Гіды і экскурсаводы Беларусі завіталі на Астравеччыну

10:59 / 17.05.2022
630

Астравеччына – унікальны край з багатай гісторыяй, цікавымі славутасцямі і неверагоднай прыгажосці мясцінамі. Толькі ведаюць пра іх далёка не ўсе мясцовыя жыхары, не кажучы ўжо пра гасцей. А паглядзець ёсць на што! Менавіта каб пазнаёміцца з непаўторнасцю аднаго з паўночных рэгіёнаў Гродзеншчыны, а пасля расказаць іншым, у Астравецкім і Смаргонскім раёнах прайшоў рэспубліканскі семінар для экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў.

Удзельнікаў семінара з усёй Беларусі не спалохала ні абяцанае гідраметэацэнтрам дажджліва-ветранае надвор’е, ні перспектыва заначаваць у палатцы, ні запланаваны сплаў на байдарках. Адразу бачна: людзі ў турыстычнай тэме бывалыя і з адказнасцю падыходзяць да сваёй справы: перш чым прапанаваць прадукт (чытайце: турыстычная маршруты) іншым, самі “пакаштуюць” іх.


– Практыка такіх рэкламных семінараў існуе даўно, – адзначыла спецыяліст упраўлення спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама Ангеліна Русакова. – У Астравецкім раёне актыўна развіваецца турызм, таму сюды прыехалі экскурсаводы і працуючыя ў гэтым накірунку гіды-перакладчыкі, каб убачыць помнікі архітэктуры, азнаёміцца з інфраструктурай, даведацца пра новыя мясціны. Спадзяюся, многія з іх вернуцца сюды ўжо з групай наведвальнікаў. На тое і разлічаны семінар – папулярызаваць і развіваць турызм у Беларусі.

Гасцей Астравеччыны чакала шмат цікавага. Узнёслая атмасфера ў касцёле Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі з цудадзейным абразом Маці Божай Шкаплернай у мясцечку Гудагай, уражваючы паляўнічы комплекс “Панская сядзіба” ў Задворніках, незвычайнае падарожжа па экалагічнай сцежцы “У Альбекаў”, дзе турысты ўбачылі аленяў, ланяў і муфлонаў, эксклюзіўнасць першага і адзінага інфармацыйнага цэнтра па захаванні ласосевых рыб у Беларусі на базе Варнянскага НПК, велічнасць і ўнікальнасць касцёла Святога Міхаіла Арханёла ў Міхалішках, таямнічасць возера Каймінскае, авантурнасць і адрэналін сплаву на байдарках, неверагоднае захапленне ад гервяцкага касцёла Святой Тройцы, гасціннасць і адметнасць філіяла сельскага клуба-бібліятэкі ў Рымдзюнах, дэгустацыя нацыянальных страў – за паўтара дня, праведзеныя на астравецкай зямлі, удзельнікі з дапамогай работнікаў сектара спорту і турызму райвыканкама пастараліся максімальна пазнаёміцца з нашым рэгіёнам.

Канешне, убачыць абсалютна ўсё за такі кароткі час немагчыма, але госці атрымалі парады ад мясцовых гідаў, у якія куткі Астравеччыны яшчэ варта зазірнуць , і занатавалі ў блакнот, запісалі на дыктафоны нямала пачутых паданняў і легенд. Спадзяюся, яны абавязкова выкарыстаюць іх у рабоце, калі прывязуць турыстаў у наш край.

З першых вуснаў.

Сяргей Бусько, старшыня рэспубліканскага грамадскага аб’яднання экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў Беларусі:

– Турызм па нашай краіне становіцца ўсё больш запатрабаваным. Астравецкі рэгіён – адзін з самых насычаных па колькасці аб’ектаў, якія можна паказваць і прадаваць як прадукт. Нездарма маршрут па паўночным рэгіёне Гродзеншчыны называецца “Беларуская мазаіка”, бо тут можна складваць праграму з розных элементаў. Камусьці падабаецца духоўнасць – адзін з сямі каранаваных абразоў на Беларусі ў Гудагаі чаго толькі каштуе. Цікавяць аб’екты ЮНЭСКА – калі ласка, Дуга Струвэ. Адпачынак ля вады – Сарачанскія азёры ці сплаў на байдарках. І экалагічныя маршруты ёсць, і магчымасць палявання. Ды ў вас тут зайцоў ды касуль можна проста ля дарогі сустрэць! Для кагосьці і гэта дзіва. Дарэчы, сённяшні семінар мае двайную мэту: не толькі паглядзець, што цікавага прапанаваць турыстам на Астравеччыне, але і парэкамендаваць нешта дадаць ці змяніць. Напрыклад, у адным месцы не хапае сувенірнай прадукцыі, у іншым – пункта харчавання і гэтак далей. Мы працуем у адным тандэме – папулярызаваць і развіваць беларускі турызм.










Подписывайтесь на «Островецкую правду» в телеграм по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

И присоединяйтесь к нашему сообществу в viber https://vk.cc/c3yHGs – будьте всегда в курсе свежих новостей из жизни Островца и Островецкого района.

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Северный вектор Гродненщины» по короткой ссылке https://t.me/severvg.

Самые интересные новости Островецкого, Ошмянского и Сморгонского районов.



Текст: Марина Мацкевич
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений