Знаёмцеся: Яніна Кудраўцава – гонар Астравецкага раёна з 50-гадовым стажам

11:51 / 12.04.2022
1363
Яна змагаецца з інфекцыямі, даследуе захворванні і адказ­вае за імунапрафілактыку – апошнія 15 гадоў Яніна Кудраўцава, чый партрэт занесены на раённую Дошку гонару, працуе памочнікам урача-эпідэміёлага ўраённым цэнтры гігіены і эпідэміялогіі. А прафесійны шлях яна пачынала з выклікаў сярод ночы, аказання першай медыцынскай дапамогі, лячэння хвароб – 35 гадоў жанчына адпрацавала ў сельскай лячэбна-амбулаторнай сетцы.

«Любая работа будзе па душы, калі яна табе цікавая» 

– так лічыць Яніна Міхайлаўна, і з ёй цяжка не пагадзіцца. Кіруючыся цікаў­насцю, якую з дзяцінства выклікала медыцына, і інтуіцыяй, што штурхала наперад, яна пасля заканчэння Гальшанскай васьмігодкі паступіла ў Астравецкае медыцынскае вучылішча. 

– І зараз перад вачыма стаіць аднапавярховы драўляны будынак, на месцы якога цяпер знаходзіцца кінаканцэртная зала, –  успамінае жанчына. – У вучы­лішчы рыхтавалі медсясцёр, а ў год майго паступлення ўпершыню набіралі групу фельдшараў – пайшла туды. Конкурс быў высокі, але я трапіла ў першую «дзясятку» выдатнікаў, якіх бралі без іспытаў. Група ў нас была вельмі моцнай. Мне падабалася атрымліваць новыя веды. Праз 2 гады вучобы з Астраўца «пераехала» ў Юрацішкі – і дыпломы спецыялістаў нам уручалі ўжо там. Паколькі я ўваходзіла ў лік лепшых навучэнцаў, то на размеркаванні магла выбіраць першае месца працы – папрасілася на родную Ашмяншчыну. Фельчарска-акушэрскі пункт у Гродзях стаў пачаткам самастойнага жыцця. 



Загадчык ФАПа – гучыць, канешне, ганарова, але, убачыўшы, чым ёй давя­дзецца «загадваць», малады спецыяліст разгубілася, а пасля пачало падступаць расчараванне. Старэнькі будынак, у якім стаялі драўляны стол, крэсла, кушэтка, шафа для медыкаментаў, ляжаў адзін журнал амбулаторнага прыёму хворых і выклікаў на дом – вось і ўся «гаспадарка».     

– Да гэтага на ФАПе 4 гады не было работніка, таму стан будынка можна было патлумачыць, – працягвае Яніна Міхайлаўна. – Аднак мне, маладой ды нявопытнай, ад гэтага лягчэй не стала: з чаго пачынаць, дзе якую дакументацыю шукаць? Давялося ўзяцца за справу «з нуля». Днём наводзіла парадкі на ФАПе, а па вечарах разам з сынам санітаркі, у якой кватаравала, хадзілі па хатах і знаёміліся з людзьмі. Памятаю, ён з гумарам мяне прадстаўляў: «Гэта наша новая дахторка». Затое хутка я ведала ўсё пра сваіх  падапечных: у каго малыя дзеці, дзе жывуць пажылыя ці людзі з цяжкімі захворваннямі. Работа паступова наладзілася – была цікавай і складанай адначасова. Мяркуйце самі: 13 населеных пунктаў, сярод якіх былі і аддаленыя хутары, а чалавек жа не выбірае, калі яму хварэць. Бывала, і тройчы на ноч на выклікі выязджала. Гэта цяпер амаль у кожнага машына. А які транспарт быў у 70-я, тым больш у сельскай мясцовасці? Сям’я хворага часцей за ўсё прысылала па фельчара каня з возам: летам – на колах, зімой – на санях. Укрыюць кажухамі, каб не змерзла, і едзем. Бывае, толькі вернешся з аднаго выкліку, як наступная «карэта» пад'язджае. У той час фельчар быў не доктарам, а сапраўдным прафесарам. (Усміхаецца.) Гэта не мае словы, а людзі так казалі.
 
Стараннасць маладога фельчара не засталася незаўважанай: праз 3 гады яе ФАП прызналі лепшым у раёне. Затым былі іншыя ўзнагароды, але галоўнымі дасягненнямі жанчына лічыць пераможаныя хваробы і ўсмешкі здаровых падапечных.

«Гэта немагчыма забыць» 

Трынаццаць гадоў Яніна Кудраўцава адпрацавала загадчыкам ФАПа ў Гродзях, 22 – фель­чарам Варнянскай амбулаторыі. 

За гэты час давялося сутыкнуцца з самымі рознымі сітуацыямі. 

– Цікавых выпадкаў было вельмі шмат, – адзначае суразмоўца. – Сярод іх нямала вясёлых, але ў памяць чамусьці западаюць сумныя. На маім участку жыло некалькі інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны. Адзін, Аляхновіч, быў паралізаваны: куля пашкодзіла пазваночнік – і з 1944 года ён быў ляжачым. Кожны раз, як была ў той вёсцы, старалася зайсці да яго. Ён са мной пагамоніць, а пасля пачынае прасіць: «Дакторачка, мне так цяжка. Не магу больш трываць. Злітуйся нада мной, дай якую-небудзь таблетку, каб раз – і ўсё!» Асабліва складана даводзілася вясной, калі навокал усё ажывала і распус­калася, – яму вельмі на свежае паветра хацелася, а інваліднай каляскі не было. У такія моманты, як магла, супакойвала і ўгаворвала. Але вось што адметнае: калі Аляхновічу стала зусім дрэнна і ён зразумеў, што сапраўды згасае, як жа прасіўся, каб я вылечыла яго. Бачыць гэта было невыносна.

Ці яшчэ адзін выпадак. Прывезлі мне на бензавозе да ФАПа загадчыка збожжасклада без прытомнасці – раптам стала дрэнна на рабоце. Я яго добра ведала: жонка памерла, адзін гадаваў дачку і сына. Дзяўчына на той час ужо студэнткай была, а малодшы хадзіў у 5 клас. І вось падбягае да мяне гэты хлопчык і просіць са слязьмі: «Цёця Міхайлаўна, дапамажыце! Мой тата памірае! Ратуйце яго!» А я гляджу на мужчыну і разумею, што ўжо позна. Канешне, рабіла ўсё, што толькі магчыма: штучнае дыханне, непрамы масаж сэрца, нават упершыню калола адрэналін прама ў сэрца – на жаль, нічога не дапамагло. Калі прыехала «хуткая», урачам заставалася толькі канстатаваць яго смерць. Да гэтага часу памятаю таго хлопчыка, які стаяў на каленях перад памерлым бацькам, чую яго словы: «Што мне рабіць? Мой тата пайшоў ад мяне – я застаўся зусім адзін», адчуваю боль і адчай ад свайго бяссілля. За столькі гадоў так і не прывыкла да такіх момантаў.

«Хацела папрацаваць годзік-два, засталася на 15» 

Яніна Міхайлаўна прызнаецца, што ў Варнянскай амбулаторыі, у якую яна ўладкавалася ў 1985 годзе, працаваць было лягчэй, чым на ФАПе. 

Работы было не менш, як і абслу­гоўваемых населеных пунктаў, але тут быў большы калектыў і ў адказныя моманты можна было параіцца і звярнуцца за дапамогай да калег. Да таго ж за плячыма багаты вопыт, дзякуючы якому многія сітуацыі вырашаліся хутчэй. 

– Калектыў у нас быў зладжаны – мне падабалася быць у камандзе, – адзначае жанчына. – У Варнянах я дапрацавала да пенсіі і рашылася сказаць «стоп» лячэбнай рабоце. Праўда, без справы сядзець не змагла: у райЦГЭ была вакансія – дай, думаю, папрацую годзік-два. А ў выніку ўжо 15 будзе. (Усміхаецца.) Работа эпі­дэміёлагаў неабходная: перш я лячыла людзей, а цяпер раблю ўсё магчымае, каб яны не захварэлі. Любую бяду лепш папярэдзіць, вось чаму вялікае значэнне надаецца прафілактыцы. Я адказваю за інфекцыйныя захворванні, якія перадаюцца паветрана-кропельным шляхам. Аддзел у нас дружны, дапамагаем адзін аднаму – па жыцці мне шанцуе на добрых людзей. І хоць цяперашняя работа адрозніваецца ад папярэдняй, яна падабаецца не менш. Мне заўсёды было цікава асвойваць новыя накірункі.  

«Шчасце – у працы і людзях, што побач»

Падарожжы, плаванне, вязанне, кулі­нарыя, хатнія кветкі – кола заха­плен­няў Яніны Міхайлаўны  шырокае. 

– Рух дапамагае быць у тонусе, – з усмешкай тлумачыць жанчына. – Але часам люблю і пасіўны адпачынак ля тэлевізара: фільм цікавы паглядзець, перадачу, навіны абавязкова, каб быць у курсе спраў. А яшчэ ў мяне шмат сяброў і родных, з якімі часта сустракаюся. Падчас стасункаў з імі я быццам аднаўляюся і назапашваю станоўчыя эмоцыі. Ра­зуменне шчасця ў кожнага сваё – маё заключаецца ў людзях, якія побач. А яшчэ – у працы. Калі твая дзейнасць прыносіць вынік і карысць. Напэўна, я працаголік. (Усміхаецца.) 

І 50 гадоў агульнага стажу Яніны Куд­раў­цавай найлепшае таму пацвяр­джэнне.
Подписывайтесь на «Островецкую правду» в телеграм по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

И присоединяйтесь к нашему сообществу в viber  https://vk.cc/c3yHGs – будьте всегда в курсе свежих новостей из жизни Островца и Островецкого района.

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Северный вектор Гродненщины» по короткой ссылке https://t.me/severvg.

Самые интересные новости Островецкого, Ошмянского и Сморгонского районов.


Текст: Марина Мацкевич
Фото: Марина Мацкевич
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений