Яраслаў і Ганна Хадкевічы: “Сэрца засталося ў Астраўцы”

15:39 / 05.05.2022
У рэдакцыях не часта сустра­каюцца сямейныя пары: цяжка наладжваць быт, калі ў абодвух ненарміраваны графік работы. Тым не менш, у «Астравецкай праўдзе» такія прыклады былі: Странчанкі, Кувалдзіны, Хадкевічы. Але з адной агаворкай: адзін працаваў у рэдакцыі, другі – у друкарні.

– Наша вяселле было 22 жніўня 1966 года, – расказвае Ганна Адольфаўна Хадкевіч. – Калек­тыў рэдакцыі і друкарня запрошаны ў поўным скла­дзе! І хоць тады вяселлі гулялі па некалькі дзён, у панядзелак зранку ўсе былі на рабоце, у тым ліку і жаніх з нявестай: Слава адказны сакратар, я наборшчыца, у аўторак газета павінна прыйсці да чытача, і вяселле – не нагода сарваць яе выхад.

…Ганна Адольфаўна ўспа­мінае, што першае яе знаёмства з рэдакцыяй адбылося яшчэ ў школе: дзяцей прывялі на экскурсію ў маленькі будынак на вуліцы Ленінскай. 

– Памятаю, Галіна Бунчук, тады яшчэ Даўляш, паказвала нам, школьнікам, як набіраюцца словы: брала маленькія літары на доўгай металічнай ножцы і ўстаўляла ў форму. Гэта здавалася такім цікавым, незвычайным! І хто б мог падумаць, што некалі і я буду гэтым займацца.

…Аня Дубіцкая прыйшла ў рэдакцыю вучаніцай наборшчыцы пасля заканчэння школы, у лістападзе 1958 года. Сяброўка, Данута Піняўкая, капітан іх школь­най валейбольнай каманды, паклікала: яна ў той час ужо працавала тут друкаром. Дана ў друкарні доўга не затрымалася, а Аня неўзабаве здала на разрад – і засталася ў прафесіі на ўсё жыццё.


1966 год, работнікі рэдакцыі і друкарні на вяселлі ў Хадкевічаў. Злева направа: Паліна і Іван Странчанкі, муж і жонка Лазавіковы, маладыя – Ганна і Яраслаў Хадкевічы, Яніна Кацінель, Валянціна Царэвіч (жонка рэдактара), Тамара Даўляш. 

У другім радзе: невядомы, Альберт Сыс, Марыя Даўляш, рэдактар Уладзімір Царэвіч, Леанід Гацкі, Рышард Карачун, невядомы.

Прымаў яе на работу Аляксандр Ры­горавіч Хілько. Пазней Ганна Адоль­фаў­на працавала з Уладзімірам Рыго­­равічам Тарандам, Уладзімірам Іосі­фа­­ві­чам Царэ­вічам, Аляксандрам Пятро­­ві­чам Сы­чом – з апошнім, успамі­нае, яны сяб­равалі сем’ямі.

– Мы заўсёды жылі дружна, не было па­дзелу на рэдакцыю і друкарню. Хоць нейкі час працавалі ў розных будынках: калі я прыйшла, рэдакцыя была на Савецкай, а друкарня – на Валадарскага, пасля аднаўлення рэдакцыі ўсе цесніліся на Савецкай, пазней рэдакцыя перайшла ў будынак былога райкама партыі, а мы засталіся на ранейшым месцы. Уз’ядналіся, калі пабудавалі новы тыпавы будынак на Набярэжнай – там усім месца хапала, – успамінае Ганна Адольфаўна.

– Часта ў Вільнюс ездзілі на закупы, там забеспячэнне заўсёды лепшым было. Едзе нехта адзін, а купляе на ўсіх. Калі машына ў рэдакцыі з’явілася, то рэдактар часта адпраўляў каго-небудзь у Вільнюс, – расказвае жанчына. 

– І адпачывалі мы разам, весела, – пра­цягвае ўспамінаць будні і святы Ганна Адольфаўна. – У Міхалішкі, на Вілію вы­яз­джалі пакупацца. Усё разам адзначалі: дні нараджэння, радзіны, нава­селлі, су­ботнікі. Памятаю, як Стася Звяровіча ў ар­мію праводзілі ўсім калектывам, а затым сустракалі гэтак жа. Толькі ён надоўга ў нас не затрымаўся, з’ехаў хутка. Жартавалі, што рэдакцыя ў мясцовым магазіне ўсе таршэры разабрала – чамусьці мы ўсім дарылі гэтыя свяцільнікі. У тэатр, на канцэрты ў Вільнюс ездзілі. Неяк выбраліся ў тэатр оперы і балета на «Лебядзінае возе­ра» – Жэня Кулакоў, ён тады яшчэ нежанаты быў, але ўжо сустракаўся з Нінай Аляксандраўнай, я, Ваня Граблеўскі, рэдактар – не памятаю толькі, хто: Таранда ці Царэвіч. Балет паглядзелі, потым у рэстаран пайшлі, заказалі нейкую літоўскую нацыянальную страву. Адпачылі!

Калі газету і, адпаведна, друкарню ў 1962 годзе ліквідавалі, Ганна Адольфаўна ўладкава­лася на працу ў бібліятэку. Ціха, спакойна, ніякіх табе затрымак на рабоце дапазна, бяссонных начэй. 

Але ў 1965 годзе, калі раён аднавілі, яе запрасілі ў райкам партыі і сказалі: трэба! Камсамолка адказала: «Ёсць!» – і вярнулася на ранейшае месца работы.

Ганна Хадкевіч у друкарні

– Пачынаць усё трэба было з нуля, – успа­мінае ветэран працы. – Прывезлі адне­­куль шрыф­ты – пераблытаныя, усё разбіралі па літарцы. Прыслалі дырэктара друкарні Калініна, мангола. Прыехала са Смаргоні ў камандзіроўку Марыя Даўляш, ды так і засталася. Яшчэ некага прыслалі на падмогу. Цяжка было…

Кленучы ўсіх і ўсё, разбіраючы ў слязах пераблытаныя касы, Аня Дубіцкая яшчэ не ведала, што ў Астраўцы ўжо з’явіўся яе лёс: Яраслава Хадкевіча накі­равалі ў адноўленую «Астра­вец­кую праўду».

Яраслаў Міхай­лавіч родам са Шчу­чын­скага раёна, з вёскі Карпанаўцы. Але свядомае дзя­цін­ства яго прайшло ў Астрыно, дзе ён ву­чыўся і жыў у дзя­дзькі.
Пасля школы хлопца прызвалі ў армію, служыць давялося амаль чатыры гады. Калі вярнуў­ся, яго за­прасілі працаваць у Шчучынскі райкам кам­самола. Паступіў за­вочна на факультэт журналістыкі БДУ. 

Калі ўзнікла патрэба ў журна­ліс­цкіх кадрах для адноў­леных «раёнак», Хадкеві­чу прапа­навалі Астравец. Так Яраслаў Міхайлавіч з’явіўся ў самым адда­леным на Гродзен­шчыне гарадскім пасёлку. Жыў у гасцініцы, дзяліў пакой з Леані­дам Гацкім – шмат пазней, напачатку 90-х, ён таксама нейкі час працаваў у рэдакцыі.

Хоць накіроўвалі Яраслава Міхайлавіча ў астравецкую «раёнку» ў якасці загадчыка аддзела пісьмаў, усе дзевяць гадоў Хадкевіч быў нязменным адказным сакратаром.

Для людзей далёкіх ад рэдак­цыі работа адказнага сакратара малазразумелая, часам недасведчаным здаецца, што гэта тое ж самае, што працаваць сакратаркай: падаваць начальніку каву, выклікаць яго падначаленых «на дыван» і рэгістраваць дакументы.

Але адказны сакратар у рэдак­цыі – вельмі важная пасада, ключавое слова ў назве якой – «адказны». Гэта трэцяя пасля рэдактара і яго намесніка, а ў некаторых выпадках – другая ці нават першая фігура. Нездарма адказнага сакратара яшчэ называюць начальнікам штаба. На яго стол сцякаецца ўсё, што «наваялі» журналісты. А калі па нейкай прычыне не «наваялі», то сакратару трэба думаць, чым запоўніць пустое месца. Ён вырашае, які матэрыял на якую паласу (чытай: газетную старонку) паставіць, якім шрыфтам набраць тэкст і загаловак, якія даць здымкі і іншы ілюстрацыйны матэрыял і як іх размясціць.

А ў дакамп’ютарныя гады, калі не было такіх магчымасцей, як сёння, «сціснуць» ці «расцягнуць» матэрыял да патрэбных памераў, адказны сакратар павінен быў не толькі вычытаць матэрыялы журналістаў, каб разумець, што і куды ставіць, а найперш –  разлічыць макет газетнай паласы так, каб усё ўлезла – і па магчымасці выглядала прыгожа і адпавядала пра­вілам вёрсткі. Тая яшчэ задачка! А калі «не лезла», скарачаліся толькі першыя ці апошнія радкі абзаца ці ўвесь цалкам, бо інакш патрэбна шмат перабіраць. І лямант аўтараў «Дык у гэтых жа радках самае галоўнае!» не ўспрымаўся: правілы былі жалезныя – як і радкі тэксту, і газетная форма, і расцягнуць іх да памераў творчага палёту думак журналістаў немагчыма. 

Якім сакратаром быў Хадкевіч, пазней успамінаў ветэран журна­лістыкі Ула­дзімір Серада, які пра­цаваў пад кіраў­ніцтвам Яраслава Міхайлавіча ў Ваўка­выскай раённай газеце «Знамя Октября»:

– Я быў карэспандэнтам аддзела сельскай гаспадаркі, але стараўся ўнікнуць ва ўсе тонкасці рэдакцыйнай работы. Вырашыў асвоіць прафесію вярсталь­шчы­ка. І тут мне вялікую дапамогу аказаў Яра­с­лаў Міхайлавіч Хад­кевіч. Ра­зумнейшы чалавек, ён быў асам у гэтай справе. Разлічваў радкі на паласе што той камп’ютар!

Словам, адказны сакратар, як той мастак, малюе твар газеты – так было ва ўсе часы, толькі цяпер гэта зрабіць непараўнальна прасцей і магчымасцей у «мас­така» праявіць свой густ больш. Таму часу, каб пісаць уласныя матэрыялы, у яго вельмі мала. Магчыма, пагэтаму публікацый Яраслава Хадкевіча на старонках газеты тых гадоў не надта шмат. Хоць тыя, што сустракаюцца, сведчаць: журналістам ён быў дабротным, са знакам якасці. 

І чалавекам такім жа: якасным, доб­рым, таварыскім. Ганна Адольфаўна ўспамінае: пакуль Яраслаў вучыўся на журфаку, у іх невялічкай кватэры на вуліцы Карла Маркса перабывалі ўсе яго аднакурснікі.

Дарэчы, той дом «партактыву» з нас­тальгіяй па шчаслівых гадах сваёй маладосці часта ўспамінаюць яго былыя жыхары.

– Жылі, як адна сям’я, – расказвае Ганна Хадкевіч. – Ламекі, Вайцяхоўскія, урачы Гаральскія, Гарэлікі… У выхадныя мужчыны на рыбалку хадзілі – Слава быў заўзятым рыбаком, ды і не ён адзін. Затым у двары на вогнішчы юшку зварым, павячэраем, потым у валейбол гуляем. Плакала, калі ад’язджалі…

У 1974 годзе Яраслава Хадке­віча пера­вялі намеснікам рэдактара ў Навагрудак. Работу далі, а жылля не было, туліўся ў цесным і цёмным інтэрнацкім пакойчыку. Такое «раздвоенае» жыццё – тут работа, там сям’я – доўжылася амаль два гады. Пакуль Ганна Адольфаўна па падказцы рэдактара Аляксандра Пятровіча Сыча не патэлефанавала загадчыку сектара друку абкама партыі: альбо жыллё дайце, альбо назад мужа вяртайце, пакуль сям’я не распалася. Яе выслухалі добразычліва і паабяцалі дапамагчы. І неўзабаве Яраслава Міхайлавіча прызначылі рэдактарам Ваўкавыскай раённай газеты «Знамя Октября», ім выдзелілі трохпакаёвую кватэру ў новапабудаваным доме.

Хадкевічы пераехалі ў Ваўка­выск – але сэрцы іх назаўжды засталіся там, дзе знайшлі адно аднаго...

– У водпуск Слава заўсёды ехаў у Астравец, няважна, са мной ці адзін, – расказвае Ганна Адольфаўна. – Дапамагаў маёй маме, сястры Яніне Кунэйка. І памёр тут…

Летам 1980 года Кунэйкі рых­та­валіся да вяселля. Яраслаў Мі­хай­лавіч прыехаў, каб  зрабіць танцавальную пляцоўку каля дома. Усё адбылося імгненна: зайшоў у дом папіць вады, упаў – і не падняўся. Інфаркт… Да свайго саракагоддзя ён не дажыў чатыры месяцы.

На яго пахаванні Сяргей Бандарэнка, настаўнік Яраслава з Астрыно, прачытаў верш, у якім выказаў думкі і пачуцці ўсіх, хто ведаў Хадкевіча:

Ну што сказаць? І як паверыць, 
Што ён ужо ў нябыт адбыў?.. 
Ён працаваць умеў без меры –
І без аглядкі жыць любіў.
О смерць сляпая, што ж ты гэта
Зрабіла з нашым дарагім?
Сумуе на стале газета, 
Бо ўжо падпісана не ім…
А ветрык ціхі з Ваўкавыска
Данёс тугу да ніў і траў,
Туды, дзе рос у хаце нізкай
Мой шчыры дружа Яраслаў.
Ты ж не тужы сляза, павекі, 
Не плач, гаротная сям’я:
Мы ў сэрцах зберажэм навекі 
Ягоны вобраз і імя.

Ганна Адольфаўна і ў Ваўка­выску пра­цавала ў друкарні. Са з’яўленнем лінатыпаў ужо не было патрэбы кожнае слоўца набіраць уручную, і яна стала вярстальшчыцай, ці як яшчэ называюць гэтую прафесію, метранпажам – у перакладзе з французскага «верстающий страницы». Працавала тут да 1995 года, аддаўшы рабоце ў палі­графіі, з вымушаным перапынкам, калі не выходзіла «Астра­вецкая праўда», 43 гады жыцця.

Цяпер справу бацькоў працягвае дачка Ала, першыя ўспаміны дзяцінства якой асацыіруюцца з пахам друкарскай фарбы на мамінай рабоце, з цёплымі лістамі газетнай паперы, на якіх яна спала, пакуль маці набірала ці вярстала газету. Яна робіць тое, што некалі Ганна Адольфаўна – толькі ўжо на іншым тэхнічным узроўні: Ала закончыла тэхналагічны ўніверсітэт і працуе тэхнічным рэдактарам Ваўкавыскай раённай газеты «Наш час». Яна  атрымала ў спадчыну ад маці ўменне зрабіць твар газеты яркім і прывабным. А ад бацькі – вострае пяро і трапнае слова: мяркуючы па рэдкіх публікацыях, магла б працаваць і журналістам.

А сын Хадкевічаў Вадзім закон­чыў школу міліцыі. Ён пера­няў ад  бацькі педантычную акуратнасць. І почырк – бісерны, каліграфічны. Ала паказала рабочы блакнот Яраслава Міхайлавіча. Сведчу: журналісты так не пішуць. Прынамсі, тыя, каго я ведаю – а ведаю я многіх…

І ва ўсіх Хадкевічаў захавалася тая ж, адна на ўсіх, непадробная любоў да Астраўца, з якім звязаны самыя шчас­лівыя моманты жыцця іх сям’і.

Яраслаў Хадкевіч, адказны сакратар «Астравецкай праўды» з 1965 па 1974 год.
Текст: Нина Рыбик