Ордэнам Чырвонай Зоркі і медалём “За адвагу” ўзнагароджаны дзядуля Таццяны Салавей

17:00 / 03.04.2024


Пра тое, што дзядуля прайшоў усю вайну «ад роднай хаты» да Берліна, старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі Альхоўскага дзіцячага сада Таццяна Салавей ведала з малых гадоў – чула ад бацькоў. Аднак сведчанне таго, што ён быў двойчы ўзнагароджаны за смеласць, мужнасць і адданасць Радзіме, сям’я знайшла толькі нядаўна…  

– Дзядуля, Пётр Іванавіч Балтуноў, нарадзіўся 1 мая 1920 года ў пасёлку Нікольскае Чачэрскага раёна, на Гомельшчыне, у сялянскай сям’і, дзе гадавалася 7 дзяцей: 3 сыны і 4 дачкі. Пётр быў старэйшым, – расказвае ўнучка. – У 1940 годзе яго прызвалі ў Чырвоную армію. Дзядуля прайшоў усю вайну, быў шафёрам. Нягледзячы на хваробу (цукровы дыябет), заўсёды быў на перадавой. Усе ў роднай вёсцы ведалі пра заслугі Пятра Балтунова, аднак сам ён пра франтавыя будні, тым больш пра ўзнагароды, успамінаць не любіў. 

Наша вялікая сям‘я вельмі ганарыцца ім. Жонка майго стрыечнага брата змагла праз інтэрнэт знайсці пацвярджэнне, што дзядуля служыў і быў узнагароджаны. Кожнаму ўнуку-унучцы Ала зрабіла папку з яго здымкам і гэтымі гістарычнымі дакументамі. А дзядзька захоўвае медалі дзядулі – гэта нашы сямейныя рэліквіі.

Памёр Пётр Іванавіч ва ўзросце 70-ці гадоў. Памятаю, як мы з бацькамі ездзілі да яго ў вёску, дзе трымаў вялікую гаспадарку. Цяпер жа там не засталося жыхароў – толькі могілкі…

Дакументы сведчаць

Загадам 55-й гвардзейскай танкавай брыгады ад 21 лютага 1944 года гвардыі радавы Пётр Іванавіч Балту­ноў, шафёр медыка-санітарнага ўзвода, узнагароджаны медалём «За адвагу».  


Выпіска з узнагароднага ліста (мова і правапіс захаваны): «Тов. Болтунов за период боев на 1-ом Украинском фронте показал себя смелым, храбрым водителем, знающим свое дело. Предан делу Ленина-Сталина. Несмотря на трудности: под бомбежкой и обстрелом он смело и уверенно доставил ценный груз в МСВ. Будучи больным, он не бросил руля и лично вывез 16 чел. раненых <…>»

Загадам 55-й гвардзейскай танкавай брыгады ад 14 мая 1944 года гвардыі радавы Пётр Іванавіч Балтуноў, шафёр роты тэхнічнага забеспячэння, узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі.



Выпіска з узнагароднага ліста (мова і правапіс захаваны): «Тов. Болтунов, являясь шофером машины «Виллис», <…> в Берлинско-Пражскую операцию проявил мужество и смелость, в период боев ежедневно выезжал в боевые порядки танков. <…> В боях за город Берлин принимал личное участие в уничтожении немцев.»


З кожным годам сведкаў тых апаленых вайной гадоў становіцца ўсё менш, і далёка не кожны шмат расказваў пра іх дзецям і ўнукам. Цешыць, што ўсё ж  ёсць сярод нас тыя, хто не спыняецца на канстатацыі «дзед быў і ваяваў», а шукае звесткі пра гэта. І зна­ходзіць. І свята беражэ, каб потым перадаць нашчадкам, бо такая памяць павінна жыць вечна…

_________________________________________________________________________________________________________________________________________________________________ 

Фота з архіва Т. Салавей.

Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.
Телеграм-канал «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района.


Текст: Ольга Хотянович