“Свет в конце тоннеля” в Островце собрался полный киноконцертный зал

14:00 / 29.03.2024


Цудоўная ігра акцёраў, поўная зала гледачоў і шквал разнастайных пачуццяў ад дзеі на сцэне – у кінаканцэртнай зале адбылася прэм’ера спектакля “Святло ў канцы тунэля” народнага драматычнага тэатра Астравецкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці.

Гэта трэцяя пастаноўка па п’есе Ніны Рыбік, праўда, на гэты раз у сааўтарстве з Леакадзіей Кіткоўскай. Думаю, астраўчане памятаюць спектакль “Калядны вечар” – першы, спачатку крыху нясмелы, які пасля набываў усё большую папулярнасць і станоўчыя водгукі не толькі ў нашым, але ў іншых раёнах і нават за мяжой. Паспрабаваўшы на “смак” свой, родны тэатральны прадукт, жыхары Астравеччыны сталі патрабаваць яшчэ. Не адразу, а толькі праз некалькі гадоў “нарадзіліся” “Свае і чужыя” – і зноў на прэм’еру, а затым іншыя паказы сабіраліся паўнюткія залы гледачоў. “Гэта ж Ніна Рыбік! Яна так хораша піша! А акцёры нашы, астравецкія. Звычайныя людзі, а так таленавіта на сцэне іграюць, што немагчыма застацца раўнадушным”, – чулася ў кулуарах.




Ці трэба казаць, што ад народнага тэатра ўжо зноў чакалі новага спектакля. І калі аднойчы Ніна Рыбік, з якой мы разам працуем, дрыготкім голасам аб’явіла, што напісала п’есу ў сааўтарстве, стала зразумела, што аўтаматычна пачаўся адлік да чарговай прэм’еры.

Праўда, перад гэтым быў вялізны пласт работы, сведкай якой я часткова міжволі стала. Перамовы з рэжысёрам Ганнай Ашоўскай, пошук кандыдатаў на ролі, прапановы, адмовы, спробы на сцэне і зноў пошук акцёраў. А затым амаль штодзённыя рэпетыцыі, рэпетыцыі, рэпетыцыі… Быццам алмаз, п’есу адшліфоўвалі, удасканальвалі, перайначвалі. Каб праз вобразы, рухі, словы акцёраў перадаць сэнс задуманага, перажытага і напісанага аўтарамі.





“Святло ў канцы тунэля”… Пра што гэта п’еса? Наўрад ці можна адказаць адназначна. Як нельга перадаць, што адчула знешне паспяховая жанчына, гэткая бізнэс-вумэн, якая цягне на сабе лайдака-мужа, пачуўшы ад доктара дыягназ: “У вас анкалогія. Лёгка не будзе, наперадзе – складаны шлях”. І немагчыма зразумець, што выклікае большы страх: хвароба ці паводзіны “абдзеленых жыццём” акружаючых людзей, якія зрываюць крыўду на слабейшым і адзін за другім кідаюць у яго камяні. Хіба магчыма ў гэтым выпадку стрымацца і не закрычаць, наракаючы на лёс: “За што? І чаму менавіта я?” Як пасля гэтага не страціць рэшткі сілы і прадоўжыць барацьбу за жыццё?



Аднак нават у самым цёмным тунэлі ёсць хоць маленечкі, але кавалак святла. Галоўнае – не страціць у яго веру. Тады можна ўбачыць працягнутыя рукі, што адхінуць усе камяні, падтрымаюць, дапамогуць падняцца з кален. І зразумець, што жыццё – вельмі цудоўнае, каб адмаўляцца ад яго без змаганняў, а таксама ўсвядоміць, што лёс у першую чаргу залежыць ад нас саміх. І тады – святло не пагасне.

Можна доўга расказваць пра спектакль і ўсё роўна немагчыма перадаць усю сутнасць і атмасферу. Лепш адзін раз убачыць – і гэта сапраўды так. Адзначу толькі, што работа акцёраў, рэжысёра, аўтараў і ўсіх, хто мае дачыненне да пастаноўкі, заслугоўваюць найвышэйшай пахвалы, шматлікага “Брава!” і супрацьлеглай выразу Станіслаўскага ацэнцы: веру!

І настойліва раю ўсім, хто не трапіў на прэм’еру, абавязкова паглядзець спектакль 7 красавіка ці ў іншую дату, калі будзе паказ , – а такіх, мяркую,  адбудзецца яшчэ не адзін. Схадзіце – не пашкадуеце!


Текст: Марина Мацкевич
Фото: Марина Мацкевич