хваробы. Але толькі ад нас залежыць штодзённы выбар: кінуць у чалавека камень ці працягнуць яму сваю руку.


Текст: Алёна Ганулич
Фото: из архива АП