Давайте познакомимся: Андрей Дервис – о себе, работе и Островце

15:30 / 18.06.2023

IMG_6993.jpg

На сцяне кабінета намесніка галоўнага ўрача па сетцы цэнтральнай раённай клінічнай бальніцы Андрэя Дэрвіса, партрэт якога занесены на раённую Дошку гонару, акрамя дыпломаў і ўзнагарод, вісіць карціна з выявай паліклінікі, падораная калектывам. Не, не астравецкай і не цяперашнімі калегамі, а тымі, з кім малады ўрач пачынаў прафесійную дзейнасць у гарадскім пасёлку Мір. Хоць, як мне здаецца, Андрэй Іванавіч  і для астраўчан даўно перайшоў у катэгорыю «зямляк». А вось ці стаў Астравец для ўраджэнца суседняга раёна родным, раскажа ён сам.

Ашмяны: зразумець сябе

– Вучыўся я ў СШ№1, цяпер гэта школа носіць імя Міхаіла Гружэўскага, які ў мой час быў там дырэктарам.
Жаданне стаць медыкам з’явілася ў класе дзесьці 6-м. Па-першае, падабалася біялогія. Акрамя таго, часта бывае, што на выбар прафесіі, асабліва ў выпадку з медыцынай, уплывае нейкі эмацыянальны момант, магчыма, нават бяда. На жаль, такое здарылася ў мяне – адсюль дзікае (па-іншаму не назаву) жаданне стаць урачом, каб дапамагаць людзям, лячыць, па магчымасці аблегчыць іх боль…
Я цвёрда ішоў да мэты – з добрымі вынікамі цэнтралізаванага тэсціравання і «залатым» атэстатам паступіў у Гродзенскі медыцынскі ўніверсітэт. Час пагуляць у футбол? Не, не хапала. Шмат займаўся: акрамя ўрокаў і школьных факультатываў па патрэбных прадметах, карпеў над заданнямі ад рэпетытараў.

Гродна: вучыцца
– Ва ўніверсітэце мара быць урачом канкрэтызавалася: зразумеў, што хачу стаць хірургам або траўматолагам. І зноў жа ішоў да гэтага мэтанакіравана. Удзельнічаў у якіх толькі мог навуковых даследаваннях, выступаў на канферэнцыях маладых вучоных, мае работы змяшчалі ва ўніверсітэцкіх друкаваных выданнях… Аднак трапіць у хірургічную групу не атрымалася. Выбраў тэрапеўтычную. 
Расчаравання ад гэтага не было, увогуле ні разу нават думкі не ўзнікла кінуць універсітэт,  а пасля здрадзіць выбранай пра­фесіі. Так, здараліся моманты, калі было складана – у асноўным на першым, адаптацыйным, курсе, і трэцім, калі пачалося вывучэнне вельмі сур’ёзных і складаных прадметаў: фармакалогіі, пата­лагічнай анатоміі, мікрабіялогіі.

Ашмяны: набрацца вопыту
– Інтэрнатуру праходзіў у Ашмянскай ЦРБ. Запомніліся начныя дзяжурствы. Інтэрн можа на іх не хадзіць, аднак хацелася даведацца як мага больш, паслухаць парады калег. Тут жа падпрацоўваў на «хуткай» – гэта быў вопыт і ў той жа час падзаробак. Час дазваляў, жаданне было – то чаму б і не?

Мір: адпрацаваць
– Па размеркаванні трапіў у Мірскую па­ліклі­ніку Карэлічскага раёна, дзе адпра­цаваў 2 гады ўчастковым тэрапеўтам і «ў на­грузку» загадчыкам паліклінікі.
Выпала перажыць рэканструкцыю мясцо­­вай бальніцы – у гэтым я таксама пры­маў не­пасрэдны ўдзел. Менавіта тады і з’явілася ра­зу­менне, што такое кіраўніцтва пра­цэсам.
У Міры давялося расшыфроўваць кардыяграмы, бо спецыяліста не было, – наву­чыўся разбірацца, увогуле лепш разумець метады даследавання. 

Астравец: тут і «асесці»
– Не паверу, калі нехта скажа, што не ведаў пра будаўніцтва ў Астраўцы атамнай электрастанцыі, пра тое, што горад расце, а значыць, тут адкрываюцца і перспектывы. Адна з такіх для медыкаў – новая бальніца з сучасным абсталяваннем.
Я ведаў пра новыя магчымасці астравецкай медыцыны, таму і прыехаў да галоўнага ўрача мясцовай ЦРБ прасіцца на работу.
Прапанавалі пасаду ўрача-дыягноста, я з радасцю згадзіўся. І вельмі хутка зразумеў, што не памыліўся ў выбары месца – для працы і для жыцця. Люблю Астравец і лічу яго сваім горадам. Тут прыгожа, утульна, камфортна, цёпла і вельмі зручна.
Работа намесніка галоўнага ўрача – адмі­ніст­ратара звязана з вывучэннем новых паста­ноў, медыцынскай дакументацыі, якую вядуць нашы спецыялісты. Аднак гэта не азначае, што тэорыя ў маёй рабоце поў­насцю выцясніла практыку: пацыенты ў кабі­неце дыягностыкі расказваюць пра свае «балячкі», лекі, якія прымаюць, як яны сябе адчуваюць і што хвалюе. Іх стан я магу прасачыць па кардыяграме – у базе нашай бальніцы яны ёсць у электронным выглядзе. 

Пытанні «на засыпку» 
– Па прафесіі вы ўрач і выконваеце функцыі адміністратара. Што вам бліжэй?
– Цяпер ужо складана выбраць нешта адно – сумяшчаю дзве стаўкі з таго часу, як пра­цаваў у Міры. У кожнай «сферы» свае плюсы і мінусы. Пакуль атрымліваецца спалучаць. 

– Колькі ў вашых сутках працоўных гадзін?
– На рабочым месцы з 8-мі раніцы да 8-мі вечара, плюс субота да 3-х гадзін дня. Так, я сямейны чалавек: маю дваіх дзяцей, хутка з’явіцца трэцяе – аднак мы з жонкай спраўляемся. Яна разумее спецыфіку маёй работы – можа, таму што сама па прафесіі медык. І як добра, што дома я магу, не пераключаючыся, гаварыць медыцынскімі тэрмінамі – яна разу­мее! (Смяецца.)

– Успомніце самы, магчыма, адказны дзень на працы.
– Такія ў доктара здараюцца амаль што­­дзённа. Успомнілася падпрацоўка на «хуткай». Едзеш на выклік адзін – і ўсё залежыць толькі ад цябе. І з мігалкамі даво­дзілася ехаць, і транспарціраваць цяжкіх хворых у Мінск…

– Як адпачываеце?
– З сям’ёй. І рыбалку люблю, у дзя­цін­стве з бацькам часта вудзілі, аднак пакуль вучыўся, закінуў гэтую справу. Вярнуўся да хобі з год назад. Ужо і жонку пачаў прывучаць. 

– Прадоўжыце фразу: калі б не Астравец, то…
–  Толькі Астравец. І, папярэджу наступнае ваша пытанне, толькі медыцына!

Дзякую за…
 Падказкі мне як маладому кіраўніку – былому загадчыку Мірскай паліклінікі Ліліі Дзіваковай.
 За магчымасць дзяліцца сумненнямі і атрымліваць мудрыя парады – былому галоўнаму ўрачу Ашмянскай бальніцы Яўгену Еўчыцу.
За вопыт і жаданне дапамагчы – урачу функцыянальнай дыягностыкі Астравецкай ЦРБ Веры Комлач.
За добрыя адносіны і за тое, што жыву ў Астраўцы, – былому галоўнаму ўрачу Астравецкай ЦРБ Валянціну Тачонаму.
За падтрымку, старанную і якасную работу – калектыву нашай ЦРКБ на чале з галоўным урачом Уладзімірам Мажэйкам.

Пра перамогі
Удзельнічаць трэба ў любых конкурсах – і раённая Дошка гонару для мяне ў гэтым спісе. Такое маё меркаванне супадае з бачаннем адміністрацыі нашай бальніцы. Удзельнічаць патрэбна, каб ацаніць работу, прааналізаваць, што было зроблена работнікам або калектывам. А перамога… Калі яна будзе, то гэта, безумоўна, прыемна для канкурсанта і важна для нашай ЦРКБ.
Я быў першым, хто атрымаў абласную маладзёжную прэмію «Прызванне».  
Астравецкая бальніца кожны год удзель­нічае ў конкурсе якасці і культуры абслугоўвання насельніцтва. У вобласці ў гэтым годзе мы сталі пераможцамі.

Текст:
Фото: Ольга Хотянович