Чым займаецца будаўнічая брыгада КСУП “Гудагай”

15:00 / 13.08.2023

IMG_1500.JPG

Многія работы ў КСУП «Гудагай» вядуцца гаспадарчым спосабам. Дзякуючы будаўнічай брыгадзе фермы «ўбраліся» ў новыя строі, камфортам, стыльным дызайнам і смачнай кухняй ужо вабіць кліентаў кафэ «Эдэм» у вёсцы Палушы, а сем’і працаўнікоў гэтай гаспадаркі звілі ўтульныя гнёзды ў «калгасных» дамах. І гэта далёка не ўвесь пералік здабыткаў гэтага вытворчага падраздзялення. 
У будаўнічай брыгадзе КСУП «Гудагай» працуе 21 чалавек. На пер­шы погляд няшмат, але ў дзень майго прыезду ў гаспадарку яны завіхаліся на некалькіх аб’ектах. 
– Заканчваем будаўніцтва зерне­склада ў Палушах, якое распа­чалі ў маі. Залілі фундамент, зманціра­ва­лі сцены, накрылі палову даха, – уводзіць у курс спраў прараб Эдуард Безляповіч. – Работ на гэтым аб’екце засталося на тыдзень. 

IMG_1494.JPG

Эдуард Безляповіч, прараб

Пакуль адны работнікі ўмацоў­валі кроквіны, іншыя завіхаліся на піла­раме, якая размешчана непадалёк.
КСУП «Гудагай» – адзіная гаспа­дар­ка ў раёне, дзе ёсць кран з грузападымальнасцю 25 тон і стралой даўжынёй 28 метраў. Гэтай машынай не першы год кіруе Іосіф Івашкевіч, які перайшоў у «Гудагай» з МПМК. 

IMG_1475.JPG

З 1983 года з грузападымальным кранам «сябруе» Іосіф Івашкевіч

– У будаўнічай брыгадзе кожны мае адпаведную кваліфікацыю, – пра­цягвае прараб. – І заробкі на нашым прадпрыемстве добрыя. У чэр­вені сярэдняя зарплата склала 1 800 рублёў, у мінулым месяцы – 2 100, а зваршчык дык і ўвогуле 3 тысячы атрымлівае. Людзі зацікаўлены выконваць работу добра, таму і стараюцца. Недобрасумленныя доўга не затрымліваюцца. 
Да слова сказаць, Эдуард Безляповіч пра будаўніцтва ведае ўсё. У працоўнай кніжцы мужчыны, можна лічыць, адзін запіс з 1980 года – мяняліся толькі назвы пасад: майстар-будаўнік, прараб, намеснік старшыні, галоўны інжынер-будаўнік, прараб…
– Колькі зроблена за гэты час, многае – сваімі сіламі. Адмініст­рацыйны будынак у Палушах, жылыя дамы, дзіцячы садок, малочна-таварны комплекс «Германішкі» – усяго і не пералічыш, – узгадвае Эдуард Вікенцьевіч і пераходзіць да клопатаў надзённых. – З пачатку года на старой ферме ў Смілгах перарабілі памяшканні пад адкорм. У Германішках з карусельнай сушылкі зрабілі фуражны склад, бо вырошчваннем льну даўно не займаемся. У Малях на старых складах, куды маглі заязджаць толькі «газончыкі», цяпер пройдуць сучасныя пагрузчыкі і машыны. Заканчваем добраўпарадкаванне тэрыторыі ля кафэ «Эдэм», хутка там з’явіцца драўляная альтанка і пірс на штучным вадаёме. Пасля здачы аб’екта ў Палушах пераедзем у Кярняны, дзе будзем узводзіць цэх для ўтрымання цялят. Будаўніцтвам новых жывёлагадоўчых памяш­канняў на гэтым комплексе займаецца пад­радная арганізацыя ААТ «Будаўнік». Нам пашчасціла з кіраўніком: Эдуард Іванавіч моцны гаспадар, таму будуюцца комплексы і жыллё, а «ўзроставыя» аб’екты прыгажэюць і абнаўляюцца. 

IMG_1469.JPG

У сельскай гаспадарцы Тадэвуш Налівайка з 1981-га, апошнія 11 гадоў працуе стропальшчыкам

IMG_1466.JPG

Піларамшчык Іван Алёкса

Текст:
Фото: Алёна Ганулич