Няштатныя аўтары дапамагалі рабіць газету цікавейшай

15:02 / 29.05.2023
Колькі б журналістаў ні працавала ў рэдакцыі – двое, як у першыя пасляваенныя гады, ці шасцёра, як цяпер, ім самім пры ўсім жаданні цяжка ўсюды дабегчы, усё заўважыць, пра ўсё і ўсіх напісаць. Таму з першага дня існавання раённай газеты  і да сённяшняга дня на дапамогу, па нашай просьбе ці па ўласным жаданні, прыходзяць няштатныя аўтары. Некаторыя з іх абмяжоўваюцца адзінкавымі спробамі пяра ці фотакамеры. А для многіх супрацоўніцтва з «Астравецкай праўдай» стала важнай часткай жыцця ці нават прадвызначыла далейшы лёс.  

2.jpg



У дзень нараджэння газеты – нагадаю, што першы нумар «Бальшавіцкага аргані­затара», «дзядулі» сённяшняй «Астравецкай праўды», выйшаў 82 гады назад  29 мая 1941 года – хочацца ўспомніць найбольш актыўных няштатных аўтараў, якія пакінулі ў гісторыі газеты істотны след. Найперш – тых, каго, на жаль, ужо няма з намі.

Хто ён?
Чытаю ведамасць на выплату ганарару пазаштатным аўтарам за першы квартал 1949 года. У ёй – 49 прозвішчаў, сярод іх найбольш вядомыя жыхарам Астравеччыны Мікалай Калгушкін, С. Шырынскі (чамусьці так пазначаўся ініцыял Здзіслава Здзіслававіча), Іван Лянкевіч, Алейнік, Іван Ушакевіч. Але ў большасці выпадкаў заметкі пад чужымі прозвішчамі пісалі супрацоўнікі газеты. 
Хоць былі і выключэнні. 22 снежня 1958 года ў «Астравецкай праўдзе» змешчана тэматычная старонка «Селькор павінен быць верным памочнікам партарганізацыі ў вёсцы», скла­дзеная з паведамленняў няштатных аўтараў і «разбаўленая» замалёўкай Уладзіміра Царэвіча пра аднаго з найбольш актыўных з іх – Генрыха Субаткевіча. Мяркуючы па шматлікіх публікацыях пад гэтым подпісам, селькор мог з цягам часу стаць паспяховым журналістам. Але 1 лютага 1961 года ў газеце змешчаны некралог: «Рэдакцыя з вялікім жалем паведамляла аб смерці аднаго з актыўнейшых няштатных аўтараў Генрыха Іванавіча Субаткевіча». 
На жаль, мы нічога не ведаем пра гэтага аўтара. Мяркуючы па адрасах некаторых публікацый, ён жыў у Чэхах – хоць гэта недакладна.
Магчыма, нехта з нашых чытачоў ведаў Генрыха Іванавіча Субаткевіча і мог бы расказаць пра яго?

Ветэран, настаўнік, даследчык
Значны след у гісторыі «Астравецкай праўды» і нават больш – у гісторыі раёна – пакінуў настаўнік Міхалішкаўскай школы, ветэран Вялікай Айчыннай вайны Міхаіл Кляцоўскі. 
Вось як узгадвае яго Таіса Сямёнава: «Здавалася, Міхаіла Андрэевіча ніколі не адолее старасць. Столькі ў ім было кіпучай энергіі, прагі дзейнасці, жывога народнага гумару. Ён быў частым і заўжды жаданым госцем у рэдакцыі. Калі Міхаіл Андрэевіч з’яўляўся на парозе, дзверы ўсіх кабінетаў гасцінна расчыняліся… Госць даставаў з бяздонных кішэняў крамяныя яблыкі, прыгаршчы цукерак, а з самай патаемнай, нябачнай кішэнькі высыпаў жмені жартаў, баек, кожны раз – новых. І ўжо потым неяк нясмела выцягваў некалькі аркушаў паперы – чарговы матэрыял – і казаў: «Паглядзіце, можа, падыдзе для газеты…»
Міхаіл Андрэевіч не быў навукоўцам і яго артыкулы не заўсёды вызначаліся  глыбінёй і дакладнасцю, але многія з іх можна падаваць пад грыфам «упершыню». Ён першым расказаў пра героя Грамадзянскай вайны Трафіма Яўсеева і жорстка закатаванага фашыстамі старшыню Жукойненскага сельсавета Канстанціна Гімбіцкага, пра яўрэйскага паэта Менке Каца і ваентэхніка Міхалішкаўскага аэрадрома, які загінуў у першы дзень вайны, Анатоля Котава, пра астравецкіх старавераў.
Неацэнны ўклад Міхаіла Андрэевіча ў састаўленне кнігі «Памяць»: ён пісаў сучасную гісторыю калгасаў і вёсак раёна – яго матэрыялы найперш друкаваліся ў «Астравецкай праўдзе».
Кляцоўскі супрацоўнічаў з нашай газетай са жніўня 1965 года – у першай публікацыі «Ля магілы героя» расказвалася, як школьныя следапыты знайшлі ў лесе магілу Канстанціна Гімбіцкага, і да 1998 года, калі ён пайшоў з жыцця. У нумары за 16 верасня выйшаў яго апошні артыкул «Альхоўскія далягляды», прысвечаны гісторыі фабрыкі «Альхоўка». Побач быў змешчаны рэдакцыйны некралог: «Пайшоў з жыцця чалавек вялікай дабрыні, чулага сэрца, дапытлівага розуму…» – пісалі супрацоўнікі «Астравецкай праўды».

3.jpg

Ветурач з прызваннем журналіста
«Па прызванні я журналіст», – прызнаўся неяк у інтэрв’ю карэспандэнту «Астравецкай праўды» яшчэ адзін наш ня­штатны аўтар Іван Кавальчук (на фота крайні злева).
Пісаць у газеты ён пачаў яшчэ студэнтам Віцебскага ветэрынарнага інстытута.  Як прызнаўся затым у інтэрв’ю Ганне Чакур («Яго гады – яго багацце», «АП» за 26 студзеня 2008 года), з галадухі: есці не было чаго, а за публікацыі плацілі даволі прыстойны ганарар: за нарыс «Даярка», які надрукаваў адзін з рэспубліканскіх часопісаў, заплацілі 620 рублёў – чатыры яго стыпендыі! І Іван на выпускны ў інстытуце справіў сабе шыкоўны бастонавы касцюм. 
Іван Васільевіч адразу і на ўсё жыццё выбраў для сябе не зусім звычайную і не вельмі любімую журналістамі тэматыку – пытанні сельскай гаспадаркі і, у прыватнасці, жывёлагадоўлі. Дзе б ён ні працаваў, заўсёды актыўна супрацоўнічаў не толькі з мясцовымі, але і з цэнтральнымі СМІ. За асвятленне ў друку дасягненняў навукі і перадавога вопыту нават быў удзельнікам ВДНГ СССР. 
Яго матэрыялы заўсёды вызначаліся дзелавітасцю, аналітычнай глыбінёй і, нягле­дзячы на спецыфічную тэматыку, чыталіся лёгка і з цікавасцю. Вось загалоўкі толькі некаторых з іх: «Авечка просіць абароны» – праблемны артыкул пра раённую авечкагадоўлю; «А дзе ж сумленне?» – пра антысанітарыю на цэнтральнай ферме саўгаса «Падольскі»; «Абавязак і пасада» з падзагалоўкам «Думкі аб тым, як павысіць прэстыж прафесіі ветэрынара»; «Цішэй, праводзіцца аналіз» – рэпартаж пра асаблівасці работы ветэрынарнага лабаранта; «Будні арандатара» – пра першыя крокі новых форм гаспадарання; «Чорная стужка на белым малацэ»,  «Піце, дзеткі, малако – але не тое, што паступае з калгаса «Зара», – пра якасць малака.

1.jpg


Нястомны краязнаўца
Першая грунтоўная публіка­цыя пра Казіміра Сваяка «Клюшчанам шлю паклон» за подпісам Івана Драўніцкага (на фота ў цэнты), настаўніка беларускай мовы і літаратуры Куцькаўскай школы Мядзельскага раёна, з’явілася ў «Астравецкай праўдзе» 9 снежня 1989 года. Яна была падрыхтавана на мясцовым матэрыяле, прыводзіліся ўспаміны старажылаў, у тым ліку і бацькі Івана Пятровіча, і друкавалася ў двух нумарах. 
Пасля таго краязнаўчыя артыкулы Івана Драўніцкага сталі часта з’яўляцца ў «Астравецкай праўдзе» – тычыліся яны, як правіла, людзей і мясцін добра знаёмай яму спондаўскай зоны і вызначаліся не толькі цікавай падачай матэрыялу, але і навуковай грунтоўнасцю і дакладнасцю. 
Асабліва актывізавалася наша супрацоўніцтва з Драўніцкім падчас падрыхтоўкі раённай кнігі «Памяць» і друкаваліся пад адпаведнай рубрыкай. Працаздольнасці яго маглі пазайздросціць і прафесійныя журналісты. Толькі ў 1998 го­дзе ў «Астравецкай праўдзе» пад рубрыкай «Пішам раённую кнігу «Памяць» былі зме­шчаны яго артыкулы «Полымя Касцю­шкаўскага паўстання», «Крыва­носаўская гаспадарча-агародніцкая школа», «1831 год на Астра­веччыне», «Няўрымслівыя эксперыментатары-парашутыс­ты», «Камарышк», «Мэта ўсяго жыцця – навука» (пра фізіёлага Напалеона Цыбульскага), «Яўрэі на Астравеччыне», «Ён ішоў па Беларусі» – пра журналіста, выдаўца, грамадскага дзеяча Адольфа Клімовіча з Клюшчан. І на 1998 годзе супрацоўніцтва Драўніцкага з нашай «раёнкай» не спынілася. 
Акрамя грунтоўных гістарычных публікацый, ён дасылаў у рэдакцыю дасціпныя бываліцы для «Суботняга калейдаскопа», артыкулы ў рубрыку «Падарожжа ў свет прыроды» – інтарэсы, як і таленты  яго былі шматграннымі. 

4.jpg



Часцінка яе жыцця
Для многіх пазаштатных аўта­раў, па іх уласным пры­знан­ні, супрацоўніцтва з «Астра­вец­кай праўдай» з’яўля­ла­ся важнай часткай жыцця. З такіх была Марыя Пешка (на фота крайняя справа), настаў­ніца Варонскай школы.
 6 мая 2006 года, адказваючы на пытанне рэпарцёра «Што для вас «Астравецкая праўда»?», яна прызналася:  «Астравецкая» – гэта часцінка маёй душы. Мая сяброўка. Урэшце, гэта няспраў­джаная мара майго юнацтва».
Першыя матэрыялы Марыі Паўлаўны з’явіліся ў «Астравецкай праўдзе» ў 2005 годзе і былі прысвечаны 60-годдзю Вялікай Перамогі. Яна расказвала пра аднавяскоўку, дзіця вайны Фаіну Дакутовіч, затым – пра вязня канцэнтрацыйнага лагера «Азарычы» Таццяну Волкаву. У 2006 годзе да 20-годдзя чарнобыльскай катастрофы Пешка  прынесла ў газету ўспаміны сваёй маці, жыхаркі Петрыкаўскага раёна Гомельскай вобласці, пра той дзень «Быль. Памяць. Боль».
Але найбольш запомніліся і палюбіліся чытачам вершы Марыі Пешкі – патрыятычныя, лірычныя, гумарыстычныя. І асабліва – апавяданні, якія, як правіла, былі напісаны на падставе рэальных падзей і ўражвалі шчырасцю і глыбінёй: «Чужое шчасце», «…І зноў зацвітуць каштаны», «Удовін лёс», «Сірата» – апошняе, дарэчы, яна прысвяціла маці.

З душой
Як правіла, нашымі няштат­нымі аўтарамі былі настаўнікі. З такіх – і Яўгенія Рабкоўская з Рытані. Але яна дасылала ў газету не гістарычныя ці краязнаўчыя даследаванні, не вершы і апавяданні, а жыццёвыя назіранні, меркаванні, роздум.
Мяркуючы па водгуках вучняў – адна з іх, Вераніка Белаводская, нават прысвяціла ёй верш, змешчаны ў «Астравецкай праўдзе» 17 студзеня 2001 года, – Яўгенія Іванаўна была цудоўнай настаўніцай. 
А публікацыі ў «АП» сведчаць, што яна магла б стаць добрым журналістам: яны вызначаліся шчырасцю, праўдзівасцю, глы­бокім сэнсам, дабрынёй, былі напісаны з душой. 
У Яўгеніі Іванаўны былі праб­лемы са здароўем – і гэта прасочвалася ў яе публікацыях. Першая з іх, «У сельскай бальніцы», з’явілася ў «Астравецкай праўдзе» 31 снежня 1992 года. Але яе замалёўкі, абразкі, інфармацыі, бываліцы, гісторыі былі не пра хваробы і нават не пра іх лячэнне – іх працінала жыццёвая энергія, гумар, аптымізм. 11 лістапада 1998 года пад назвай «Канкрэтная педагогіка» змешчаны тры павучальныя прыклады з уласнай практыкі, 15 мая 1999 года ў сямейнай старонцы – жыццёвая гісторыя «Іх усёперамагаючае каханне». Думаю, не адну мяне крануў да глыбіні душы матэрыял «Чорныя чаравічкі», у якім настаўніца ўспамінае былога вучня Іванку, які жыў бедна, хадзіў у школу босы і ў залатаных штанах – а потым маці купіла яму новыя чаравікі.
Пра сябе, сваё пасляваеннае дзяцінства, вучобу ў школе ўзгадвае Рабкоўская ў артыкуле «Мае ўніверсітэты»  – як заўсёды, шчыра і павучальна.
 5 студзеня 1994 года на старонках «Астравецкай праўды» сустрэліся два пісьмы – два погляды на аб’яўленую прафсаю­зам агульнарэспубліканскую забастоўку настаўнікаў.  Маладая настаўніца Інэса Багдзевіч тлумачыла, чаму  «Школа будзе баставаць», – а Яўгенія Рабкоўская пісала, што настаўнікам сорамна нечага патрабаваць, калі вясковыя дзеці прыходзяць у школу не паснедаўшы... 
Апошні артыкул Яўгеніі Рабкоўскай «Як я была макаранкам, або Урок для пачына­ючых настаўнікаў» быў змешчаны ў газеце 16 снежня 2000 года. Подпіс пад ім – у чорнай рамцы. І пад матэрыялам – некралог рэдакцыі «Памяці сябра». 

Рамкі газетнай публікацыі не дазваляюць узгадаць усіх, дзякуючы каму «Астравецкая праўда» станавілася такой, як яна ёсць: цікавай, пазнавальнай, мудрай, павучальный, шчырай, карыснай. Мы ўспомнім іх у другой частцы кнігі «Праз гады і газетныя старонкі», якая рыхтуецца да друку: адзін з яе раздзелаў будзе прысвечаны нашым верным памочнікам – няштатным аўтарам.
А тым, пра каго расказалі сёння, – светлая памяць і нізкі паклон…
Текст: Нина Рыбик
Фото: из архива газеты