Да 70-годдзя "Астравецкай праўды": Марыя Кувалдзіна дзеліцца ўспамінамі

16:52 / 17.03.2011

Свае сімпатыі да “Астравецкай праўды” Марыя Антонаўна Кувалдзіна выказвае пры кожным зручным выпадку, у размове са знаёмымі і нават незнаёмымі людзьмі гатова разважаць аб рубрыках, цікавых публікацыях, журналісцкіх удачах. З асаблівай прыстрасцю ставіцца да паліграфічнага афармлення газеты, і гэта зразумела, бо Марыя Антонаўна – ветэран друкарскай справы, аддала ёй чатыры з лішкам дзесяцігоддзі свайго жыцця. А пачынала з самых што ні ёсць азоў.


Добры атэстат і другі разрад па валейболе адкрывалі Марыі Даўляш дарогу і ў педагагічны інстытут, і ў фізкультурны, і ў папулярны  ды цяжкадаступны наргас – былі  і адпаведныя прапановы. Аднак хатнія абставіны прымушалі дзяўчыну ісці працаваць. Аднакласніца і сяброўка Аня Дубіцкая ўжо добра асвоілася ў друкарні раённай газеты і паклікала туды Марыю – якраз вызвалілася месца вучаніцы. Заладзілася адразу: і набор газетных тэкстаў уручную – а  напачатку 1959-га года пра наборныя машыны яшчэ і не чулі, і адносіны з калектывам. Дзяўчыне вельмі спадабалася прафесія і яна адклала мары аб вучобе на няпэўнае “потым”.
—Друкарня тады размяшчалася ў драўляным доме па вуліцы Валадарскага: у адной палове – наборны цэх, у другой – друкарны, — узгадвае Марыя Антонаўна. — Рэдакцыя – непадалёк,  за цяперашнім аграпрамбанкам. Зараз абодва будынкі знесены, засталіся толькі на старых фотаздымках ды ва ўспамінах. Дык вось, падвялі мяне да касы-рэала, дзе ў пазначаных ячэйках ляжалі літары, далі тэкст і сказалі: “Набірай”. І я пачала набіраць. Папрацавала некалькі месяцаў і паехала ў Маладзечна – тады абласны цэнтр – здаваць  на разрад. Спачатку прысвоілі трэці, пазней –  чацвёрты, пяты. У друкарні  было чатыры наборшчыкі, кожны набіраў сваю паласу. У маі пачаліся водпускі, і мне, малавопытнай, даручылі рабіць першую паласу – на ёй менш тэксту, бо значную частку займаў загаловак. Потым былі іншыя, больш працяглыя замены, так назапашваўся вопыт і выпрацоўваліся навыкі.
—А ці памятаеце, хто працаваў тады ў рэдакцыі і друкарні?
— Рэдактарам быў Уладзімір Рыгоравіч Таранда, яго намеснікам – Уладзімір Іосіфавіч Царэвіч. Памятаю журналістаў Ірыну Юр”еўну Палер, Валянціну Пархоменка (зрэшты, у дакладнасці гэтага прозвішча не ўпэўнена) — адказнага сакратара, Івана Станіслававіча Граблеўскага, Яўгенія Мікалаевіча Кулакова. Бухгалтарам была Соф’я Канстанцінаўна Дэмбавецкая. Калектыў друкарні,  які ўваходзіў у штат рэдакцыі, складалі наборшчыцы Галіна Іванаўна Даўляш (Бунчук), Галіна Козіч (Дубіцкая), Марыя Шчука, Ганна Адольфаўна Дубіцкая (Хадкевіч) і я, друкары – муж і жонка Сабіна Францаўна і Альберт Фларыянавіч Сысы.
У 1962 годзе Астравецкі раён расфарміравалі, з 16 мая перастала існаваць і раённая газета разам з рэдакцыяй і друкарняй.  Рэдактар У. Р. Таранда  пераехаў у Смаргонь і забраў з сабой умелую і граматную наборшчыцу  Марыю Даўляш. У красавіку 1965 года ўсё вярнулася “на кругі свае” – і раён, і рэдакцыя з друкарняй, і Марыя. Ёй прадастаўлялі  выбар – Масты, Бераставіца альбо Астравец, але яна ні хвіліны не раздумвала:  вядома ж, дадому, у родныя сцены, якія заўсёды грэюць цяплей!






— Нічога, акрамя шкоды, тое расфарміраванне раёна не прынесла. Ва ўсялякім разе, для раённай газеты – толькі раскідала вопытныя кадры як журналістаў, так і наборшчыкаў, друкароў. Трэба было аднаўляць тэхнічную базу —  абсталяванне прывозілі з розных месцаў, старое, разукамплектаванае, востра не хапала шрыфтоў, прабелаў.  Працавалі дапазна, часам аж да трох гадзін ночы – пакуль з рэдакцыі паступяць матэрыялы, пакуль набяром…  Прысылалі на дапамогу практыкантаў, але іх яшчэ трэба было вучыць.
У хуткім часе ў друкарні з’явіліся лінатыпы – наборныя радкаадліўныя машыны. Першымі лінатыпісткамі былі Ганна Фяцісава (у замужжы Штура ) і Яня Кацінель – у жніўні 1965 года яны прыйшлі ў друкарню вучаніцамі, а потым У. І. Царэвіч накіраваў іх на вучобу  ў Гродзенскую абласную друкарню. Павучыўшыся на такіх жа курсах, прыйшлі да нас Люся Радлінская (Сцяфанчык) з сяброўкай Ядзяй Красінскай (Керна). Потым сяброўка змяніла прафесію, а Людміла   засталася верная абранай справе на ўсё жыццё.
На пасаду рэдактара  адноўленай “раёнкі” заступіў Леанід Іосіфавіч Ламека, намеснікам зноў прызначылі У. І. Царэвіча. Адказным сакратаром працаваў Яраслаў Міхайлавіч Хадкевіч, аддзел сельскай гаспадаркі ўзначаліў Іван Сцяпанавіч Мельнікаў, фотакарэспандэнтам быў Міхаіл Шунько (пазней яго змяніў Васіль Бондар), сакратаром-машыністкай – Тамара Мікалаеўна Даўляш, бухгалтарам – Ірына Грэмза, літаратурным супрацоўнікам – Іосіф Грэмза. Крыху пазней прыехаў Рычард Карачун. У дукарні  непрацяглы час працавалі на наборы Людміла Сяргееўна Даўляш і Слава Наркевіч. Пры Л.І. Ламеку рэдакцыя атрымала машыну – “козлік”, на якім вазіў журналістаў па раёне шафёр Леанід Мароз.
Потым Л.І. Ламеку і У.І. Царэвіча памянялі пасадамі. Яшчэ праз пару гадоў Царэвіч выехаў у Шчучын, а замест яго з гэтага горада 7 студзеня 1969 года  прыбыў Аляксандр Пятровіч Сыч. Ужо пры ім Васіль Бондар перайшоў у аддзел сельскай гаспадаркі. На пасадзе бухгалтара Ірыну Грэмза змяніў Іван Сафонавіч Странчанка, а яго жонка Паліна Мікалаеўна прыйшла ў друкарню вучаніцай друкара, асвоіўшы справу, стала працаваць самастойна. Успамінаю маладых журналістаў Станіслава Звяровіча, Алу Ражко, Яўгена Скрабоцкага, Сакалоўскага,  з больш позніх — Часлава Івашку, Рычарда Бялячыца, Уладзіміра Томчыка. У друкарні працавалі маладыя хлопцы Косця і Барыс, прозвішчы, на жаль, не запомніліся.
Напачатку 70-х рэдакцыя і друкарня перабраліся ў новы тыпавы будынак (зараз у ім месціцца раённая бібліятэка).  Падобныя з’явіліся яшчэ ў шэрагу раёнаў вобласці. У пэўным сэнсе гэта быў прагрэс – рэдакцыі і друкарні памалу выводзіліся з “трушчоб”. Але ў многім будынкі былі нязручныя – вельмі халодныя, высачэнныя, з вялізнымі вокнамі, якія цяжка было мыць, а ўлетку — адчыняць для праветрывання, з дрэннай гукаізаляцыяй  — калі  працавалі друкарскія станкі, стаяў такі грукат, што ў журналістаў пачыналі балець  галовы. Ды ўсё ж гэта былі дробязі ў параўнанні з тым, наколькі лягчэй стала рабіць газету.
У 1970 годзе ў рэдакцыю “Астравецкай праўды” пасля заканчэння курсаў фотакарэспандэнтаў пры БДУ атрымаў накіраванне Уладзімір Аляксандравіч Кувалдзін. Неўзабаве яны з Марыяй Антонаўнай пажаніліся. Іх сын Аляксандр рабіў свае першыя крокі – у літаральным сэнсе – у цэхах друкарні. Праўда, ні  бацькава, ні  матчына прафесіі хлопца не зацікавілі, ён выбраў сваю дарогу ў жыцці.





У студзені 1977 года паліграфію на раённым узроўні рэфармавалі, і Астравецкая друкарня стала брыгадай Ашмянскай узбуйненай, а Марыя Антонаўна, адпаведна, — брыгадзірам. Выдатны прафесіянал, яна шчодра дзялілася майстэрствам з многімі пачынаючымі  паліграфістамі, што прыязджалі на практыку з вучылішчаў ці спасцігалі азы прафесіі на месцы. Хацела, каб і яны палюбілі сваю спецыяльнасць, усвядомілі, што друкаваць газету – вельмі адказная і пачэсная справа. У рэшце рэшт, першымі, разам з журналістамі, даведвацца “гарачыя” навіны так здорава!
У 1990 годзе друкарня ў Астраўцы была  ліквідавана. Газету ўжо некалькі гадоў тут толькі набіралі, а друкавалі ў Маладзечне – там было сучаснае абсталяванне, якое давала лепшую якасць паліграфічнага выканання. Магутнасці прадпрыемства дазвалялі друкаваць некалькі газет за змену, і “Астравецкая праўда” была адной з іх. Калектыў жа астравецкіх паліграфістаў расфарміравалі. Лінатыпісткі Людміла Іванаўна Сцяфанчык і Антаніна Кунцэвіч  перайшлі ў штат рэдакцыі, а Марыя Антонаўна Кувалдзіна яшчэ дзесяць гадоў працавала ў маленькім друкарным цэху раённай бальніцы – набірала і друкавала бланачную прадукцыю, талоны на прыём да ўрачоў-спецыялістаў. А потым пайшла на заслужаны адпачынак. Але ў душы па-ранейшаму застаецца “газетчыкам” і шчырай прыхільніцай “Астравецкай праўды”.


Таіса СЯМЁНАВА.
Фота з сямейнага архіва М.А. Кувалдзінай.