Приоткрывая кулисы: некоторые актёры спектакля “Свет в конце тоннеля” поделились впечатлениями

18:00 / 06.04.2024


Пасля прэм’еры спектакля «Святло ў канцы тунэля» карэспандэнт звязаўся з некаторымі акцёрамі і распытаў пра падрыхтоўку і ўражанні. 


Вольга Лябецкая (Лёс): 

– Памятаю, як па запрашэнні Ніны Рыбік згадзілася сыграць у «Калядным вечары», а пасля хвалявалася і баялася, што не спраўлюся. Гэта ўжо трэці спектакль народнага тэатра, у якім удзельнічаю, і ўсё гэтак жа баюся. Пражываць ролю на сцэне, даносіць сэнс да гледача – вельмі адказна. Кожная пастаноўка ўнікальная. 

У спектаклі «Святло ў канцы тунэля» іграе больш маладая трупа – і гэта таксама па-свойму аказвае ўплыў. У Рамана Патоцкага багаты вопыт выступлення на сцэне – і ён, акрамя выканання ролі, дапамагаў рэжысёру. Ды і наогул кожны з акцёраў укладваўся фізічна і маральна. Падчас рэпетыцый мы абмяркоўвалі сцэны, давалі парады адзін аднаму, часам нават спрачаліся, але ўсё па справе. Нават пасля прэм’еры сустрэліся і абмеркавалі, што можна сыграць крыху па-іншаму, зрабіць яшчэ лепш. (Усміхаецца.) У адрозненні ад «Сваіх і чужых» тут у мяне нешматслоўная роля, але яна не менш важная. Перадаць эмоцыі, перажыванні, змены ў жыцці гераіні без слоў – складана і цікава адначасова. 

Наогул мяне гэта п’еса адразу «зачапіла» глыбокім моцным сцэнарыем, за што дзякуй аўтарам. Мы з калегамі па сцэне пастараліся данесці сутнасць тэмы, але, напэўна, кожны зразумее пастаноўку па-свойму – так і павінна быць. Ужо пасля прэм’еры неаднаразова чула ад знаёмых, як яны абмяркоўвалі п’есу і казалі, што хочуць схадзіць яшчэ раз. І гэта гаворыць пра многае. 

Што адчувала на сцэне? (Задумваецца.) Цяжка сказаць, бо тут шмат неапісальных эмоцый. Я бачыла вочы гледачоў і разумела, што наша карпатлівая работа не была дарэмнай. Гэта вельмі здорава! Удзяч­на лёсу і Ніне Аляксееўне, што калісьці ўцягнула мяне ў пастаноўку, што піша п’есы, якія выклікаюць неверагодныя эмоцыі. І хачу, каб народны тэатр развіваўся далей і яго шэрагі папаўняла моладзь. Гэта так цудоўна, калі таленавітыя людзі раскрываюцца, а астраўчане прыходзяць на спектакль сваіх землякоў. 

 Ірына Чыж (Жанчына, галоўная гераіня):

– Ніколі не ўдзельнічала ў спектаклі, хіба што ў школьныя гады ў нейкай мініяцюры. І ў тым, што мяне запрасілі сюды, ролю сыграла мая кароткая стрыжка. (Смяецца.) Шчыра кажучы, калі патэлефанавала Вольга Баяровіч і прапанавала паўдзельнічаць у пастаноўцы, я разгубілася і падумала, што гэта жарт. 

 Прачытаўшы п’есу, цэлую ноч не магла заснуць – яна аказалася настолькі блізкай мне, быццам палова спісана з майго жыцця. Анкалогіяй хварэла некалькі вельмі дарагіх мне людзей, таму да драбніц ведаю, з чым даводзіцца сутыкацца і што перажыць. Захацелася перадаць усё гэта на сцэне, таму раніцай патэлефанавала Вользе і сказала, што згодна. 

Гэта былі проста неверагодныя адчуванні і вопыт! Часам так стамлялася на рабоце маральна і фізічна, што, здавалася, сіл наогул не засталося. Але прыходзіла на рэпетыцыі, іграла – і ўсе праблемы, стрэсавыя сітуацыі, пытанні адыходзілі на другі план. Цудоўная энергетыка ад рэжысёра, калег, аўтара, непасрэдна ад самога працэса – і задавальненне ў канцы. Нават ад выгадна заключанага кантракта не было такіх эмоцый, як пасля рэпетыцый. А ўжо пасля прэм’еры наогул не магу падабраць слоў. 

Памятаю, як Раман, быццам трэнер па боксе перад выхадам на рынг, настройваў і падбадзёрваў перад пачаткам. А яшчэ мяне з дзяцінства вучылі не плакаць, як бы цяжка ні было, бо слёзы – прыкмета слабасці, а па жыцці трэба быць моцнай. У фінальнай сцэне мая гераіня плача, а я на рэпетыцыях, як ні старалася, і слязінкі не магла выціснуць. На прэм’еры ж яны самі пацяклі – гэта былі сапраўдныя слёзы. Было столькі эмоцый, што немагчыма перадаць. І калі я перш казала, што больш нізавошта не буду ўдзельнічаць у пастаноўцы, то цяпер, зразумеўшы, якое гэта мастацтва – дастукацца да людзей, пранікнуць у іх душы і кайфаваць самому, бяру словы назад. Такія адчуванні не купіш ні за якія грошы. 

Раман Патоцкі (Муж):

– Тэатр ідзе са мной па жыцці. (Усміхаецца.) З дзяцінства вабіла сцэна, таму ў школе ўдзельнічаў у якіх толькі магчыма пастаноўках. Пасля мяне заўважылі і ўзялі ў дарослы тэатр мініяцюр у Новалукомлі, адкуль родам. Студэнтам убачыў афішу, што заслужаны аматарскі калектыў Беларусі тэатр «Арт» запрашае на праслухоўванне. Пайшоў – і застаўся на 7 гадоў. Расія, Украіна, Літва, Латвія, Венгрыя – дзе мы толькі ні выступалі, каго толькі ні іграў. Пасля ажаніўся, нарадзіліся дзеці, і прысвяціў сябе самаму дарагому – сям’і, тэатр адышоў на задні план.

Затым мы пераехалі ў Астравец. Словам, 10 гадоў не выступаў на сцэне. Таму калі прапанавалі паўдзельнічаць у спектаклі – згадзіўся не раздумваючы. Прызнаюся: засумаваў па сцэне, а тут лёс прыпаднёс такі шанс. 

Чытаючы сцэнарый, захапіўся прафесіяналізмам, майс­тэрствам і глыбінёй п’есы. Тады не ведаў, што яе напісалі мясцовыя аўтары. Пазней пазнаёміўся з Нінай Рыбік і даведаўся, што па яе творах ужо прайшло 2 спектаклі. 

Ад падрыхтоўкі, рэпетыцый, абмяркоўвання нюансаў, канешне, кайфаваў. Гэта неперадавальныя эмоцыі. Дзякую жонцы за падтрымку і разуменне: пакуль мы амаль штодзень рыхтаваліся да прэм’еры, яна адна спраўлялася з дзецьмі і хатнімі справамі. 

Дарэчы, пра калег па сцэне. Калі пачуў, што будуць іграць людзі, большасць з якіх не маюць дачынення да тэатра, крыху панік, падумаў, што добрага выніку можа не атрымацца. Як жа памыляўся! Я бачыў, як яны стараюцца, працуюць над сабой і ўсё больш удасканальваюць майстэрства. Асабліва дзеці – такія малайцы! Іх чакае не адзін поспех на сцэне. 

Што тычыцца ролі. Люблю іграць адмоўных герояў, яны лягчэй даюцца. У жыцці мы нярэдка сутыкаемся з негатывам, які ўсё больш накопліваецца і, як бы ні стараліся стрымацца, некалі запатрабуе выхаду. Таму вельмі добра дрэнныя эмоцыі выплёскваць на сцэне, а не на родных ці сяброў. Усё добрае і светлае трэба несці дадому і радаваць блізкіх. 
Якія адчуванні пасля прэм’еры? Неверагодныя і неапісальныя! Выйшлі на паклон, усе ў зале ўсталі, крыкі «Брава!», авацыі – ад унутранага шквалу эмоцый гатовы плакаць і смяяцца адначасова. Поўны катарсіс! Я 10 гадоў не адчуваў гэтага. Дзякуй усім за гэта! Будзе магчымасць, з радасцю сыграю ў народным тэатры яшчэ. 

Текст: Марина Мацкевич
Фото: из архива АП и архива героев