Юбілейны творчы вечар Аляксандра Марозава пад сімвалічнай назвай “Размова па душах” адбыўся ў Астраўцы(абноўлена)

18:30 / 19.03.2024


Пад такой сімвалічнай назвай у цэнтральнай раённай бібліятэцы адбыўся юбілейны творчы вечар Аляксандра Марозава, на рахунку якога звыш 30-ці 

кніг рознай тэматыкі і жанраў, пачынаючы ад мастацкай і заканчваючы навукова-папулярнай літаратурай.

Дзякуючы сваёй няўрымслівай натуры, творчаму агеньчыку, цікавасці да жыцця ва ўсіх яго праявах Аляксандр Марозаў гарманічна спалучае ў сабе шмат іпастасяў: і паэт, і публіцыст, і перакладчык, і краязнаўца роднага Данбаса, і міколаг, і кіраўнік раённага літаратурнага аб’яднання. Словам, энергіі гэтага творчага чалавека з лішкам хапае на ажыццяўленне многіх ідэй і задум!

Ратуючы блізкіх ад наступстваў ваенных дзеянняў, без малога 10 гадоў назад Аляксандр Іванавіч пераехаў з Украіны ў Беларусь на незнаёмую Астравеччыну. Складана пачынаць усё з нуля ў 45 гадоў, тым не менш у Марозава гэта атрымалася. Тут нарадзіўся яго першы ўнук Лёва, тут у вёсцы Філіпаны з жонкай яны абуладкавалі дамок, які туліцца да самага лесу; тут у творцы нарадзіўся не адзін дзясятак вершаў, казак і песень. Больш таго, за гэты час у мужчыны з’явілася шмат сяброў і аднадумцаў не толькі ў Астравецкім раёне, але і ў розных куточках Беларусі.

Нездарма кажуць, што пра чалавека і маштабы асобы ў першую чаргу сведчаць яго справы, непрадузятая адзнака калег, прафесіяналаў, знаёмых. Павіншаваць юбіляра ва ўтульную залу бібліятэкі завіталі шматлікія госці: кіраўніцтва раёна, былыя і цяперашнія калегі, сябры па пяры і аматары паэтычнага слова. А тыя, хто не змаглі прысутнічаць на творчым вечары, даслалі відэавіншаванні з арганізацый і аб’яднанняў. Гэта сябры па пяры з Гродна, Саюза пісьменнікаў Расіі, Міжрэгіянальнага саюза пісьменнікаў, народны ансамбль «Казачья вольница» (аказваецца, Аляксандр Іванавіч – палкоўнік казацтва!) і многія іншыя. 

Распачалася літаратурная ўрачыстасць з вясенняй ноты: песню на словы юбіляра “А в Островце весна” выканаў Віктар Старук.

Бібліятэкары філігранна вялі імпрэзу, нязмушана накіроўваючы прысутных у розныя перыяды жыцця Аляксандра Марозава. Аказваецца, ужо ў 4 гады герой гэтага дня ўмеў чытаць. Пасля заканчэння школы Саша ўладкаваўся ў лакаматыўнае дэпо, а ў 18 гадоў стаў вучнем каваля. Пасля службы ў Забайкальскай ваеннай акрузе паступіў у Данецкі дзяржаўны ўніверсітэт і атрымаў там адразу дзве спецыяльнасці: міколага і журналіста. На працягу жыцця Аляксандр Іванавіч заставаўся верным абодвум гэтым накірункам: удзельнічаў у стварэнні грыбаводчых гаспадарак у многіх постсавецкіх краінах. На яго рахунку 14 навукова-папулярных кніг пра грыбы. Дзякучы яго ініцыятыве фестываль “Грыбны бурштын Астравеччыны” некалькі гадоў назад сабраў у Філіпанах дзясяткі аматараў ціхага палявання.

На Астравеччыне Аляксандр Марозаў працаваў карэспандэнтам “Астравецкай праўды”, загадчыкам Мальскага сельскага дома культуры, дзяжурным на КПП завода “Радыёдэталь”, апошні час – інжынерам садова-паркавай гаспадаркі ЖКГ.  Віншаванні і пажаданні далейшага плёну на літаратурнай ніве юбіляру ад калектыву “раёнкі” перадала аўтар гэтых слоў. Падзячны ліст і букет калегу ўручылі галоўны бухгалтар ЖКГ Аляксандр Багдановіч і начальнік участка добраўпарадкавання, азелянення і саначысткі Дзмітрый Салагуб.

За плённае і цеснае  супрацоўніцтва Аляксандру Марозаву падзякавала дырэктар раённай бібліятэкі Наталля Ачарэтава і  ўручыла Ганаровую грамату, якую пераслаў Саюз пісьменнікаў Расіі, а таксама дыплом літаратурнай прэміі імя Уладзіміра Даля за значны ўклад у развіццё літаратурнага працэсу і кнігі апошніх гадоў. 

Прыемнай нечаканасцю для юбіляра стала рашэнне праўлення садружнасці дыпламатыі (Казахстан) аб яго ўзнагароджанні спецыяльным медалём за ўклад у сяброўства паміж народамі і ў сувязі з 55-годдзем.

Але бадай што самымі экспрэсіўнымі і шчырымі сталі віншаванні калег па раённым літаратурным аб’яднанні “Астравецкай зямлі галасы”, якое Аляксандр Іванавіч узначаліў 9 гадоў назад. Відэамасты і магчымасць стасавацца з калегамі па творчым цэху з розных гарадоў і краін дазволілі нашым літаратарам падняць асабістую планку і папоўніць уласную скарбонку новымі публікацыямі ў шматлікіх часопісах і альманахах. Людміла Кухарэвіч, Таіса Сямёнава, Тарэса Варановіч, Капіталіна Пятроўская, Святлана Бацюлева, Ванда Радзевіч і Міхаіл Клусевіч падрыхтавалі міні-кацэрт. У іх выкананні гучалі аўтарскія вершы і творы юбіляра, а таксама песні на яго словы.

Зазірнуў на творчы вечар і старшыня раённага Савета дэпутатаў Генадзь Бычко. Падчас віншавання юбіляра ён прыадкрыў заслону таямніцы: аказваецца, убачыць свет зборнік выбраных твораў Аляксандра Марозава, многія з якіх напісаны на Астравеччыне, а некаторыя – на беларускай мове. Па словах  Генадзя Паўлавіча, хоць гэта ідэя яшчэ пакуль у зародкавым стане, але абавязкова павінна ажыццявіцца дзякуючы падтрымцы дэпутацкага корпусу.

…Серость и холод не вечны,

Битвы страстей и стихий,

Чтобы нам быть человечней

Пишут поэты стихи.

Гэтыя радкі можна лічыць літаратурным крэда Аляксандра Марозава, з якім адбылася шчырая і цікавая “Размова па душах”.

З віншаванняў

Марына Марозава, жонка:

– У майго мужа заўсёды шмат планаў, ідэй, задум. Спачатку гэта мяне палохала, потым я змірылася, – усміхаючыся, сказала жанчына. – Няхай на іх ажыццяўленне хапае сіл, магчымасцей і здароўя!

Таіса Сямёнава, член раённага літаратурнага аб’яднання:

– Як удзельніца клуба “Актыўнае даўгалецце”, скажу, што мы любім паэзію Аляксандра Марозава, за гэты час сталі прыхільнікамі яго творчасці і заўсёды радуемся новым перамогам паэта. Спадзяюся, што ў нашым рэпертуары абавязкова з’явяцца песні на словы Аляксандра Іванавіча.  Здароўя, дабрабыту і новых твораў!

Паэтычная падборка

Матулi

Дадому рэдка заязджаем мы,

Нячаста ў спешцы надаём увагi

Тым людзям – самым родным, дарагім,

Якія вартыя любові і павагі.

І зноў я палячу за небасхіл,

За гарызонт нарваць з нябёсаў зорак.

Вярнуцца абяцае блудны сын –

І ён на родны вернецца падворак.

Няхай дзянькі твае цякуць ракой,

Хай іней праступае ўжо на скронях,

Я буду берагчы твой супакой,

Прыносiць зоркi да цябе ў далонях.

***

О СЛОВЕ

Здесь лоснится мягким покровом мох,

Не щедра земля и зима сурова.

А на древнем капище бог

На священных скрижалях выводит слово.

Слово птицей спрыгнуло с языка,

Завертелось дзыгой среди проталин.

Собирает слово из льдинок Кай,

У окраин хлещет словами Каин.

Разбрелись слова по Земле скакать

И века пронзать обожжённой глиной.

Не смогли молчать и ушли в печать –

В Беларуси их сохранил Скорина.

Серебрится мох, как пушистый мех,

Тот, кто много жил, тот чего-то видел.

На земле сейчас электронный век –

Все слова хранят в электронном виде.

Издают всё меньше бумажных книг,

Виртуальный мир помещён в мобильник…

Сохраним ли мудрость веков былых ,

Если кто-то вырубит вдруг рубильник?

***

Это было очень клёво:

Дед приехал в гости к Лёве.

Улыбались все вокруг

Дед для внука лучший друг.

Он с собой привозит праздник

И рюкзак подарков разных.

С дедом можно поиграть

И портрет нарисовать,

А ещё на ушко деду

Можно рассказать секреты.

Мы заметить не успели –

Выходные пролетели:

Воскресенье и суббота –

Деду нужно на работу.

С ним приходится прощаться:

“Приезжай к нам, дед, почаще!”








Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич