Кацярына Пашкевіч кожныя выхадныя “зматвае вудачкі”.

16:00 / 10.03.2024


Зімой і летам, акрамя вельмі нелюбімых ёй кароткіх познеасенняга і ранневеснавога перыядаў міжсезоння, кожны выхадны Кацярына выпраўляецца на рыбалку. І жаночае свята 8 Сакавіка не стане выключэннем: самы лепшы дзень, каб прысвяціць яго любімаму занятку.

Хоць яшчэ 5 гадоў таму, што называецца, нішто не прадказвала…
…У 2020 годзе сяброўка і калега са Шчучынскага раёна запрасіла ў госці. Пасядзелі, папілі гарбаты...

 – Паехалі на рыбалку! – прапанавала сяб­роў­ка, аматар рыбнай лоўлі з 20-гадовым стажам.

 – Тады я ўпершыню ўзяла ў рукі вудачку. Сяброўка паказала, як прымацаваць кручок, насаджваць нажыўку, закідваць і трымаць вуду… У першы раз нічога не злавіла, толькі любавалася, як спрытна адну за адной цягае рыбу сяброўка. А найбольш – прыродай: стаяў цудоўны май, лёгкі ветрык гнаў азёрныя хвалі, якія плёскаліся каля ног, – расказвае, як упершыню «заглынула кручок» новага захаплення Кацярына Іванаўна. 
Вядома, любавацца прыродай можна і гуляючы па лесе. Але тут, па-першае, вада, – а яна вадалей не толькі па знаку задыяка, але і па стане душы, нездарма яшчэ адным яе любімым адпачынкам з’яўляецца басейн. А, па-другое, на наступнай рыбалцы яна злавіла першага карася. І ўсё – «падсела»… 

 Яшчэ пару разоў Кацярына з’ездзіла да сяброўкі, а потым вырашыла, што і ў Астравецкім ды Смаргонскім раёнах ёсць дзе парыбачыць: Вілія, Лоша, Ашмянка, шматлікія азёры. На рыбалоўныя снасці траціцца не давялося: у свой час рыбалкай захапляліся муж і сыны, потым закінулі гэтую справу, але ў гаражы вудаў засталося на любы густ і запатрабаванне.

 – На першым часе ўсяго хапала, – з усмешкай успамінае Кацярына. – Памятаю, як калаціліся рукі, калі ўпершыню сама мяняла кручок. Колькі вудачак зламала, колькі разоў закідвала блешню на дрэва – не злічыць. На рыбалку я езджу адна, таму спраўляцца з усімі праблемамі даводзілася самастойна.
Але з цягам часу ўсяму навучылася. Найперш, вядома ж, у інтэрнэце.

 – Падпісана на мноства рыбалоўных тэлеграм-каналаў, але найбольш падабаецца «Рыбанутыя» – гэта дакладна пра мяне, – смяецца жанчына.
Калегі па захапленні час ад часу дзеляцца сакрэтамі. Не так даўно падчас спаборніцтваў па фідарнай лоўлі Вадзім Лебядзевіч паказаў майстар-клас у гэтым новым для Кацярыны спосабе рыбалкі – і ён адразу ж стаў для яе адным з найбольш любімых. Хоць не грэбуе яна і іншымі, у тым ліку спінінгам.
Як адносяцца блізкія, што жонка і маці ўсе выхадныя прападае на рыбалцы? 


 – Падабаецца ці не, але трываюць, – ус­міхаецца жанчына. – Яны разумеюць, што ў мамы складаная работа і ёй трэба адпачываць. А рыбалка для яе – найлепшы адпачынак! З ім можа паспаборнічаць хіба што фрыдайвінг – плаванне пад вадой у ластах і масцы, але гэты падарунак Кацярына можа зрабіць сабе толькі раз у год падчас адпачынку на самым прыгожым у свеце, па яе меркаванні, Чырвоным моры.
Жанчына прызнаецца, што рыбалка ёй патрэбна не дзеля кампаніі – стасункаў з людзьмі ёй і на рабоце хапае. І тым больш не дзеля ўлову: невялікіх рыбак яна адразу адпускае, сур’ёзны ўлоў – а ў яе рыбалоўным паслужным спісе ёсць і 2-3 кілаграмовыя карпы, амуры, ліні, галаўні – пакідае. Праўда, як і большасць жанчын, чысціць і гатаваць рыбу па-ранейшаму не любіць, кажа, што для гэтай справы ў яе ёсць сыны. Але галоўнае для Кацярыны Пашкевіч у яе нежаночым захапленні – яднанне з прыродай, адчуванне сябе яе часцінкай. 

 – Праўда, здараецца, што настрой псуецца яшчэ да пачатку рыбалкі, – гаворыць жанчына. – Часам прыедзеш у цудоўнае месца, прыгажосць – вачэй не адвесці, а на беразе – сляды «адпачынку» гора-турыстаў: пустыя бутэлькі, смецце. Тады бяру вялікі пакет і прыбіраю, кладу ў багажнік і дома выкідваю ў кантэйнер. Хочацца папрасіць людзей, якія адпачываюць падобным чынам: пашкадуйце прыроду, пашкадуйце людзей, што прыедуць на гэты бераг пасля вас, урэшце, пашкадуйце сябе і сваю душу, не засмечвайце яе падобнымі ўчынкамі…
І хай на душы ў кожнага будзе так чыста і светла, як у Кацярыны Пашкевіч пасля кожнай рыбалкі!


Текст: Нина Рыбик
Фото: из архива героини