Выставка и мастер-класс от островецкой рукодельницы Светланы Мешкис

09:29 / 05.12.2012

Чарговы падарунак зрабіла сваім чытачам загадчыца Варонскай бібліятэкі М.С. Вішнеўская. Яна арганізавала сустрэчу з выдатнай вышывальшчыцай з Астраўца Святланай Іванаўнай Мешкіс, аўтарам работ, якія на працягу двух тыдняў дэманстраваліся ў Варонскай бібліятэцы.


На гэтай выставе пабывалі не толькі жыхары Вароны і суседніх вёсак, але і госці з Вільні, Нарачы і нават дапытлівыя пагранічнікі. Многія наведвальнікі зрабілі ў кнізе водгукаў вельмі пранікнёныя запісы.



Аб гэтым на сустрэчы з чытачамі паведаміла бібліятэкар Марыя Вішнеўская. А ветэран культуры Д. Ф. Чарнушэвіч падрабязна расказала сабраўшымся аб таленавітай вышывальшчыцы і спявачцы С.І. Мешкіс, якая нарадзілася ў Міхалішках у дружнай сям’і настаўнікаў. У дзяцінстве дзяўчынка мела магчымасць любавацца мясцовымі краявідамі і непаўторнай прыгажосцю ракі Вілія, што, безумоўна, не магло не адлюстравацца ў яе творчых работах. Дарэчы, свякроўка Святланы Іванаўны таксама была цудоўнай рукадзельніцай. Аб гэтым расказала сама С.І. Мешкіс. Як і аб тым, што яна захапляецца вышываннем са школьных гадоў. Адной з лепшых яе работ стала вышыўка “Тры багатыры”, якая, на жаль, не захавалася. А вось самую першую сваю вышыўку “Дзяўчына і лебедзь” Святлана падарыла дзіцячаму садку №2, і спадзяецца, што яна там знаходзіцца і зараз.


У час размовы з прыхільнікамі свайго таленту С.І. Мешкіс адказала на шматлікія пытанні, а таксама правяла майстар-клас з пачынаючымі вышывальшчыцамі – Варонскімі і Варнянскімі школьнікамі.
Напрыканцы аматары вышывання дамовіліся з аўтарам выставы аб абмене каляровымі схемамі і аб далейшых сустрэчах.


Іван ПЕТРЫК, фота аўтара.