“Дажынкі-2023”: астраўчане ў Зэльве гасцявалі і ўзнагароды прымалі

14:00 / 26.09.2023



Пасеяць, вырасціць, убраць саспелы ураджай – адным кароткім сказам можна ахарактарызаваць сутнасць работы хлебароба. Тым не менш яны – працаўнікі палёў, зернетокаў і сушылак як ніхто ведаюць, колькі працы, старанняў, часу, плёну і сіл трэба ўкласці, каб атрымаць важкі колас.

Аграрыі Гродзеншчыны сёлета прадэманстравалі лепшы вынік у краіне і намалацілі звыш 1 мільёна 400 тысяч тон збожжа. Дажыначная сталіца вобласці, гасцінная Зэльва, хлебасольна вітала лепшых аграрыяў Прынёмання. Песні, танцы, пацехі і прысмакі – усё ў гэты дзень было для іх: механізатараў, вадзіцеляў, аграномаў, механікаў… І нездарма, бо сам колас схіляе галаву перад хлебаробам.

Усе раёны адправілі на “Дажынкі” дэлегацыі, якіх ў розных кропках Зэльвеншчыны гасцінна сустракалі гаспадары. Астраўчан віталі ў аграгарадку Галынка – цэнтральнай сядзібе аднайменнай гаспадаркі.

У сапраўдную дажыначную сталіцу ператварылася Зэльва. На вуліцах гарадскога пасёлка ішоў бойкі гандаль. Майстры, сярод іх былі і астраўчане, не толькі па-заліхвацку прапаноўвалі мінакам што-небудзь набыць, але і давалі майстар-класы. Так, сакрэтамі саломапляцення дзялілася Алена Малышава. Вольга Кулікова з дапамогай пэндзля і фарбаў “ажыўляла” шкляныя сподачкі і кубкі. Ірына Баршчэўская паказвала, як “нараджаюцца” выцінанкі.

Выстава “У гонар хлебаробаў” аб’яднала ўсе 17 раёнаў Гродзеншчыны. Астравецкі каравай упрыгожылі каласкі, кветкі і герб нашага раёна, а над снапом з жыта, аўса, ячменю, пшаніцы “луналі” саламяныя птушачкі са стужкамі – сімвал мірнага неба над беларускай зямлёй.



У цэнтральным скверы побач з караваямі і снапамі спецыяльна да свята “вырасла” выкаванае дрэва з выявамі гербаў усіх рэгіёнаў Гродзеншчыны. На адной з галінак можна было адшукаць астравецкія дуб і фарэль.

Музыка, залівістыя галасы і смачныя пахі даносіліся з падворкаў раёнаў вобласці. Гаспадары кожнай “сядзібы” пастараліся паказаць адметнасці свайго краю і сельскай гаспадаркі з дапамогай тэатралізаванай пастаноўкі пра свята ўраджаю.

Утульную астравецкую хаціну ўпрыгожылі жніўныя вянкі. Побач да яе прымасціліся драўляныя млын і воз, пузатыя гарбузы, высачэзныя снапы. А паліцы літаральна ламіліся ад разнастайнасці хлябоў, булак, абаранак. Да месца былі варнянскія яблыкі, гудагайскае і гервяцкае збожжа… Гаспадары, у ролі якіх выступілі работнікі культуры, прадставілі старажытнае свята ўраджаю Багач. Яго нашы продкі адзначалі ў дзень восеньскага раўнадзенства. У гэты дзень абавязкова запальвалі свечку, якая стаяла ў місе за збожжам. Лічылася, што дзякуючы гэтаму абраду ў наступным годзе ніва родзіць багаты ўраджай.



Можна было толькі дзівіцца, праходзячы па вуліцы падворкаў, што і рабіла прадстаўнічая дэлегацыя на чале са старшынёй Гродзенскага аблвыканкама Уладзімірам Каранікам.

І ўсё ж галоўнымі віноўнікамі свята былі працаўнікі аграпрамысловага комплексу: хлебаробы, спецыялісты і кіраўнікі гаспадарак, ветэраны працы, якія ўрачыста прайшлі па вуліцах Зэльвы. Удзельнікаў гэтага шэсця мясцовыя жыхары і госці віталі, як сапраўдных герояў.

Бадай што самым важным момантам святкавання стала цырымонія ўзнагароджвання лепшых хлебаробаў вобласці. З падзякай за працу і віншаваннямі да прысутных звярнуўся Уладзімір Каранік.

– Людзі гэтай зямлі ладзяць маштабныя святы. Пачынаючы з 18 стагоддзя зэльвенскія кірмашы карысталіся папулярнасцю ў купцоў і рамеснікаў з усёй Еўропы. Мы сабраліся на гэтай хлебасольнай зямлі, каб ушанаваць герояў нашага часу – хлебаробаў, якія, нягледзячы на складанасці, сабралі годны ўраджай. Надвор’е ў чарговы раз выпрабоўвала вас на трываласць, і вы вытрымалі ўсе выклікі і даказалі, што вашы прафесіяналізм, любоў да зямлі дазваляюць атрымліваць годны ўраджай. Аграрыі вобласці без малога забяспечылі на чвэрць каравай краіны. Гэта вынік плёну ў першую чаргу работнікаў сельскагаспадарчых прадпрыемстваў: працаўнікоў, спецыялістаў, кіраўнікоў, – адзначыў губернатар. – Мы яшчэ раз даказалі, што сакрэт поспеху гродзенскай зямлі – не якісьці асаблівы клімат ці склад глебы, а людзі. Прычым людзі, якія любяць і ўмеюць працаваць, і робяць гэта разам. Вы ў чарговы раз пацвердзілі праўдзівасць мудрасці: сабрацца разам – гэта пачатак, трымацца разам – гэта прагрэс, працаваць разам – гэта поспех. Сёння мы святкуем ваш поспех! І “Дажынкі” – цудоўная нагода сказаць вам, прадстаўнікам калектываў і ўсім людзям працы, словы вялікай удзячнасці. Дзякуй і нізкі паклон!

– Адміністрацыя кіраўніка дзяржавы далучаецца да ўсіх пажаданняў. Сапраўды вялікая праца – пасеяць, дагледзець і сабраць рэкордны ўраджай. Заўсёды ў нашых магазінах багаты асартымент прадукцыі, вытворчасцю якой займаюцца і ў нашай вобласці, і ў краіне. Віншую з паспяховым заканчэннем уборачнай і дзякуй вялікі за працу! – у прывітальным слове сказаў памочнік Прэзідэнта – інспектар па Гродзенскай вобласці Юрый Караеў.

Да віншаванняў далучыліся і дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Беларусі Аляксандр Вальфовіч, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Віктар Лісковіч, міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Сяргей Барташ, старшыня абласнога Савета дэпутатаў Алена Пасюта і іншыя.

На ўрачыстасці назвалі пераможцаў абласнога спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў на ўборцы збожжавых і зернебабовых. Хоць у іх лік астраўчане не трапілі, тым не менш нашы землякі не засталіся без заслужаных узнагарод.

Ганаровую грамату Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання атрымаў трактарыст-машыніст КСУП “Варняны” Валерый Дзенюш. Граматамі рэспубліканскага і Гродзенскага абласнога камітэтаў прафсаюза работнікаў АПК адзначылі вадзіцеля КСУП “Варняны” Уладзіміра Грынцэвіча і галоўнага інжынера КСУП “Гудагай” Паўла Гваздова. Грамату і Падзяку Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў уручылі вадзіцелю КСУП “Гервяты” Андрэю Вінцкусю і загадчыку цэнтральнага зернесклада КСУП “Гудагай” Меланіі Бразінскай.



У гонар сельскіх працаўнікоў у гэты дзень гучала яшчэ шмат цёплых слоў і віншаванняў, а на падворках, як і на вуліцах Зэльвы, на працягу дня панаваў святочны настрой.

Завяршаючым акордам свята і заслужаным падарункам для лепшых работнікаў Гродзеншчыны і гасцей Зэльвеншчыны стаў святочны канцэрт з удзелам беларускіх і расійскіх артыстаў.

У 2024-м абласныя “Дажынкі” будзе прымаць Мастоўшчына. Спадзяюся, што і ў наступным годзе нашы хлебаробы будуць працаваць не менш плённа і самааддана і годна прадставяць наш край на галоўным свяце агрыяў Гродзеншчыны.





Текст:
Фото: Алёна Ганулич