Як астраўчане святкавалі Дзень Перамогі

17:30 / 09.05.2024


Пасля ўрачыстага мітынгу, які па традыцыі адбыўся ля помніка савецкім воінам і партызанам, святкаванне 9 Мая працягнулася ў лесапаркавай зоне. Занятак па душы тут маглі адшукаць і дарослыя, і дзеці.

Многія, прысеўшы на лавачкі, слухалі выступленні лепшых  артыстаў і калектываў раёна. Аднак, завітаўшы ў палатку з прыгожай назвай “Галасы вясны” (у гэты дзень аднайменную акцыю праводзілі работнікі культуры) можна было саспяваць  добра вядомыя многім пакаленням песні: «Смуглянку», «Катюшу», «А закаты алые», «Тёмную ночь», ну і, вядома, «День Победы».

–  З мамай і аднакласніцай Надзяй вырашылі зазірнуць сюды на караоке, –  расказала Вера Анімуцкая. –  Спачатку я саромелася, не была ўпэўнена, што ў мяне добра атрымаецца. З сяброўкай мы выбралі песню “День Победы”. Але з кожным праспяваным радочкам (тым больш нас тут падтрымлівалі!) адчувала асалоду. Здорава прыдумана!





Акрамя сектара культуры, тэматычныя зоны прадставілі раённая бібліятэка і Астравецкая ЦРКБ. Першыя разгарнулі палявую чытальную залу і прапаноўвалі паўдзельнічаць у віктарыне на тэму Вялікай Айчыннай вайны і Перамогі. Другія дэманстравалі, як аказвалася медыцынская дапамога ў часы ваеннага ліхалецця.

Каб захаваць у памяці радасныя моманты святкавання 9 Мая, можна было  зрабіць здымак ля тэматычных фотазон ці набыць памятныя сувеніры, сярод якіх былі і бутаньеркі з беларускай сімволікай, у астравецкіх рамеснікаў.

Зразумела, што, як кажуць, немагчыма ўявіць відовішчы без хлеба. У лесапарку раскінулася шмат гандлёвых кропак, дзе можна набыць шашлыкі, каўбаскі, рулеты, булкі, піражкі – усё, чаго жадаюць душа і страўнік.

Шмат забавак было зладжана для дзяцей. Хтосьці з малышоў скакаў на батуце, іншыя з ветрыкам каталіся з вялізнай надзіманай горкі. Таксама ў хлопчыкаў і дзяўчынак была магчымаць адчуць сябе сапраўднымі вадзіцелямі, пракаціўшыся на міні-аўтамабілях.

…Словам, дружна, весела і смачна астраўчане адзначалі свята 9 Мая! #ДЕНЬ_ПОБЕДЫ_НА_ГРОДНЕНЩИНЕ 








Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич