Гелена Кардис: моменты жизни, моменты в памяти…

12:00 / 10.03.2024


Часта здараецца, што чыясьці гісторыя жыцця становіцца кропкай, якая дазваляе адправіцца па хвалях сваёй памяці. Чытаючы і слухаючы расповеды знаёмых, сяброў або герояў «раёнкі», хочацца расказаць пра тое роднае, важнае, часам вясёлае, нават смешнае або сур’ёзнае ці балючае, што здаралася ў тваім жыцці. Выказацца – гэта добры спосаб прааналізаваць былое, залячыць душэўныя раны, падзяліцца вопытам…

Пра сваё жыццё-быццё Гэлена Кардзіс можа расказваць доўга: момантаў, якія ўрэзаліся ў памяць рознакаляровымі карцінкамі, – не пералічыць. Але сёння яна ўспамінае асноўныя…

Маленькая радзіма

 – Нарадзілася і вырасла я ў вёсцы Бая­ры на Астравеччыне ў шматдзетнай сям’і, што на той час было зусім не дзіва. Сямёра дзяцей – 4 хлопчыкі і 3 дзяўчынкі – падрасталі ў Карвэцкіх, я – з апошніх. Таму, можна сказаць, пястуха: амаль усе хатнія справы рабіць і з вялікай гаспадаркай спраўляцца дапамагалі старэйшыя. Бацькі жылі проста, але на лёс не нара­калі: тата сталярнічаў – заказы выконваў дома, на маці была гаспадарка і дзеці.


Пачалася вайна…

 …І стала жыццё наша іншым. Над галавой часта ляталі самалёты, а па вёсцы пачалі хадзіць бандыты. 
Неяк недалёка ад нашага дома ў балота ўпаў самалёт – не памятаю толькі, нямецкі ці наш, савецкі. Усе вясковыя туды хадзілі – дзялілі парашут. І бацька тканіны ад яго прынёс. А яшчэ мыла, шмэльц – такое слова я ад дарослых чула, што азначала «тлушч», і нешта падобнае да мёду. Мама намазвала яго на бліны. 
…А аднойчы пачалі страляць. Маці нас у склеп схавала. Каня ў хлеў завяла. Але малым цікава было, што робіцца, – і мы павылазілі. Мама пагнала назад… 
Не памятаю, колькі мы ў тым склепе сядзелі – пра гэта тады не думалі. Хадзілі праз нашу вёску і фашысты, і партызаны, і «літоўцы», і бандыты. У нашу хату немцы заходзілі – з ежы чаго прасілі. Так і жылі мы «пад страхам».
Неяк прыйшлі, мабыць, «літоўцы» – дапытваліся ў маці, дзе партызаны. Яна маўчала. Тады яны паставілі яе да сцяны – на расстрэл. А мы, дзеці, на ложку сядзелі і плакалі. У люстэрку, што вісела насупраць, бачылі, як ёй у спіну з аўтаматаў цэляць. У нейкі момант маці падбегла да нас, схапіла чатырохгадовага брата і крыкнула бандыту: «Страляйце абодвух!»

У памяці – 45-ты

 Бацьку бандыты забілі ў 1945-м, тыя ж, хто расстраляў Калгушкіна і Ушакевіча. Забілі прама дома. За што? Да гэтай пары не ведаем. 
Яны ж спалілі гумно – а там столькі сена, зерня было! Потым загарэўся склеп. Але людзі дапамаглі – патушылі, толькі дах згарэў, каменныя сцены захаваліся. І дом «абаранілі», і хлеў агнём не пашкодзіла, хоць першае, што тады зрабіла мама, – пабегла выпусціць жывёлу. Як толькі адчыніла дзверы, выбег конь – бандыты кінуліся за ім, але не дагналі. Дагнала іх куля… Свінні ж і карова з загародак не пайшлі.
Калі бацькі не стала, цяжка было. Каб пракарміць дзяцей, мама нават па вёсках хадзіла – пабіралася: Гальчуны, Якентаны… Хто хлеба даваў, хто – сена жывёле. Так да вясны і дажылі. Сваё малако, потым бульба пайшла, гародніна, з лесу грыбы-ягады мы прыносілі. Браты ў мяне працавітыя былі. Адзін, Раман, кошыкі плёў – іх прадавалі. Другі, Франц, рыбу лавіў…

Пра школу

 Старэйшыя браты і сёстры ў школу мала хадзілі, але пісаць умелі. Часу вучыцца не ставала – працаваць у калгасе трэба было. Заробкі, праўда, тады былі малыя, і тыя выдавалі зернем. Памятаю, сястра паехала за «зарплатай» – вярнулася, несучы на плячах паўнюткі пудовы мех зерня. 
Я ў школу пайшла ў 8 гадоў. Апрануць «з іголачкі» мама мяне не магла, таму даношвала адзежу пасля старэйшых. Школа знаходзілася ў Новых Якентанах, месцілася ў прыватным доме. Настаўнікам быў Тэафалій Баніфацавіч Міхалькевіч. Адвучыўшыся 4 гады, перайшла ў Альгінянскую, дзе скончыла 7 класаў. Далей, у астравецкую школу, не пайшла. Працаваць трэба было, дома дапамагаць.
І дзяржава маме дапамагала: белы паркаль выдалі, цукар, мыла. Ордэнам узнагародзілі як шматдзетную маці.






Свая сям’я

Замуж выйшла ў Астравец – Іосіф быў родам са Слабодкі, што за Субялямі. Яго бацьку, як і майго, бандыты забілі. І хату спалілі – маці новую ставіла…
Муж працаваў на астравецкім смаляным заводзе, дзе сёння пажарная часць знаходзіцца, а я дзетак даглядала. Іх у нас нарадзілася двое – Франц і Віктар.

Ад завода нашай сям’і выдзелілі кватэру, а мы пачалі будаваць дом – там нарадзілася  дачушка Леначка.
Старэйшы сын аддаваў абавязак Ра­дзіме ў Архангельску. Калі малодшага ў армію забралі, ад яго доўга лістоў не было. А потым прыйшоў адзін – пісаў, што ў Таджыкістане, у вучэбцы каля граніцы. Перапісваліся, грошы яму высылалі.
Аднойчы грошы вярнуліся. І нас з мужам бы кіпнем апарыла: мабыць, у Афганістан павезлі! Так і было: адтуль Віця ліст даслаў, на канверце пазначана: палявая пошта. Усё ўнутры абарвалася... Ні адной спакойнай хвіліны з таго часу не мелі, усё думалі: як ён там? А сын піша: не хвалюйцеся, усё добра, на 13-тоннай машыне суправа­джаю калоны.

А потым ён падарваўся на міне… Віцю кантузіла і з кабіны выкінула беспрытомнага. Усе, хто з ім быў, загінулі.  З сур‘ёзным раненнем вока верталётам яго даставілі ў Кабул, дзе дасталі з раны асколак, пераправілі ў Ташкент у апёкавае аддзяленне. Якія змаглі, дробныя асколкі тут дасталі, астатнія, сказалі, самі выйдуць.
Як толькі мы даведаліся, што сын у Ташкенце, муж аформіў адпачынак і паехаў да яго. 
Уколы Віцю балючыя рабілі. Як яму цяжка было, не ўявіць! Муж дахаты вярнуўся пасівелы ад перажыванняў…
А сына праз паўгода назад адправілі служыць. Праўда, ужо не вадзіцелем – на пост, дзе ён адзначаў выезд баявой тэхнікі. За раненне 300 рублёў на тыя грошы далі, а медаль атрымаў калі ў Астравец вярнуўся. Тут яму выдзелілі кватэру на Валадарскага, ажаніўся, нарадзіўся сын. Вось толькі ўнука не дачакаўся: у 2014-м Віці не стала.
…Пайшоў з жыцця і муж Гэлены Кар­дзіс. Цяпер жанчына жыве з дачкой, і ў яе, гаворыць, усё добра. Вось толькі памяць не адпускае, прымушаючы раз-пораз цішком змахнуць гарачую слязінку. Не сцішаецца і боль, які ў хвіліны ўспамінаў да немагчымасці ўздыхнуць сціскае сэрца. Нягледзячы на тое, што ўсё добра…

________________________________________________________________________________________________________________________________________________________________________

Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.
Телеграм-канал «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района.

Текст: Ольга Хотянович
Фото: из архива героини