“Вадзіць трэба, як жыць,” – лічыць вадзіцель з Дошкі гонару Руслан Свіла

17:00 / 20.03.2024


Па добрай традыцыі, якая нам засталася ў спадчыну яшчэ з савецкіх часоў, штолета падчас уборкі праходзіць працоўнае прафсаюзнае спаборніцтва сярод камбайнераў, вадзіцеляў, аператараў зернесушыльных установак. Часам можна пачуць бурчэнне механізатараў нека­торых гаспадарак, маўляў, у каго кам­байн ці аўтамабіль лепшы і навейшы, дый лепш родзіць ніва, – той і ў пераможцах. І хлебаробы маюць рацыю, аднак забываюць пра тое, што восенню з нагоды прафесійнага свята на Астравеччыне падводзяць вынікі сельскагаспадарчага спаборніцтва сярод многіх катэгорый працаўнікоў. Тут улічваецца год выпуску і эксплуатацыі машыны, знос рабочых запчастак і шэраг іншых паказчыкаў, таму ў галіне раслінаводства «летнія» прозвішчы нячаста супадаюць з канчатковымі «восеньскімі». Так, па выніках жніва-2023 Руслан Свіла, які працуе на МАЗе, заняў пачэснае 2 месца. 

 – Можна сказаць, уціснуўся паміж двума вадзіцелямі саў­гаса, – з усмешкай патлу­мачыў мужчына. – Прыемна, канешне, што мяне прызналі адным з лепшых у раёне.

 Не першы год заўважаю дух спа­бор­ніцтва на жніве сярод кам­бай­нераў: напрыклад, «саўгасаўцы» летась адсочвалі, колькі ім не хапала тон да трэцяй пазіцыі (каб паціснуць «гудагайцаў») у раённым табелі лідараў. Запытала ў Руслана, ці ёсць такое сярод вадзіцеляў. 

 – Канешне, ёсць! – не задумваючы­ся, адказаў мужчына. – Хоць куды пяці­то­н­­­ні­кам цягацца з МАЗамі з прычэпамі. З большага я перавожу збожжа па тэрыто­рыі зернескладаў у Малях і Германішках. Калі ёсць вольная хвілінка, дапамагаю і ў полі.
Аднак найбольш напружаная пара для майго суразмоўцы прыпадае на лета, калі пачынаецца касавіца: трава ў выглядзе зялёнай падкормкі трапляе на стол рагуль, а таксама актыўна закладваецца ў тэхналагічныя ёмістасці.

 – У чэрвені працоўны дзень пачынаецца ў 5 гадзін раніцы, а заканчваецца пасля 17-ці. На кожную невялікую ферму трэба даставіць патрэбны аб’ём «зя­лёнкі», – расказвае пра работу Руслан Свіла. – Цяпер больш спакойна. З дрэ­ва­апрацоўчага цэха завёз пілавінне на малочна-таварны комплекс у «Смілгі». Такое падсціланне ў нашай гаспадарцы практыкуецца на многіх жывёлагадоўчых аб’ектах. Паеду на МТФ «Кялёйці», дзе кормараздатчык змеш­вае сілас, сянаж. Гэтую сумесь дастаўляю на невялікія фермы ў Рукшаны, Дравянікі, Індрубку, Слабодку.

 Папрасіла ўявіць працаўніка з Дошкі гонару сябе ў другой прафесіі і сферы. Руслан на некалькі хвілін задумаўся, а потым упэўнена адказаў:

 – Бачу сябе толькі вадзіцелем. Маё дзяцінства прайшло ў кабіне таткавага «газончыка». Ён усё жыццё шафёрам адпрацаваў у рытанскай гаспадарцы, а мама даіла кароў на ферме ў Каранятах, – падзяліўся ўспамінамі маленства мужчына. – Я правы атрымаў у Варнянскім вучэбна-вытворчым камбінаце. Пасля школы ўладкаваўся ў калгас «Рытань», потым яго злучылі з «Кямелішкамі», а пазней дадалі да саўгаса «Падольскі». 

 Праца працай, але маладым, вядома, хочацца і адпачыць. Мясцовыя хлопцы, у тым ліку і Руслан, на выхадных ездзілі на танцы ў Рытань, Варону, Быстрыцу. У апошняй вёсцы хлопец і згледзеў сваю нарачоную.

 – З Ірынай год сустракаліся, потым ажаніліся. У 2011-м папрасіліся ў гудагайскую гаспадарку. На той час заробкі ў саўгасе былі невялікімі. Я ўладкаваўся вадзіцелем, жонка – даяркай на малочна-таварны комплекс «Германішкі». Праўда, цяпер працуе ў іншай галіне. У Гудагаі нам далі жыллё, дом, дарэчы, выкупляем. Не паспелі заўважыць як выраслі дачушкі. Старэйшая працуе ў астравецкім Беларусбанку, малодшая ходзіць у 9 клас Гудагайскай школы, – расказаў пра сваю сям’ю Руслан Свіла і паглядзеў на МАЗ. – Летась яго атрымаў, да гэтага 10 гадоў на падобнай машыне адпрацаваў. Бачыце на яго кабіне завадскую назву «Колас»? Ведаю, што на ім перавязу яшчэ не адзін дзясятак тон зерня і травы. Вадзіць трэба, як жыць…
Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич