Пра службу ў праваахоўных органах расказалі Аляксандр Лукша і Дзмітрый Блашкевіч

10:48 / 04.03.2022
838
Больш за дваццаць гадоў яны годна нясуць службу ў раённым аддзеле ўнутраных спраў. За гэты час давяло­ся пабываць у разнастайных сітуацыях, пазнаёміцца з роз­нымі людзьмі, сутыкнуцца з непаразуменнем і спагадай, нянавісцю і радасцю, адчаем і ўдзячнасцю. Але яны не здра­дзілі абранаму шляху і засталіся вернымі свайму абавязку – дапамагаць людзям і ахоўваць спакой і парадак.  

Сёння, у сваё прафесійнае свята, пра будні праваахоўнікаў, расказалі ветэран міліцыі Аляксандр Лукша і старшы ўчастковы інспектар міліцыі Дзмітрый Блашкевіч.

– Калі і чаму вырашылі стаць міліцыянерам?

Аляксандр Лукша: 

– Загад аб залічэнні ў штат быў падпісаны 27 сакавіка 1995 года, а 25 жніўня 2021 года я звольніўся – амаль 26 з паловай гадоў працоўнага стажу. Праўда, ні ў дзяцінстве, ні ў юнацтве нават уявіць не мог, што буду міліцыянерам. (Усміхаецца). Бацькі працавалі ў сельскай гаспадарцы, і я вырашыў паспрабаваць сябе ў гэтай галіне – паступіў у Гродзенскі аграрны інстытут. Але, на шчасце, хутка зразумеў, што гэта было памылкай, і пайшоў у армію. Чым хутчэй набліжаўся дэмбель, тым часцей задумваўся, чым буду займацца, калі вярнуся дадому. У той час, а гэта ішоў 1994 год, у Астраўцы для моладзі выбар быў небагаты: пагранічнікі, мытнікі, выратавальнікі і міліцыянеры. У мяне былі ваганні паміж дзвюма апошнімі прафесіямі. Вырашыў спачатку звярнуцца ў райаддзел унутраных спраў – і ў МНС ужо ісці не спатрэбілася. Пасля праходжання медыцынскага агляду і здачы нарматываў, я быў залічаны ў міліцыянеры. 



Дзмітрый Блашкевіч: 

– Людзі ў пагонах заўсёды выклікалі ў мяне захапленне і павагу. Мужныя, спартыўныя, падцягнутыя – у дзяцінстве я атаясамліваў іх амаль што з супергероямі. (Усміхаецца.) А які хлопчык не хоча быць да іх падобным! Праўда, з узростам мае прыярытэты мяняліся, як і жаданне, кім хачу быць. А ў выніку спраўдзіў дзіцячую мару: адслужыў у арміі і ў 2000 годзе прыйшоў уладкоўвацца на службу ў міліцыю. 



– У якіх падраздзяленнях давялося служыць? І дзе было цікавей?

Аляксандр Лукша: 

– Паколькі з 26 гадоў 18 я быў участковым інспектарам па Гервяцкім сельсавеце, адказ на апошнюю частку пытання відавочны. За гэты час на маіх вачах вырасла цэлае пакаленне. Я настолькі «прыкіпеў» да гэтай мясцовасці, яе жыхароў, што гервяцкі край даўно стаў для мяне самым лепшым. Хоць спачатку, не буду крывіць душой, было складана – тут жывуць людзі розных нацыянальнасцей са сваім характарам, традыцыямі і светаўспрыманнем. Але паступова мы перазнаёміліся, прыцерліся адзін да аднаго – і з большасцю ў мяне ўста­ля­валіся сяброўскія адносіны. Перш чым стаў участковым інспектарам, «перабраў» амаль усе сяржанцкія пасады: пачынаў у патрульна-паставой службе, пасля быў канваірам ізалятара часовага ўтрымання, памочнікам дзяжурнага аператыўна-дзяжурнай службы, працаваў у групе тылавога забеспячэння, інспектарам дарожна-патрульнай службы ДАІ і толькі пасля быў прызначаны малодшым участковым інспектарам па Варнянскім сельсавеце. Галоўным там быў Сяргей Міхалевіч, за якім мяне замацавалі, – ён увёў у курс спраў, дапамагаў першы час, пакуль сам не асвоіўся. Наш калега Сяргей Шагун з Гервяцкага сельсавета атрымліваў вышэйшую адукацыю, і на час сесіі за яго ўчасткам прыглядаў я. Пасля ён перайшоў у крымінальны вышук, а я  быў часова прызначаны ўчастковым інспектарам на яго месца. Недарэмна кажуць, што няма нічога больш пастаяннага, чым часовае. (Усміхаецца.) Пры першай магчымасці пераехаў з сям’ёй у Гервяты, бо лічу, участковы павінен жыць на сваім участку, тут даслужыўся да старшага ўчастковага і з гэтай пасады пайшоў на адпачынак. За 18 гадоў ні разу не пашкадаваў, што ўсё склалася менавіта так.

Дзмітрый Блашкевіч: 

– Спачатку 10 гадоў адслужыў у аддзеле Дэпартамента аховы – пачынаў у астравецкім, а пасля нас аб’ядналі з ашмянскім. За гэты час атрымаў юрыдычную адукацыю, і з 2010 года мяне перавялі ў дарожна-паставую службу ДАІ, дзе праслужыў да 2018-га. Трэці год з’яўляюся ўчастковым інспектарам па Рытанскім сельсавеце. У кожнай службе свае абавязкі і прынцыпы работы, таму нельга сказаць, што дзесьці было цікавей ці лепш – усюды атрымліваеш новыя веды і карысны вопыт.  

– Выпадак з практыкі, які асабліва запаў у душу.

Аляксандр Лукша: 

– Чаго толькі ні здаралася: забойствы, сямейныя разборкі з цяжкімі фізічнымі і псіхалагічнымі траўмамі, шыбенікі, якіх доўга не маглі знайсці; дзеці, якіх забіралі ў прытулак, – расказваць можна бясконца. Але з часам да ўсяго прывыкаеш, бо гэта становіцца неад’емнай часткай работы. Толькі вось першыя ўражанні – яны, напэўна, самыя незабыўныя. Таму раскажу пра злачынства, якое здарылася, як толькі перайшоў на гервяцкі ўчастак.  8 Сакавіка мужчына забіў сваю сужыцельку. Дакладней, ён настолькі моцна збіў яе, што яна памерла ад болевага шоку, седзячы на канапе. У гэтым становішчы мы яе і знайшлі. А мне яшчэ давялося пабываць на ўскрыцці. Вядома, малады яшчэ быў, уражлівы – той выпадак урэзаўся ў памяць. 

Дзмітрый Блашкевіч: 

– У міліцыянераў кожны дзень насычаны падзеямі – на жаль, часцей не зусім прыемнымі. Напрыклад, быў выпадак, калі на маіх вачах чалавека збілі на дарозе. Я тады працаваў у ДАІ, мы з напарнікам дзяжурылі ў Рымдзюнах. Бачым: едзе аўтамабіль на павышанай хуткасці, патрабуем спыніцца – вадзіцель ігнаруе і яшчэ больш цісне на газ. А наперадзе людзі па правай абочыне ішлі. Імгненне – і аўтамабіль збівае жанчыну, якая, бы лялька, ляціць убок. Аказалася,  насмерць. Вадзіцеля мы дагналі, ён настолькі п’яны быў, што нікога і нічога на дарозе не бачыў.  

– Што можаце параіць маладым калегам?

Аляксандр Лукша: 

– Цярпення і нераўнадушша да сваёй справы. Маладым участковым – больш стасункаў з насельніцтвам, бо чым больш вы будзеце размаўляць з людзьмі, тым больш будзеце ведаць аб сваім участку. Для гэтага трэба знаёміцца з жыхарамі, знаходзіць да іх падыход, заваёўваць давер. Словам, прыехалі на ўчастак – і тупаць, тупаць, тупаць па ім. Канешне, давядзецца мець справу з рознымі людзьмі, якія мо­гуць ігнараваць, не слухаць, нават пагражаць – і з такімі трэба вучыцца дамаўляцца. Колькі разоў мне казалі не заходзіць у хату, бо галаву знясуць; колькі разоў даводзілася размаўляць з агрэсіўна настроенымі і фізічна больш развітымі людзьмі, але нічога – і галава на месцы і з суразмоўцай разыходзіліся задаволеныя. Участковыя – свое­асаблівыя псіхолагі. І іх першапачатковая задача – не асудзіць, а дапамагчы чалавеку, калі магчыма, даць шанс на выпраўленне. Не ўсе ім скарыстаюцца, але паспрабаваць варта. І яшчэ хочацца пажадаць моладзі больш ініцыятыўнасці. Памятаю, мы з калегамі ў свой час працавалі не толькі па матэрыялах, якія ўжо паступілі, нам было цікава самім шукаць, знаходзіць і раскрываць злачынствы і правапарушэнні. Для гэтага збіраліся па 2-3 чалавекі – і па чарзе ездзілі па ўчастках, назіралі, дзе што робіцца. Ды і паняцця «выхадны дзень» тады не было – да мяне сярод ночы неаднойчы людзі стукаліся і прасілі дапамагчы, бо дома звар’яцелы ад гарэлкі муж-брат-сват з нажом лятае. Дарэчы, паўгода, як я звольніўся, але і зараз аднавяскоўцы тэлефануюць, каб спытаць парады ці проста са святам павіншаваць. І гэта вельмі прыемна.

Дзмітрый Блашкевіч: 

– Працаваць, каб не было сорамна ні сабе, ні людзям. Памятаць, што кожны чалавек, які аступіўся, мае права на дапамогу, – і пастарацца скіраваць яго на правільны шлях. Участковым інспек­тарам – знаёміцца з людзь­мі і ведаць, што робіцца на даверанай тэрыторыі. Па сабе ведаю: калі наладзіць работу і сувязь з насельніцтвам, пасля працаваць лягчэй. І не забываць, што кожны чалавек патрабуе да сябе ўвагі і асаблівага падыходу.

– Як адпачываеце і чым захапляецеся? 

Аляксандр Лукша: 

– Паляванне і рыбалка – для мяне захапленне і адпачынак адначасова. Праўда, звера высочваць падабаецца ў калектыве – цікавей і адрэналіну больш, а вось рыбачыць, як летам, так і зімой, люблю адзін. 

Дзмітрый Блашкевіч: 

– Галоўны адпачынак – гэта час, праведзены з сям’ёй. Дарэчы, жонка кажа, што ў параўнанні са службай у ДАІ, цяпер часцей бачыць мяне дома. (Усміхаецца.) 

– Пажаданні калегам з нагоды свята.

Аляксандр Лукша: 

– Цярпення, дабрабыту, здароўя і павышэння не толькі ў кар’ерным росце, але і зарплаты. Таксама, карыстаючыся выпадкам, віншую ўсіх жанчын з надыходзячым 8 Сакавіка. Міру, спакою і стабільнасці.   

Дзмітрый Блашкевіч: 

– Моцнага здароўя, гармоніі ў сем’ях, менш дрэнных навін на службе і дома, міру і спакою. 

Подписывайтесь на «Островецкую правду» в телеграм по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

И присоединяйтесь к нашему сообществу в viber  https://vk.cc/c3yHGs – будьте всегда в курсе свежих новостей из жизни Островца и Островецкого района.

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Северный вектор Гродненщины» по короткой ссылке https://t.me/severvg.

Самые интересные новости Островецкого, Ошмянского и Сморгонского районов.



Текст: Марина Мацкевич
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений