Ноги на спинках кресел, или Как дети ходили в кино

12:12 / 16.10.2023


Не сакрэт, што паглядзець кіно ў кінатэатр дзеці цяпер ходзяць рэдка. Часцей за ўсё на чарговую прэм’еру, якую на ўвесь свет разрэкламаваў інтэрнэт, і групкамі па два-тры чалавекі.

На адной з такіх прэм’ер давялося пабыць і мне. У зале, дзе большасць дарослых і невялікая частка – падлеткі, было шумна.

Здзівіла, як увесь сеанс (а гэта амаль дзве гадзіны!) паводзілі сябе дзеці. І справа тут не ў газіроўцы, якую то тут, то там яны “з пшыкам” адкрывалі; не у пачках чыпсаў, якімі яны бесперапынна хрумсцелі; і не перашэптваннях, якія, нават не хочучы, можна быдо пачуць за два рады. Уразіла іншае.

…Не раз у свой адрас чула заўвагу, маўляў, а ты ўсё савецкія часы ўспамінаеш, хопіць ужо. Магчыма, і так: успаміны, “як было, калі дрэвы былі вялікімі”, не заўсёды можна супаставіць з сучаснасцю – цяпер усё іншае. Аднак, упэўнена, не тады, калі гаворым пра аснову асноў любога грамадства – культуру паводзін.

Успамінаю, як у школе мы кожны год вучылі правілы этыкету: як сябе паводзіць за сталом, у кіно ці тэатры, бібліятэцы, транспарце і нават на вуліцы. Кожны год я спісвала пад дыктоўку настаўніка тоненькі сшытак, да якога прыклейвала яшчэ адзін – з наступнага года, потым яшчэ і яшчэ… Так у мяне атрымлівалася тоўстая шпаргалка, як кажуць, на ўсе выпадкі жыцця. Мы, савецкія дзеці, добра ведалі, як правільна пакласці нож і відэлец, каб паказаць афіцыянту, што ты закончыў трапезу; або што першым вітаецца той, хто ўваходзіць у памяшканне; што праходзіць на сваё месца ў зале неабходна, павярнуўшыся тварам да таго, хто сядзіць, а ён, у сваю чаргу, павінен устаць, каб цябе прапусціць. І нарэшце, што “цішыня павінна быць у бібліятэцы”!

Знаёма? Мамам і татам, але не дзецям, якіх мы, чамусьці, гэтаму не вучым. І не трэба ў чарговы раз на школу наракаць: менавіта бацькі ў адказе за тых, каго нарадзілі, гадавалі і выхавалі.

Можа, дарослыя, якія былі на той прэм’еры, і не звярнулі ўвагі на хаджэнні дзяцей туды-сюды “па справе”, на лязганне дзвярыма, гучнае падсвістванне на некаторых кіношных сцэнах і – фішка нумара! – на ногі, закінутыя на спінку папярэдняга крэсла… А для мяне быў сапсаваны ўвесь “паход выхаднога дня”. Да гэтага часу няёмка за некага, прыкра і сорамна чужым сорамам. На што мы, бацькі, спадзяёмся, пускаючы на самацёк выхаванне сыноў і дачок? Што яны самі навучацца? Але педагогі пацвердзяць: дзіця, прычым не толькі гадавалае, – гэта чысты ліст паперы. Што вы на ім “намалююце”, такім яно і будзе.

Адлягло, калі, выходзячы з кіназалы, пачула ад іншых дарослых: усё ж дзеці перашкаджалі. …І тут жа зноў “падняло”, бо прагучаў адказ: “Чаго ты хочаш? Гэта ж дзеці!”

Корань праблемы…


Текст:
Фото: из интернета