Копіі цудадзейных абразоў Маці Божай прывіталі ў Астраўцы

11:02 / 08.02.2022

Маці Божую на беларускіх землях ушаноўваюць стагоддзямі. У многіх касцёлах і санктуарыях – асабліва намоленых месцах – захоўваюцца цудадзейныя марыйныя абразы. Іх копіі вандруюць па Беларусі. У мінулую суботу астраўчане і жыхары раёна віталі 13 марыйных выяў у касцёле Святых Космы і Даміяна.

На жаль, з-за пандэміі каронавіруса спыніліся пілігрымкі ў найбольш ушаноўваемыя вернікамі месцы, тым не менш Маці Божая працягвае перагрынацыю па каталіцкіх парафіях Беларусі, каб кожны – дзіцятка, нямоглы ці чалавек з інваліднасцю – мог скласці інтэнцыі, просьбы і падзякі.

Жыхарам Астравеччыны ў гэтым сэнсе пашчасціла: у нас ёсць выява Маці Божай Гудагайскай, якая цягам апошніх стагоддзяў захоўваецца ў санктуарыі Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі. Упэўнена, той, хто хоць аднойчы пабываў на двухдзённых фэстах у мястэчку, адчуў незвычайную атмасферу ўрачыстасцей і намоленасць гэтага месца.

Урачыстую імшу з нагоды прыбыцця ў Астравец копій цудадзейных марыйных абразоў узначаліў вікарый Чырвонага касцёла айцец Станіслаў Станеўскі.

– Да пандэміі мы ездзілі і хадзілі ў пілігрымкі ў Будслаў, Тракелі ці Гудагай – Маці Божая абрала шмат месцаў на Беларусі, – у казанні падкрэсліў святар Чырвонага касцёла айцец Станіслаў Станеўскі. – Гэта яскравае сведчанне любові святой Марыі да нас. Сёння яна прыйшла да вас. Мы можам не агучваць свае праблемы і клопаты – Маці Божая і так ведае ўсё пра кожнага з нас. Як Маці, яна прыме нас, выслухае і атуліць сваім цудадзейным плашчом. Як і нашы дзяды і прадзеды, якія з ружанцам у руках кленчылі перад цудадзейнымі выявамі, так і мы з вамі маем цудоўную магчымасць звярнуцца да Маці Божай.

Копіі цудадзейных абразоў стварала вядомая мастачка Ядвіга Сенько. Яны зроблены ў аднолькавай стылістыцы і маюць круглую форму дыяметрам каля паўметра. Побач з кожнай выявай пазначаны населены пункт, у храме якога знаходзіцца арыгінал абраза.

Маці Божая Будслаўская лічыцца апякункай Беларусі. У 1913 годзе абраз ахвяраваў мясцоваму касцёлу ксёндз Салакай. Праз 4 гады здарыўся першы цуд: вярнуўся зрок да 5-цігадовага хлопчыка Язафата Тышкевіча, які пазней стаў вядомым айцом-кармелітам.

Маці Божая Тракельская з’яўляецца каралевай сем’яў. У дыяцэзіяльным санктуарыі знаходзіцца абраз, напісаны ў канцы 16 стагоддзя. Падчас польска-маскоўскай вайны  касцёл быў спалены – цудадзейная выява ацалела. Пазней абраз Маці Божай з Дзіцяткам на руках быў дапоўнены выявай святога Казіміра.

Маці Божую Браслаўскую называюць уладаркай азёр, ці манастырскай. Паводле некаторых сведчанняў у гэтай мясцовасці на востраве знаходзіўся першы праваслаўны манастыр, які пазней стаў уніяцкім. У святыні знаходзіўся цудадзейны абраз Маці Божай. Захаваліся звесткі, што ў 1832 годзе ад удару маланкі пачаўся пажар, які знішчыў усе пабудовы. Ацалеў толькі абраз, які з папялішча хацелі перанесці ў новы пабудаваны касцёл. Але дзіўным чынам святая выява вярталася на востраў, дзе яе ўшаноўвалі доўгі час.

Напрыканцы 19 стагоддзя вядомы даследчык Адам Кіркор пісаў, што на левым беразе Друі знаходзяцца Бялынічы, знакамітыя цудатворным абразом Маці Божай. Падчас Вялікай Айчыннай вайны цудатворная выява перайшла ў фонд Магілёўскага мастацкага музея – і бясследна знікла падчас нямецка-фашысцкай акупацыі пры эвакуацыі каштоўнасцей. Захавалася ўсяго некалькі копій абраза Маці Божай Бялыніцкай, некаторыя з якіх лічацца цудатворнымі.

…Не кожны можа даехаць у храм, каб памаліцца ля пэўнага цудадзейнага абраза. Маці Божая ў 13-ці выявах працягвае пілігрымку да кожнага, хто не можа прыйсці да яе ў Будслаў, Жыровічы, Лагішын, Тракелі, Браслаў, Бялынічы, Гудагай, Гродна, Брэст, Баруны, Мінск, Юравічы, Гомель…

Звярніце ўвагу

Копіі марыйных цудадзейных абразоў будуць знаходзіцца ў астравецкім касцёле Святых Космы і Даміяна да суботы, 12 лютага, уключна. У гэты дзень іх прывітаюць вернікі варнянскага касцёла Святога Юрыя, дзе копіі застануцца да 19 лютага. 





Подписывайтесь на «Островецкую правду» в телеграм по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

И присоединяйтесь к нашему сообществу в viber https://vk.cc/c3yHGs – будьте всегда в курсе свежих новостей из жизни Островца и Островецкого района.

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Северный вектор Гродненщины» по короткой ссылке https://t.me/severvg.

Самые интересные новости Островецкого, Ошмянского и Сморгонского районов.

Текст:
Фото: Алёна Ганулич