Сябе паказалі, на іншых паглядзелі

19:00 / 26.03.2024




Ансамбль народнай песні «Вілія»

Штогод у сакавіку ў горадзе Іўі  праходзіць абласны фестываль творчасці ветэранаў. Яму папярэднічаюць карпатлівая праца над рэпертуарам, рэгулярныя рэпеты­цыі, на якіх адточваецца выканаўчае майстэрства саліс­таў, дуэтаў, трыа, вакальных гуртоў і калектыва ў цэлым. 

Вось і народны хор ветэранаў працы Астравецкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці распачаў падрыхтоўку да сёлетняга фестывалю адразу пасля мінулагодняга: пашырыў праграму, разнастаіў яе песнямі патрыятычнай тэматыкі, творамі з народнай скарбніцы. Да таго ж выступаў з канцэртамі ў горадзе і раёне. Паступова ў калектыву выпрацоўваўся свой мастацкі почырк, асабліва ў рабоце з народнай песняй. З глыбінь часу дастаюцца і гучаць у новай апрацоўцы ўжо падзабытыя кампазіцыі. Дзякуючы старанням кіраўніка хору Васіля Карпяца ў рэпертуары з’явіліся аўтарскія творы.


Народны хор ветэранаў працы. Саліруе Васіль Карпец.

На фестывалях і конкурсах прынята паказваць лепшае. Выступленне хор пачаў з песні «Жураўлі» на словы Расула Гамзатава і музыку Яна Фрэнкеля. Яе немагчыма слухаць абыякава, душа адгукаецца ўмомант, на вачах слухачоў адразу праступаюць слёзы... Весела, задзірыста прагучалі народныя «Ой ляцелі гусі з броду» і «Ой за гаем, гаем» (апошняя – у выкананні вакальнага гурта), задушэўна – «Дробны дожджык». Дзве першыя адзначыліся цудоўным сола Ірыны Уладзіміраўны Тумко. А песня Васіля Антонавіча «Дарожанька-дарога» літаральна танула ў апладысментах...


Асобна варта сказаць пра акампанемент. Сучаснейшы японскі лічбавы акардэон «Роланд», набыты сектарам культуры, гучаў як невялікі музычны ансамбль. Дакладней, акампаніятар выступіў як чалавек-аркестр. 

На такіх фестывалях звычайна ніхто не застаецца без узнагарод, хаця пераможцы не вызначаюцца. Ды як тут вызначыш лепшага? Кожны быў на вышыні, са сваёй адмецінкай, у кожнага можна было пера­няць штосьці карыснае. Астраўчане вярнуліся дадому з дыпломам – за актыўны ўдзел у грамадскім і культурным жыцці, патрыятычнае выхаванне моладзі, годнае выканаўчае майстэрства – і каштоўным падарункам.

А яшчэ арганізатары фестывалю ўвялі добрую традыцыю адзначаць ста­рэй­шых прадстаўнікоў хароў, якія пераступілі 85-гадовы жыццёвы рубеж. Падарункі ат­рымалі Наталля Пятроўна Зубенка і Яніна Іванаўна Харашэй.

На фестывалі паспяхова дэбютаваў ансамбль народнай песні «Вілія» Міха­ліш­каўскага сельскага клуба.  



Таіса СЯМЁНАВА


Фото: Таисия Семёнова