Пра службу і захапленні расказаў лепшы малады ўчастковы інспектар Дзмітрый Ліпскі

09:12 / 16.11.2021
Нягледзячы на малады ўзрост і невялікі стаж работы ў права­ахоўных органах, Дзмітрый Ліпскі ўжо двойчы стаў лепшым:  па выніках работы за мінулы год ён быў прызнаны лепшым маладым участковым інспектарам Астравецкага РАУС і лепшым маладым супрацоўнікам міліцыі Гродзенскай вобласці.

Напярэдадні Дня ўчастковых інспектараў, які адзначаецца 17 лістапада, Дзмітрый расказаў пра сваю службу і захапленні.

1.jpg

– Як лічыце, чым заслужылі такую адзнаку?

– Шчыра кажучы, не ведаю, што і адказаць. (Усміхаецца.) Я выконваю свае абавязкі і даручэнні, якія мне даюць, – вось і ўсё. З раніцы прыходжу на работу і планую свой дзень: вызначаю галоўную і другарадныя задачы – стараюся ўсё гэта зрабіць. Калі не хапае часу, затрымліваюся пасля працоўнага дня, хаця ў участковага інспектара яго наўрад ці можна назваць нарміраваным. Для мяне важна справіцца з намечанымі на дзень планамі, не люблю, калі застаюцца «хвасты», таму стараюся не адкладваць на заўтра тое, што можна і трэба зрабіць сёння. Словам, да працы стаўлюся вельмі адказна. Магчыма, таму і вызначылі сярод маладых супрацоўнікаў.

– Як даўно служыце ў міліцыі?

– З кастрычніка 2019 года. Да гэтага працаваў у Гродзенскай рэгіянальнай мытні інспектарам на пастах «Гудагай» і «Катлоўка». Тады ж прайшоў і армію. Служыў у рэзерве, але ў барысаўскіх Пячах – загартоўка там была добрая. А праз нейкі час прыйшло разуменне, што хачу змяніць працу. Пра міліцыю задумваўся даўно – прайшоў медыцынскія агляды і вучобу, крыху «пахадзіў» у стажорах, а пасля мяне прызначылі ўчастковым інспектарам па Астраўцы.

– Пра ўчастковага інспектара міліцыі кажуць, што ён, бы ўніверсальны салдат: павінен ведаць і умець усё. Гэта вас не спалохала? 

– Дзейнасць участковага лёгкай дакладна не назавеш. (Усміхаецца.) Аднак я разумеў, куды іду працаваць, – і не пашкадаваў. У міліцыі мне падабаецца больш, чым у мытні. А цяжкасці бываюць усюды. Спачатку дапамагаў участковы інспектар Арцём Глазко – ён быў замацаваны за мной настаўнікам. Я стараўся хутчэй унікнуць у сутнасць работы, калі штосьці не атрымлівалася, па некалькі разоў разбіраўся да дробязей, але дабіваўся мэты. Неўзабаве за мной замацавалі ўчастак: гэта пераважна прыватны сектар горада – вуліцы Прамысловая, Фізкультурная, Маркава, Слабодка, Бараноўка і іншыя аж да Набярэжнай. Першае, што зрабіў, – пачаў знаёміцца з людзьмі, цяпер ведаю ўсіх жыхароў участка. 

– З якімі праблемамі яны да вас звяртаюцца?

– З рознымі: адзін ужывае спіртное і не можа спыніцца, другі ў дадатак да гэтага пачынае скандаліць, трэці не п’е, але распускае рукі. Людзі просяць паўплываць, абараніць. Кожнага выслухоўваю і пачынаю разбірацца, у чым справа. Проста так чалавек да ўчастковага не звяртаецца, значыць, у яго бяда, а мой абавязак – дапамагчы. Галоўнае – знайсці падыход да чалавека: і да таго, хто заяву напісаў, і да таго, каго абвінавачваюць. Стараюся ва ўсіх сітуацыях рэагаваць спакойна і разважліва.

– Кім марылі стаць у дзяцінстве?

– Ды кім толькі ні хацеў: дзень – вадзіцелем, другі – ваенным, трэці – інжынерам. Што буду паступаць на гістарычны факультэт вырашыў у 9 класе – мне вельмі падабаўся гэты прадмет, які ў нас цудоўна выкладаў Ігар Аляксандравіч Прусакоў. Праўда, падчас вучобы ва ўніверсітэце зразумеў, што не ўяўляю сябе настаўнікам. Па прафесіі ніколі не працаваў – у школе праходзіў толькі практыку. Аднак захапленне гісторыяй засталося. Эпохі, падзеі, людзі мінулага – гэта вельмі цікава. 

– І куды адправіліся б, калі існавала бы машына часу?

– У Расійскую імперыю эпохі кіравання Аляксандра ІІ, ІІІ, Мікалая ІІ. Дарэвалюцыйны час, яго традыцыі – самы цікавы для мяне перыяд.

– Чым яшчэ захапляецеся?

– Люблю чытаць, але з-за шчыльнага рабочага графіка на кнігі амаль не застаецца часу. Падабаецца дакументальная проза, мемуары цікавых асоб, гістарычныя творы кшталту раманаў Валянціна Пікуля. З класічнай літаратуры аддаю перавагу Фёдару Дастаеўскаму – яго творы прасякнуты атмасферай дарэвалюцыйнага часу, да якога я нераўнадушны. А яшчэ мне падабаецца проста шпацыраваць па вуліцы. Работа ўчастковага інспектара жывая, актыўная, энергічная. Я настолькі да гэтага прывык, што нават у выхадны дзень не магу доўга ўседзець дома – трэба некуды ісці і нешта рабіць. 

Подписывайтесь на «Островецкую правду» в телеграм по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

И присоединяйтесь к нашему сообществу в viber https://vk.cc/c3yHGs – будьте всегда в курсе свежих новостей из жизни Островца и Островецкого района.

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.

Текст:
Фото: Марина Мацкевич